Апошнім часам было нямала званкоў у рэдакцыю, у якіх усхваляваныя жабінкаўцы цікавіліся, калі адбудуцца восеньскія кірмашы. Гэта зразумела: распродажы сельскагаспадарчай прадукцыі становяцца на Жабінкаўшчыне традыцыйнымі. Пад час іх работнікі палёў рэалізуюць вырашчаную прадукцыю, а гараджане робяць зімовыя вітамінныя запасы. Сёлета кірмашы вельмі дарэчы, таму што год выдаўся не самым спрыяльным для вырошчвання гародніны і садавіны.
Раніца 24 кастрычніка. Людзі спяшаюцца да гарадской плошчы, дзе вакол якой размясціліся палаткі, стэлажы, машыны са швейнымі вырабамі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, саджанцамі, дарункамі, вырашчанымі на палях фермерскіх гаспадарак і сельгаспрадпрыемстваў, у рыбгасе “Сакалова”, вырабленымі на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, ААТ “Белавежскі”. Вакол разносіўся водар яблыкаў, груш, мёду, недацвіўшых хрызантэм, шашлычнага дыму. Шашлыкі гатавалі майстрыхі грамадскага харчавання філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая база”. Узняць настрой людзям стараліся ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна.
Тыя, хто хутка змог запасціся ўсім неабходным, прысаджваліся за столікі ля ўвішных гаспадынь, якія стараліся накарміць шашлыкамі, ці спыняліся ля імправізаванай сцэны і слухалі гарэзлівыя спевы і найгрышы.
Пройдземся і пазнаёмімся з тымі, хто гандлюе сёлета гароднінай. Тут, дарэчы, было багата не толькі гандляроў, але й пакупнікоў. Адны куплялі моркву, іншыя буракі, цыбулю. Адусюль чулася гамана: нехта пытаўся пра якасць і смакавыя ўласцівасці прадукцыі, кагосьці цікавілі цэны. Дарэчы, яны не азмрочвалі пакупнікоў, не білі па кішэні. Скажам, другі хлеб каштаваў 3-3,5 тысячы рублёў за адзін кілаграм, столькі ж капуста, 5 тысяч рублёў прасілі вытворцы гародніны за цыбулю.
Мне падалося, што ў мінулыя гады жабінкаўцы часцей куплялі вітамінную прадукцыю мяхамі, чым на сёлетнім кірмашы. Мае здагадкі-назіранні пацвердзіў і фермер з аграгарадка Ленінскі Ігар Папоў, які сказаў: “Найлепш купляюць гараджане бульбу, якая затарана ў мяхі па 20 і 30 кілаграмаў. Некаторыя ў такой расфасоўцы бяруць і капусту, а вось буракі і моркву — па некалькі кілаграмаў.
Вывезлі на продаж другі хлеб фермерская гаспадарка “Ацячызна-Агра”, СВК “Хмелева” і “Арэпічы”, капусту зноў жа “Ацячызна-Агра” і “Карнішон”.
Чарга ўтварылася ля транспартнай цялежкі з яблыкамі і грушамі фермерскай гаспадаркі “Яквіл”. Акрамя садавіны тут прадавалі сок уласнай вытворчасці ў трохлітровых стэйк-пакетах (яблычны, яблычна-малінавы).
Хоць сёлетні год і не шчодры на садавіну, здаецца, яе на кірмашы было ўдосталь, прадавалі і прыватнікі, і фермеры. Мне даспадобы прыйшліся грушы сорту “бэры”, якія купіла коштам 15 тысяч рублёў за кілаграм у фермера Пятра Герасімавіча Кузняца. Ён, дарэчы, вырошчвае бульбу і садавіну, якую пастаянна рэалізуе на кірмашах.
Ды які ж восеньскі кірмаш без мёду! Ля некаторых пчаляроў нават былі чэргі, у прыватнасці, ля віцябчаніна, які прадаваў ліпавы, лясны, акацыевы, грачышны мёд. З мясцовых вытворцаў лекавай салодкай прадукцыі яе прапаноўвалі В.Дзідусь, А.Марковіч, Ч.Янкоўскі.
Асабліва шмат людзей прыпынялася ля гандляроў пладовымі саджанцамі. Усе жадалі атрымаць параду, распытаць пра той ці іншы сорт яблыкаў, груш, вінаграду, вішань, персікаў, розных садовых кустоў. Калі пераконваліся, што падыходзіць, то адразу куплялі. Яблынькі, напрыклад, каштавалі 60 тысяч рублёў, грушкі — 80 тысяч. Многа прадавалася на кірмашы хвойных дэкаратыўных раслін. Усё гэта рэалізоўвалі мясцовыя фермерскія гаспадаркі, утрымальнікі гадавальнікаў з Пружан, Кобрына.
Асобна хацелася б сказаць пра рэалізацыю збожжа. Аўтамашыны з СВК “Рагазнянскі” і “Вазнясенскі”, ААТ “Ракітніца” і “Жабінкаўскі” з зернем размясціліся на стаянцы ля будынка “Белпошты”. Яно не раскуплялася так, як у папярэднія гады. Многія жабінкаўцы запасліся зернем раней, тым болей што яго рэалізоўвалі ўжо ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” і КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”. А нехта звёў падсобную гаспадарку. Некаторыя загружаныя машыны так і вярнуліся ў свае сельгаспрадпрыемствы.
Шмат было на кірмашы розных тавараў лёгкай прамысловасці: паліто, курткі, сукенкі, жаночыя касцюмы. Адзін з прадаўцоў верхняга жаночага адзення расказаў: “Кобрынская фірма Сяргея і Вольгі Атрошанкаў на рынку ўжо 17 гадоў, яе прадукцыю добра ведаюць модніцы ў Полацку, Светлагорску, Бабруйску, Магілёве, Гомелі, Мазыры”. Сапраўды, тавар дастойны ўвагі, тым болей што шыюць яны ад 42 да 74 памеру.
Пінчане прадавалі рамесніцкія вырабы: шкарпэткі, гетры, рукавічкі, пінеткі з воўны, бранзалеты, завушніцы і іншыя ўпрыгажэнні. Знайшліся пакупнікі і ў гэтага тавару.
Мамы, якія прыйшлі на кірмаш з дзеткамі, маглі пакатаць іх на каруселях, устаноўленых на плошчы.
Думаю, што з восеньскага кірмашу жабінкаўцы вярталіся з поўнымі сумкамі і добрым настроем.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Ірыны ЖУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.