Вакцынацыя — найбольш эфектыўны метад прафілактыкі

Вакцынацыя — найбольш эфектыўны метад прафілактыкі

vaktsinatsiya

Грып — вострае інфекцыйнае захворванне, якое суправаджаецца высокай ліхаманкай на працягу 3-5 дзён, інтаксікацыяй (болі ў мышцах і галаве), пагаршаецца самаадчуванне. Часта гэтае захворванне ўскладняецца пнеўманіяй, можа выклікаць паражэнне цэнтральнай нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм, органаў слыху і інш.
У раёне цяпер рэгіструюцца выпадкі захворванняў на вострыя рэспіраторныя інфекцыі. У верасні было зафіксавана 230 выпадкаў ВРІ, што на 10,5% ніжэй, чым за аналагічны перыяд летась. Уздым захваральнасці на грып і ВРІ чакаецца ў студзені-лютым 2016 года. Найбольш эфектыўнай мерай прафілактыкі з’яўляецца вакцынацыя супраць грыпу, якая праводзіцца восенню з тым, каб на пачатак эпідсезона ў прышчэпленага чалавека мог выпрацавацца імунітэт. На працягу 2-3 тыдняў пасля вакцынацыі з’яўляецца ахоўны ўзровень антыцелаў супраць вірусаў грыпу, якія забяспечваюць ахову ад захворвання на працягу 6-12 месяцаў. Кампанія імунізацыі ў раёне праводзіцца з верасня і прадоўжыцца да 30 лістапада. На 22 кастрычніка г. г. прышчэплена 4764 чалавекі ці 19,8% ад усяго насельніцтва.
У нашай краіне для імунізацыі насельніцтва выкарыстоўваюцца інактывіраваныя грыпозныя вакцыны, якія не ўтрымліваюць жывы вірус, а толькі найбольш важныя бялкі разбуранага віруса, што выпрацоўваюць паўнацэнны імунітэт. Яны з’яўляюцца на сённяшні дзень самымі бяспечнымі. Рэакцыі, як правіла, адсутнічаюць ці яны нязначныя (пачырваненне скуры, хваравітасць на месцы ўвядзення вакцыны, рэдка павышаецца тэмпература, адчуваецца непрацяглы галаўны боль, які знікае самастойна праз 1-3 дні).
Вакцынацыя супраць грыпу рэкамендуецца не толькі для дзяцей, пажылых і асобаў групы рызыкі, але і для ўсяго насельніцтва — як метад індывідуальнай абароны ад захворвання.
Мінулы эпідэмічны сезон захваральнасці на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі не дасягнуў парогавых значэнняў і не выклікаў эпідэмічны пад’ём у нашым раёне, што тлумачыцца эфектыўнасцю праведзенай вакцынацыі супраць грыпу ў 2014 годзе.
Сёння модна клапаціцца пра ўласнае здароўе. І кожны сучасны чалавек, які валодае інфармацыяй аб магчымасці яго захавання, вольны правільна ім распараджацца. Прышчэпка ж супраць грыпу — адзіна правільны і даступны спосаб папярэдзіць хваробу і яе ўскладненні, захаваць сваё здароўе.
Таццяна МАРКОЎСКАЯ, памочнік урача-эпідэміёлага ДУ “Жабінкаўскі
райЦГЭ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top