Выбар на карысць бокса

Выбар на карысць бокса

IMG_2447

Сярод узнагарод шаснаццацігадовага баксёра Уладзіслава Радчыка з Жабінкі ёсць залаты медаль, заваяваны ў Германіі.

“Бокс не мардабой. Гэта незвычайны спектакль, дзе галоўнымі героямі становяцца мужнасць, трываласць і сіла”, — дзеліцца Уладзіслаў Радчык. Ужо шосты год ён захапляецца гэтым відам спорту і папаўняе раз-пораз сваю скарбонку дасягненняў. Юнак найбольш ганарыцца перамогай на рэспубліканскім рынгу і “золатам” з Германіі, заваяваным на ІХ Балтыйскіх юнацкіх гульнях.

Любоў да бокса хлопцу перадаў ягоны дзязька Юрый, які сам падлеткам прыйшоў у спорт для сапраўдных мужчын. Уладзіслаў пачаў займацца ў СДЮШАР Жабінкаўскага раёна з трэнерам Васілём Васільевічам Барболіным. Ён дапамог раскрыцца таленту юнака, і хутка Уладзіслаў пачаў удзельнічаць у спаборніцтвах. Поспех і вялікую веру ў свае здольнасці юнаму баксёру прынёс VII юнацкі турнір у Брэсце. У вагавай катэгорыі да 52 кг Уладзіслаў стаў лепшым і атрымаў кубак пераможцы.

Сёлетні год выдаўся для яго вельмі шчодрым на ўзнагароды. Перамогі ў баях з кабрынчанамі Артурам Антанянам і Арно Герштэйнам дазволілі заняць другое месца сярод баксёраў Берасцейшчыны. У Гродна юнак адправіўся паспрабаваць сілы на рэспубліканскім рынгу. Ва ўсіх трох паядынках аказаўся мацнейшым за сапернікаў. За высокія заслугі хлопца ўключылі ў склад каманды Беларусі для ўдзелу ў ІХ Балтыйскіх юнацкіх гульнях. Прадстаўнікі дзесяці краін Еўропы прыбылі на спаборніцтвы ў нямецкі горад Брандэнбург. Беларуская каманда налічвала восем юных спартсменаў. Уладзіслаў перамог на рынгу літоўца, заваяваў першае месца і прынёс залаты медаль беларускай камандзе.

Юнак шмат трэніруецца: двухгадзінныя заняткі праводзяцца кожны дзень, акрамя суботы. Складнікамі поспеху Уладзіслава з’яўляюцца таксама вера трэнера ў ягоную перамогу і падтрымка сям’і. Зараз ён займаецца пад кіраўніцтвам Юрыя Мікалаевіча Аўчыннікава. “Трымае кулачкі” за юнага спартсмена нават чатырохгадовая сястрычка Надзейка. А ягоны брат Мікалай таксама захапіўся боксам.

Уладзіслаў не саромеецца расказваць пра няўдачы на рынгу. “Пасля пройгрышу — такое таксама бывае — мы з трэнерам аналізуем мае дзеянні, працуем над памылкамі. Гэта вопыт, які дапамагае мне ўдасканальвацца”, — прызнаецца юнак. Перамога філіпінца ў баі на вераснёўскіх спаборніцтвах у Пецярбургу дапамагла хлопцу паглядзець на сябе  збоку і пачаць выкладвацца яшчэ больш на кожнай трэніроўцы. 15-17 кастрычніка Уладзіслаў Радчык прыняў удзел у абласных спаборніцтвах па боксе, што праходзілі ў Баранавічах. З трох паядынкаў у двух ён аказаўся пераможцам, а фінальны, на жаль, прайграў. У выніку жабінкаўскі баксёр узняўся на другую прыступку п’едэстала спаборніцтваў.

Уладзіслаў акрамя спартыўных мае кулінарныя здольнасці і музычны талент. Чатыры гады ён навучаўся па класе гітары. Калі часу на абодва заняткі пачало катастрафічна не хапаць, патрэбна было выбраць паміж трэніроўкамі і музычнай школай — хлопец аддаў перавагу спорту. Дасягненні Уладзіслава Радчыка на рынгу сведчаць аб тым, што ён не памыліўся з выбарам.

Дар’я НІКАНЧУК, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.

На здымку: баксёр Уладзіслаў Радчык.

Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top