“Брыльянтаў” шчодры россып

“Брыльянтаў” шчодры россып

IMG_6424

У сямейным жыцці патрэбна лічыцца з думкамі,
перакананнямі, адчуваннямі, імкненнямі каханага
чалавека. Захоўваючы свой гонар, трэба ўмець
уступаць адзін аднаму.

Васіль Сухамлінскі.

Кажуць, шлюбы зама-цоўваюцца на нябёсах. Што ж, пагодзімся — ды і як інакш, калі хата ўвесь час вокнамі на храм глядзіць? І жывуць у ёй у вялікай згодзе надзвычай ветлівыя людзі. Разам Вера Сцяпанаўна і Аляксандр Васільевіч не год, не пяць, а цэлых 60!
Мо за доўгі сумесны век сапраўдных брыльянтаў гэтая прыгожая пара і не прыдбала, ды вось вяселле “брыльянтавае” адсвяткаваць давялося.

Які сакрэт?
Няма сакрэту!

Як у газетах пішуць пра перамовы важных асобаў: “сустрэча прайшла ў адкрытай сяброўскай атмасферы”.
Інакш і быць не магло. Калі трапляеш у дом №5 на завулку Камсамольскі ў Жабінцы, адразу бачыш — жывуць тут працавітыя людзі. Гэтак усё дагледжана, прыбрана, у кожнай рэчы — сваё месца. Адным словам, га-спа-да-ры — як у двары, так і ў хаце. Яшчэ мілей, калі чуеш з іх вуснаў дасціпныя жарты, добрыя словы ў адрас кожнага. Тады й адчуваеш: і ў паважаным узросце каханне ды згода для Веры Сцяпанаўны і Аляксандра Васільевіча Селяховічаў каштоўней за дарагія камяні. Таму і на звычайнае пытанне, у чым “рэцэпт” іх “сямейнага даўгалецця”, адказалі разам:
— Які сакрэт? Няма сакрэту!
А потым усё ж падзяліліся: на першае — павага, другая “страва” — мець цярпенне (пажадана “залатое”), замест “кампоту” — берагчы каханне. Тым больш, калі і перад Богам, і перад людзьмі на ўсё жыццё былі заручаныя.
Паслухаў іх і прыгадаў, як пра такі самы “сакрэт” некалі пытаўся ў маладой пары. Тыя, канечне ж, каханне “ў галаву стала” паставілі. Таксама ў адзін голас. Ды без “першага, другога” жыццё ў пары не задалося. Цяпер яна ў новай жыве, а ён па свеце бадзяецца ў пошуках чарговай “палавінкі”…
Як гаворыцца, ад сям’і і лад, і чад.

Шчасця многа не бывае

Сем’і Селяховічаў і Барысюкоў, скуль паходзяць нашы героі, жылі ў вёсках Брады ды Заверша, што на Пружаншчыне.
У сярэдзіне мінулага стагоддзя ордэнаў за пяць дзяцей не давалі — у сем’ях і паболей мелася. Вера была ў сваіх бацькоў старэйшай. Як час прыйшоў, дапамагала маці Вользе Васільеўне малодшую “цудоўную пяцёрку” гадаваць. У Аляксандра братоў і сясцёр было яшчэ больш — шасцёра.
У жніўні сорак чацвёртага іх бацькі апранулі салдацкую форму. Васіль Максімавіч Селяховіч лічаныя месяцы адваяваў — склаў галаву ў далёкім краі. Сцяпану Рыгоравічу Барысюку пашчасціла: двойчы святкаваў Перамогу — спачатку над фашысцкай Германіяй, а затым і над мілітарысцкай Японіяй, хоць паранены, ды вярнуўся дамоў.
— І мы былі шчаслівыя. Бо не галодныя заставаліся — татавы рукі і ў нішчымніцу кармілі. Без мужчыны ніяк у сям’і нельга, — прамовіла Вера Сцяпанаўна і з пяшчотай зірнула ў бок Аляксандра Васільевіча. Той падхапіў расказ:
— А ў нас шчасця было мала. Не толькі кармільца згубілі, але й без прыстанку засталіся. За вёску нашу тры дні біліся, пакуль немцаў прэч гналі. Палова хат ушчэнт згарэла, у тым ліку бацькава. Давялося мне, падлетку, разам з дзедам Максімам і маці дом адбудоўваць. Навыкі пазней згадзіліся, як вось гэты рабіў. — І ўзняў руку да столі.
Амаль тры гады Аляксандр Васільевіч адслужыў у арміі. Гэтак у маладосці давялося і свет пабачыць. Ад Беларусі да Уральскіх гор і нават у Прыморскім краі пабываў, на самай савецка-карэйскай мяжы. Напрыканцы 1953-га спяшаўся дамоў — на сустрэчу з лёсам.

Раз зірнуў(ла) —
і назаўсёды

Патлумачу падзагаловак. Як у анкеце, калі не ведаеш да каго звяртаешся, пазначаеш: “Паважаны(ая)”. Цяпер (за даўнасцю гадоў) ні бабуля Вера, ні дзед Аляксандр ужо дакладна і не ўспомняць, хто першы кінуў той позірк, ад якога загарэлася каханне. Ён лічыць, што яна, яна — зусім наадварот. Гэта адзінае, што выклікала паміж імі жартаўлівую спрэчку. Ва ўсім астатнім, як нехта разумны казаў: гля-дзяць выключна ў адным накірунку!
Зноў перанясёмся на шэсць дзясяткаў гадоў назад, калі і ў паміне не было “дзеда з бабай”, затое была вёска Дзедаўка, дзе закружыліся ў першым сваім танцы хлопец з дзяўчынаю.
Сустрэліся ў Вялікім Лесе (гэтак паселішча завецца, дзе месцілася гожая царква, на свяце яе закладу і пабачыліся ўпершыню). Там, ля храма, ён падышоў да прыгажуні і запрасіў на танцы, што ладзіліся вечарам у блізкай Дзедаўцы. Прыбыў туды як паважаны кавалер — на ровары. І ніякай іроніі — гэты транспарт быў тады далёка не ў кожнага. Каб “жалезнага каня” купіць, нават на заробкі ў Карэла-Фінскую ССР (была калісь такая, 16-я саюзная рэспубліка) з’ездзіў.
Нядоўга жаніхаўся. Тры разы сустрэліся, а на чацвёрты згадзілася маладзіца пайсці пад вянец.

Самы лепшы дзень

Далей абоім задаў пытанне, на якое атрымаў, як і меркаваў, два розныя адказы. Гучала яно так:
— За 60 гадоў тысячы дзён праляцела, а які з іх быў самы лепшы, самы радасны?
Ён пра-мовіў, як заўжды, з гумарам:
— Калі маладую за сябе ўзяў. Мне ж ужо, не думайце, хутка дзевяноста, а яна і зараз маладзенькая!
Яна адмахнулася ад кампліменту, як ад мухі, і адказала:
— Найлепшы дзень, як сын першы нарадзіўся, а затым другі…
У жніўні 1955 года Аляксандр Васільевіч пасадзіў нявесту на свой “карэла-фінскі” веласіпед і павёз за 15 кіламетраў, у Тэўлі, у сельсавет, дзе і распісаліся. А праз месяц, 18 верасня, хоць і былі часы, калі “ішло з рэлігіяй моцнае змаганне”, трымалі над іхнімі галовамі вянцы ў старажытнай Шарашоўскай царкве.

Будзе радасці ўдосталь!

Сорак пяць гадоў таму Аляксандр Васільевіч пачаў будаваць у Жабінцы, куды неўзабаве сам пераехаў і перавёз сям’ю, вялікі новы дом. Разам з жонкай і сынамі Сашам ды Віцем да смерці даглядаў сваю маці Сцепаніду Мікалаеўну. Пра гэтую жанчыну Вера Сцяпанаўна гаворыць з цеплынёй ды шчырай павагай:
— Пад адным дахам душа ў душу пражылі сорак тры гады. Якая ж яна была працавітая, увішная! Калі нешта і ўмею па гаспадарцы — ад свекрыві навучылася.
Удзячная за жыцейскія навукі і цётачцы Зінаідзе Мікалаеўне. Хто зараз Селяховічаў дом наведае, не абміне зірнуць на вышыванкі гаспадыні, карціны, вырабленыя крыжыкам. А пачалося з таго, што яшчэ дзяўчынаю паназірала за працай цёткі Зіны, падгледзела, як спрытна ходзяць рукі ў майстрыхі, трохі папыталася — і на ўсё жыццё засвоіла.
І ён, і яна сумленна адпрацавалі на зямлі, у саўгасе “Жабінкаўскі”. Цяпер на заслужаным адпачынку, асабліва радуюцца, як завітаюць дзеці са сваімі сем’ямі:
— Мы іх добра гадавалі, а час прыйшоў, і вяселлі ў гэтым доме справілі. Так, сыноў у навуку паслалі, каб мелі абавязкова вышэйшую адукацыю. Цяпер старэйшы Саша (ён у нас старшы прараб) сталіцу забудоўвае, а малодшы Віця ў Брэсце працуе энергетыкам.
Доўгі час у сям’і — не ведаю, як і назваць: мо традыцыя такая?! — усіх старэйшых сыноў называлі Аляксандрамі. Вось і жывуць цяпер у родзе ажно чатыры Аляксандры Селяховічы: дзед, сын і два ўнукі. Толькі ўнукі тую традыцыю парушылі, далі праўнукам “модныя” цяпер імёны: Арсеній і Дамір, Карына і Данііл.
Нібыта падводзячы нябачную рысу пад размовай, Аляксандр Селяховіч-найстарэйшы ўзняў руку і выгукнуў проста:
— Як ні жылі — ды пражылі. Працы хапала, на добрых суседзяў шанцавала. Яшчэ трошкі пажыць хочацца. І каб разам.
Ну дык і пажадаем: хай будзе радасці ім удосталь!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: “брыльянтавыя” юбіляры Вера Сцяпанаўна і Аляксандр Васільевіч Селяховічы.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top