З нажом на швагра

З нажом на швагра

Untitled-12

Швагер, як вядома, — брат жонкі, а значыць, блізкі родзіч. Колькі разоў, калі выпадала разбіраць справы аб трагедыях у сям’і, пераконваўся, што прычынай стала пляшка саракаградуснай. І часта не адна.
Гэта здарылася прыблізна год назад, калі вяскоўцы займаліся зборам ураджаю. У той дзень Віталь В. з жонкай прыехаў у вёску Залуззе дапамагчы родзічу выбіраць бульбу. Дзень быў пагожы. Сяргей Глушчук паклікаў таксама некалькі аднавяскоўцаў, і з работай управіліся да дванаццаці гадзін.
Трактарам перавезлі накапаныя клубні і пачалі абедаць. Канечне, са спіртным. Перакусілі — і капальшчыкі з Залуззя разышліся па дамах, а яны, родзічы, засталіся.
Як тлумачыў на судзе сам С.Глушчук, ён выпіў каля літра гарэлкі, а таму далейшае памятае ўрыўкамі. Засталося ў памяці, што жонка крычала яму:
— Ты забіў Віталіка!
У Сяргея і раней былі канфлікты са шваграм, асабліва абвастраліся яны, калі даводзілася разам выпіваць.
Калі ён зайшоў у дом, убачыў на ложку Віталя і кроў на сваіх руках, зразумеў, што той мёртвы, і пакінуў хату. П’яны С.Глушчук падышоў да дрэў, што раслі каля двара, лёг і… заснуў. Калі ж прачнуўся ад холаду, вярнуўся ў дом, дзе яго затрымалі неўзабаве супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Людзям спачатку не хацелася верыць у тое, што здарылася трагедыя, і яны перш-наперш звярнуліся ў “хуткую дапамогу”: спадзяваліся, можа, усё-такі ўдасца ўратаваць Віталя В. Аднак медыкі канстатавалі смерць і адразу выклікалі работнікаў міліцыі.
Некалькі месяцаў вялося следства, хаця С.Глушчук не адмаўляў сваёй віны, але неабходна было правесці шэраг экспертыз.
У рэшце рэшт справа трапіла ў суд, які прызнаў Сяргея Глушчука вінаватым у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця другога чалавека (забойстве), і на аснове часткі 1 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь назначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін дзевяць гадоў з адбыццём у выпраўленчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Апроч таго, з С.Глушчука спагнана на карысць жонкі памерлага 80 мільёнаў рублёў грашовай кампенсацыі маральнай шкоды.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top