Cустракаюць спагадліва і з усмешкай

Cустракаюць спагадліва і з усмешкай

_DSC2403

Урачы, фельчары, медыцынскія сёстры працуюць у цесным кантакце з правізарамі і фармацэўтамі, робяць адзіную справу — клапоцяцца пра наша здароўе, забяспечваючы насельніцтва і медустановы сродкамі аховы, лекамі, санітарна-гігіенічнымі вырабамі і медыцынскага прызначэння.

Кожны, хто звяртаўся ў аптэку №27 г.Жабінка апошнім часам, заўважыў змены. Якія яны? Ці паўплывала гэта на арганізацыю працы работнікаў? Што зменіцца ў абслугоўванні наведвальнікаў? Пра гэта пагутарылі з загадчыкам цэнтральнай раённай аптэкі №27 Вольгай Фёдараўнай Гацкевіч.
— Вольга Фёдараўна, чым абумоўлена абнаўленне ва ўстанове? Як вашы супрацоўнікі і наведвальнікі спраўляюцца з нязручнасцямі?
— Вядома, пэўныя нязручнасці былі для абодвух катэгорый: на некаторы час знізілася інфармаванасць насельніцтва пра навінкі ў фармацэўтычнай прамысловасці, мы пакуль не рыхтуем лекавыя прэпараты па рэцэптах (іх штодзень бывае 5-6), таму людзям даводзіцца ездзіць па іх у Брэст ці Кобрын. Нараканняў ад наведвальнікаў не маем у сувязі з рамонтнымі работамі, якія выкліканы найперш тым, што старая прыбудова стала адыходзіць ад сцяны асноўнага будынка. Таму яшчэ ў 2014 годзе аптэка №27 г.Жабінка Брэсцкім РУП “Фармацыя” была ўключана ў план капітальнага рамонту, падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя, шляхам тэндару выбраны падрадчык. Ім стала таварыства з абмежаванай адказнасцю “Абсалютбудсервіс”, а сантэхнічныя работы праводзіць ІП С.А.Цаль. Усе гэтыя спецыялісты з Кобрына. Да працы яны прыступілі з 15 ліпеня і ўжо выйшлі на фінішную прамую. Працуюць акуратна, рытмічна, якасна, без лішняй мітусні.
Што ўжо зроблена? Замянілі вокны на больш сучасныя еўрапакеты, у гандлёвай зале выраўнялі сцены і паклалі на іх дэкаратыўную тынкоўку, абнавілі сцяжку і пасцялілі таркет, зрабілі навясную столь, дабавілі свяцільняў, так што рэцэптарам стала працаваць зручней. Газавы кацёл быў заменены раней, а вось сантэхніку, трубы, батарэі ацяплення абнавілі цяпер. Думаю, што такое абнаўленне дазволіць эканоміць цяпло, газ, электраэнергію.
Завяршаюцца работы ў памяшканні вырабу лекаў, якое павінна адпавядаць санітарным нормам і правілам і належнай аптэчнай практыцы.
Абсталявалі прыточна-выцяжную вентыляцыю (раней не было), абнавілі падлогу і сцены. Змены адбыліся і ў іншых кабінетах, калідоры.
Цяпер, як адчыняеш дзверы ў аптэку, то трапляеш у новы тамбур-уваход з лёгкіх пластыкавых канструкцый. Вонкавыя сцены аздобілі шубай і пафарбавалі. Словам, фасад стаў прыгажэйшым і больш прыкметным. Замест пандуса для наведвальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі праведзена перагаворнае ўстройства (калясачнік націскае на кнопку і з’яўляецца на экране, мы ўключаемся з ім у размову, абслугоўваем).
Думаю, што з першых дзён лістапада рамонтнікі пакінуць будынак аптэкі, і мы зноў пачнём выконваць свае функцыі ў поўным аб’ёме.
— Цяпер давайце пагаворым пра тых, хто працуе ў аптэцы.
— Спецыялістамі (фармацэўтамі і правізарамі) забяспечваюць нас Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт і Магілёўскі фармацэўтычны каледж. На жаль, большасць маладых адпрацоўваюць абавязковыя два гады і з’язджаюць на радзіму, ці падшукваюць больш прэстыжную работу. Самыя “вопытныя” ў нас Дзіяна Леанідаўна Міронава і Ларыса Рыгораўна Дубіна.
Гады працы ў аптэцы №27 Жабінкі паказалі, значнасць нашай прафесіі і патрэбнасць яе для людзей. А яшчэ ў нас працуюць маладыя спецыялісты Дар’я Віктараўна Казак, Таццяна Віктараўна Кірылюк, Алеся Васільеўна Філюта, Кацярына Сямёнаўна Клімаш і Настасся Аляксандраўна Мацука. Апошняя жабінкаўчанка і спадзяёмся “не збяжыць” як закончыцца яе адпрацоўка. Паболей бы нам землякоў-фармацэўтаў!
Працы ў аптэцы хапае для ўсіх. Вось прыйшла новая партыя лекаў, якія патрэбна прыняць. На вуліцы ўсталявалася дажджлівае надвор’е і пацягнуліся людзі па лекавыя прэпараты. Такія наведвальнікі патрабуюць асаблівай увагі і, безумоўна, цярпення. Усе нашы правізары і фармацэўты цудоўна ведаюць гэта. Таму для кожнага чалавека ў іх знойдзецца прафесійная парада і патрэбны прэпарат.
Цяперашнія спецыялісты маюць выдатную памяць, сканцэнтраваныя, акуратныя і дакладныя ў працы, ветлівыя і спагадлівыя. Яны цудоўна арыентуюцца ў тых леках, што стаяць на паліцах. Гэта пацвярджаюць падзякі супрацоўнікам і калектыву, якія пакідаюць наведвальнікі ў кнізе заўваг і прапаноў. Напрыклад, Н.Рэдзькіна так запісала: “Дзякуй за цудоўнае абслугоўванне, за тлумачэнне па выкарыстанні медпрэпаратаў, за падказкі”. Іншая падзяка ад А.Андраюк: “Зразумела, спакойна тлумачаць нам, пажылым, дый малодшаму пакаленню цікава паслухаць парады наконт тых ці іншых лекаў, даведацца пра іх карысць. Асаблівая падзяка Таццяне Кірылюк”.
— Вольга Фёдараўна, у вас ёсць магчымасць нагадаць жабінкаўцам пра льготы, што прадугледжаны ў аптэчных установах.
— Сапраўды, беларускія лекавыя сродкі прадаюцца з 5-працэнтнай зніжкай. Такая льгота прадугледжана, згодна з пералікам, грамадзянам пенсійнага ўзросту, інвалідам, шматдзетным сем’ям. Большасць насельніцтва пра такое ведае. Ва ўсіх аптэках на інфармацыйных стэндах размешчаны аб’явы. Дарэчы, жабінкаўцы актыўна карыстаюцца льготай. За месяц зніжкі складаюць каля 3 мільёнаў рублёў.
Завяршаючы гаворку, хацела б запрасіць жабінкаўцаў заходзіць па лекі, прадметы асабістай гігіены менавіта да нас. Іх маем у дастатковай колькасці і ад розных хвароб. Шмат вітамінаў для лепшай работы сэрца, суставаў, для паляпшэння зроку.
Нямала прэпаратаў для павышэння супраціўляльнасці арганізма да прастудных захворванняў, для карэкцыі імунітэту.
Заходзьце, у нас вы знойдзеце ўсё неабходнае, адчуеце да сябе спагадлівасць.
— Дзякуй за размову.
Інтэрв’ю правяла Людміла КОСЦІНА.

На здымку: загадчык В.Ф.Гацкевіч (трэцяя злева) з работніцамі, якія працавалі ў дзень прыходу карэспандэнта. 

Фота Святланы КІСЛАЙ.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top