90-годдзе сустрэла ў людской павазе

90-годдзе сустрэла ў людской павазе

IMG_6474

Любы ўзрост чалавека па-свойму прывабны, цікавы. “Восеньскі” тым болей. З гадамі да чалавека прыходзіць мудрасць, і ён пачынае разумець сэнс свайго зямнога прызначэння. Добра сказаў пра людзей менавіта гэтага ўзросту паэт Сяргей Грахоўскі:

Чалавеку патрэбна не слава,
А людская ўвага і ласка.
І сардэчнае цёплае слова,
І вясёлая добрая казка.

А калі ў чалавека 90-гадовы юбілей, як у гераіні маёй нататкі Аляксандры Захараўны Булыгінай, тым болей яго жыццё было напоўнена шматлікімі выпрабаваннямі. Побач крочылі радасць і гора, узлёты і падзенні, але Аляксандра Захараўна не страціла аптымізму, дабрыні, спагады, яе памятаюць калегі, сябры і знаёмыя па грамадскай працы, звычайныя жабінкаўцы, якім хоць аднойчы давялося сустрэцца з гэтай жанчынай. Пацвярджэнне таму сямейна-сяброўская ўрачыстасць, што адбылася 25 кастрычніка і якую арганізавалі для бабулі Аляксандры ўнучкі Аксана і Наташа, яе самая блізкая радня. Павіншаваць доўгажыхарку прыйшлі былыя калегі, равесніцы, блізкія людзі. На наступны дзень віншаванні і падарункі Аляксандра Захараўна атрымала ад загадчыцы аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ТЦСАН Алены Міхайлаўны Бойка і старшыні раённай арганізацыі інвалідаў Анжэлы Міхайлаўны Шыкунец (на здымку).
40 гадоў свайго жыцця юбілярка аддала працы ў раённым камбінаце бытавога абслугоўвання. Яна была сярод тых, хто стаяў ля вытокаў развіцця “бытоўкі” на Жабінкаўшчыне. Пачала сваю працоўную дзейнасць яшчэ ў арцелі імя Чкалава. У калектыве бытавікоў яе звалі любоўна “фінансавы дырэктар”. У 1980 годзе выйшла на заслужаны адпачынак.
У тыя далёкія гады ў камбінат бытавога абслугоўвання людзі звярталіся часта. І, дарэчы, усё ўмелі зрабіць майстры, што тут працавалі. Трывалыя веды і значныя высілкі неабходныя былі спецыялістам, таму Аляксандра Захараўна ўдасканальвае сваё прафесійнае майстэрства і заканчвае завочна Усесаюзны Маскоўскі прамыслова-кааператыўны тэхнікум. А колькі ўсялякіх грамадскіх абавязкаў выконвала яна! З усімі спраўлялася, таму што была працавітая, напорыстая, моцная духам. Гэтыя рысы характару выхоўваліся з дзяцінства, загартаваліся ў вайну. Сярод памятных рэліквій жанчыны (працоўнай кніжкі, шматлікіх пасведчанняў і даведак, дыпломаў) ёсць адказы з архіваў і дакумент, які сведчыць, што яна вязень.
У жніўні 1943 года дзяўчына, якой не было нават сямнаццаці, разам з шасцю такімі ж вяскоўцамі са Смаленшчыны трапіла на прымусовыя работы ў Германію, цяжкія выпрабаванні перажыла годна.
Як толькі немцы вывесілі белыя сцягі, дзяўчына вярнулася на радзіму. Але сустрэча з родным краем была нярадаснай. Вёску, дзе да вайны жылі Булыгіны, фашысты спалілі, потым яе нават не стала на карце раёна. Давялося пасяліцца ў пакінутым ад вайны бараку. У ім было холадна і голадна, людзі хварэлі.
На фронце прапаў без вестак бацька. Пасля вайны дачка ўсё зрабіла, каб знайсці хоць якія звесткі пра яго. Пісала ў многія архівы. І 22 мая 1995 года прыйшоў адказ з ваеннага камісарыята Смаленшчыны: “Ваш бацька Булыгін Захар Васільевіч, 1882 года нараджэння, нараджэнец вёскі Клюксава, загінуў у палоне 27.11.1941 года… Ваш бацька занесены ў Кнігу памяці Раслаўскага раёна”.
Нягледзячы на шаноўны ўзрост, жыве яна адна, але ўнукі і праўнукі, калегі пра яе не забываюць. Сама Аляксандра Захараўна даражыць іх памяццю і ўвагай.
Людміла ВОЛЬЧЫК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top