Зусім нястрашны доктар

Зусім нястрашны доктар

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA

Наведванне ўрачоў — не вельмі прыемны занятак, хоць і неабходны. Аднак, як вядома, хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць. Адзін са спосабаў дыягнастычнага даследавання ўнутраных органаў — эндаскапія. Ніводзін ультрагук, ніводзін рэнтген не могуць даць такія падрабязныя і беспамылковыя вынікі, як яна. У гэтым упэўнены ўрач-эндаскапіст Жабінкаўскай ЦРБ Андрэй Іванавіч Куноўскі.
— Пульмалогія, уралогія, гінекалогія, гастраэнтэралогія — вось тыя галіны медыцыны, дзе шырока выкарыстоўваюць эндаскапію, — расказвае ён. — Фібрагастрадуадэнаскоп дазваляе выявіць на раннім этапе шмат сур’ёзных захворванняў — напрыклад, язву страўніка, крывацёк, анкалагічныя парушэнні ў ранніх формах і многае-многае іншае. Самыя маленькія язвы, пра існаванне якіх раней можна было і не здагадацца, зараз — як на далоні. З дапамогай прыбора можна “залезці” ў самыя цяжкадаступныя месцы ў страўніку і своечасова выявіць захворванне. А калі яшчэ й на ранніх стадыях, то для ўрача вылечыць яго хворага значна прасцей.
Андрэй Іванавіч — сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Пра тое сведчаць і яго калегі, і ўдзячныя пацыенты. Аднак сам урач у эндаскапію прыйшоў далёка не адразу.
У жыццёвай біяграфіі Андрэя Куноўскага шмат цікавых момантаў. Па пашпарце ён нараджэнец Барысава Мінскай вобласці (па месцы жыхарства бацькі Івана Якаўлевіча), хаця з’явіўся на свет ва Украіне, у Арэхаве Запарожскай вобласці. Бацька сур’ёзна займаўся спортам, і сям’я пастаянна пераязджала з месца на месца. Сваё дзяцінства Андрэй Іванавіч памятае толькі пачынаючы з Брэста і лічыць сябе берасцейцам. Станцыя Брэст-Усходні — гэта месца, дзе прайшлі яго дзіцячыя гады. Вучыўся ў СШ №7 з лінгвістычным ухілам. Калі перайшоў у дзявяты клас, сям’я пераехала на Сахалін, у невялічкі горад Чэхаў. У 1989 годзе перад выпускніком Чэхаўскай дзесяцігодкі Андрэем Куноўскім паўстаў выбар: педагогіка або медыцына. Сам ён больш схіляўся да першага варыянта прафесійнага шляху, але “смуту” ўнёс старэйшы траюрадны брат Вадзім, які так цікава расказваў пра студэнцкія будні ў Благавешчанскім медыцынскім інстытуце, што Андрэй захапіўся, “заразіўся” і нечакана для бацькоў і самога сябе падаў дакументы ў гэтую навучальную ўстанову. Выбраў спецыяльнасць “педыятрыя”.
— Чаму менавіта яе? — разважае Андрэй Куноўскі. — Па-першае, я заўсёды любіў дзяцей, знаходзіў з імі агульную мову. Па-другое, з малымі працаваць прасцей. З дапамогай бацькоў яны выконваюць усе ўрачэбныя рэкамендацыі, дарослыя ж не заўсёды іх прытрымліваюцца.
Заканчваў Андрэй Іванавіч ужо Амурскую дзяржаўную медыцынскую акадэмію, у якую быў перайменаваны інстытут.
Ажаніўся, нарадзіўся сын. Жыццё цякло сваім ходам: праца — дом, дом — праца. Аднак не-не, ды ўзгадвалася ўрачу малая радзіма — прыгранічны горад Брэст, думкі пра яго не давалі спакою. У 2000 годзе Андрэй Іванавіч разам з жонкай Ірынай Аляксандраўнай і сынам Паўлам пераехалі з Далёкага Усходу ў гэты абласны цэнтр. Галава сям’і ўладкаваўся на працу ў чыгуначную бальніцу на станцыі Брэст участковым урачом-педыятрам. Праз некалькі гадоў Андрэю Іванавічу прапанавалі месца ў брэсцкай дзіцячай паліклініцы №1, дзе ён перакваліфікаваўся ва ўрача-эндаскапіста. Дзеля гэтага некалькі разоў на год наведваў курсы, канферэнцыі па эндаскапіі, што праходзілі ў Брэсце і Мінску, неаднаразова ездзіў на кангрэсы па дзіцячай гастраэнтэралогіі ў Маскву.
Аднак адсутнасць уласнага жылля ў абласным цэнтры ў рэшце рэшт прывяла да таго, што ў жніўні 2006 года сям’я Куноўскіх пераехала ў Жабінку. Андрэю Іванавічу і Ірыне Аляксандраўне было вядома, што ў раённых цэнтрах жыллё атрымаць хутчэй і прасцей, чым у абласных.
У Жабінкаўскай ЦРБ хірургіяй і эндаскапіяй на той час займаўся Віктар Мікалаевіч Кунц. Андрэй Іванавіч удзячны яму за дапамогу і падтрымку на першым часе, а таксама галоўнаму ўрачу раённай бальніцы Анатолю Іванавічу Лаўрукевічу, намесніку галоўнага ўрача па медыцынскай часці Ганне Ігнатаўне Бурак і старшай медсястры райбальніцы Наталлі Мікалаеўне Спіцынай.
Сёння ў эндаскапічным кабінеце поруч з Андрэем Іванавічам Куноўскім працуюць яго жонка Ірына Аляксандраўна, медсястра Іна Барысаўна Буйноўская і малодшая медсястра Людміла Аляксееўна Гарастовіч.
— Гэта мае “правыя рукі”, цудоўныя работніцы і памочніцы, — кажа Андрэй Куноўскі. — Людмілу Аляксееўну, напрыклад, складана назваць проста санітаркай, гэта ўніверсальны спецыяліст. Ад работы медсясцёр эндаскапічнага кабінета залежыць санітарная бяспека пацыентаў. Як вядома, немалаважную ролю ў эндаскапічных даследаваннях адыгрывае санітарная апрацоўка інструментаў. Часам бывае прасцей агледзець пацыента, чым апрацаваць пасля агляду эндаскоп. Сустракаюцца хворыя на гепатыт В і С, на ВІЧ/СНІД, таму трэба максімальна адказна дэзынфіцыраваць пасля іх інструменты. А ў сваіх медсёстрах я ўпэўнены.
Не кожны раённы цэнтр можа пахваліцца такімі плошчамі і ўмовамі працы эндаскапічнага кабінета, як у Жабінцы. Тут праводзяцца дыягнастычныя, лячэбныя і экстраныя даследаванні і аперацыі. Летась на сродкі раённага бюджэту быў набыты дыягнастычны апарат — каланаскоп “Алімпус”. Сёння ў райцэнтры ёсць відэаэндаскапія. Урачы самі здзіўляюцца зараз: як раней без яе абыходзіліся?
У арсенале Андрэя Івана-віча Куноўскага эндаскоп, лігатурныя нажніцы, біяпсійныя шчыпцы, электраінструмент. Летась урач правёў 11 аперацый па ўдаленні невялікіх новаўтварэнняў са страўніка, 12-перснай кішкі і стрававода, сёлета восем. Нячаста, але даводзіцца займацца даставаннем іншародных целаў са страўнікава-кішэчнага тракта. У мінулым годзе тры чалавекі падавіліся рыбнымі, курынымі косткамі і нават мясам, давялося іх ратаваць. Сёлета былі два такія выпадкі. Дзякуй Богу, усе жывыя-здаровыя. Летась 26 чалавекам спынілі страўнікава-кішэчныя кровацячэнні, сёлета за паўгода — 13-ці. Гэта дазваляе ў большасці выпадкаў пазбегнуць аперацыі, змяншае затраты на лячэнне і рэабілітацыю пацыента.
— Многія пакутуюць на болі ў страўніку, але баяцца “глытаць зонд”, — кажа Андрэй Іванавіч. — Аднак дзеля свайго ж здароўя рабіць гэта пажадана раз у год. Тым больш гэта не так страшна, як здаецца спачатку. Лепш перажыць доўгія падрыхтоўчыя працэдуры напярэдадні, хваляванне, непрыемныя адчуванні пры глытанні трубкі і пасля, чым потым мучыцца ад лячэння захворвання, якое зацягнулася. 5-10 хвілін непрыемных адчуванняў, і ўсё — вынікі вашага здароўя ўжо ў вас у руках.
Работа эндаскапіста, як і любога ўрача, кругласутачная. У любы момант могуць патэлефанаваць і тэрмінова выклікаць у бальніцу.
— Як кажуць, працуеш на стаўку — есці няма за што, працуеш на дзве — есці няма калі, — жартуе Андрэй Куноўскі.
Па родзе сваёй дзейнасці ён цесна супрацоўнічае з хірургамі, рэаніматолагамі, рэнтгенолагамі, зрэдку выступае як неанатолаг. Каб ісці ў нагу з часам, пастаянна самаўдасканальваецца, шмат чытае. А яшчэ Андрэй Іванавіч з задавальненнем вядзе прыём маленькіх пацыентаў у дзіцячай кансультацыі, таму што любоў да дзяцей мае глыбокую і непадробную. Мо, таму і ва ўласнай сям’і гадуе двух сыноў і дачушку, пра якіх, асабліва пра маленькую Сафійку, шматдзетны тата расказвае з асаблівай пяшчотай.
Магчыма, пасля маёй нататкі ў Андрэя Іванавіча з’явіцца яшчэ больш пацыентаў, таму што нашы чытачы зразумеюць, што гэта зусім нястрашны доктар.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: урач-эндаскапіст Андрэй Іванавіч Куноўскі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top