Няхай дарога доўгай стужкай уецца

Няхай дарога доўгай стужкай уецца

IMG_6393

Нарыс

Пра такіх, як Уладзімір Фаміч Літошык, у народзе гавораць: “Другі б аб парогі пабіў усе ногі”, а ён толькі мацней станавіўся ад усялякіх выпрабаванняў.
Калі жыццё — гэта дарога, дык Літошык ужо 75 гадоў рухаецца ёю, найчасцей — не проста сам едзе, але й іншых вязе. Таму і падбадзёрвае сябе словамі песні з часоў далёкай маладосці: “Мацней за баранку трымайся, шафёр!”. Які толькі транспарт не быў падуладны ягоным рукам за 56 гадоў працы! Нездарма пакрыжаваліся з Фамічом, каб завесці размову пра жыццё-быццё, напярэдадні Дня аўтамабіліста і дарожніка.

На берагах Славуціча

У КОЖНАЙ РАКІ ёсць сваё імя. І толькі велічны Дняпро мае яшчэ й імя па бацьку. З былінных часоў клічуць яго Дняпром Славуцічам. Колькі лодак-чоўнаў за стагоддзі калыхаў ён на сваіх хвалях, колькі гарадоў і вёсак прыжылося на ягоных крутых берагах, колькі добрых людзей нарадзілася ў тых паселішчах, каб потым з пяшчотай ды павагай згадваць-славіць, нібыта бацьку роднага, Днепр Славуціч!
Што за мясціны навокал — нейкі цуд, сапраўдная казка некранутая: прыбярэжныя крутагор’і, лясы, шчодрыя на грыбы, ягады, і Днепр, як Гогаль яго апісаў, шырокі ў яснае надвор’е… Сярод гэтай адвечнай прыгажосці і давялося нарадзіцца Уладзіміру Літошыку.
Было тое яшчэ да вайны. У вёсцы з ласкавай назвай Гарошкаў. Ва ўсіх дакументах — у саракавым годзе.
— Ды толькі памыляюцца паперы, — не зга-джаецца Уладзімір Фаміч. — Сапраўдныя метрыкі ў ліхалецце загінулі. Быў такі парадак раней: калі няма дакумента, год нараджэння вызначалі на вочнай стаўцы. Гэтак сапраўды “на вочка” і запісвалі. А побач мой сябра-аднагодак жыў, раслі разам, бацькам дапамагалі ў гаспадарцы, нават у суседніх хатах у адзін дзень нарадзіліся. А тут раптам стаў я за яго… старэйшым.
Хоць каго вайна нават у маленстве закранула, пагодзіцца: тады і год за два палічыць было не грэх…
Таму і ўспамінае сябе з “маладых пазногцяў”, гадоў з трох-чатырох. Ва ўспамінах тых — і смех, і слёзы.
Калі сыпаліся з неба не дождж, не град, а цяжкія бомбы, матуля Вольга Пятроўна хавалася з сынам у зямлянцы. Ды той, абу-джаны грукатам бамбёжкі, крычаў нястомна і бясконца. Аднойчы жанчына не вытрымала. У адчаі выйшла з немаўляткам на паверхню, зірнула ў неба, што дрыжала ад выбухаў-маланак: няма ўжо сіл ніякіх — няхай ён толькі сцішыцца! А сын, і насамрэч, раптоўна задрамаў пад гулкі акампанемент ваеннай гэтай буры…
Ці вось яшчэ выпадак. Вядома ж, цацак не хапала, ды проста не было іх. Стаялі ў вёсцы мадзяры (гэтак венграў называлі, што ваявалі на баку немцаў). Хлопчыка прыцягвала не столькі вайсковая іх амуніцыя, колькі, як тую сароку, бліскучыя патроны. Вось і ўзяў некалькі, каб пабавіцца. Як нагуляўся, закапаў у пясок свае каштоўныя “цацачкі”. Салдат прапажу выявіў адразу, схапіў малога ў ахапак і да хлява пацягнуў. Ускінуў руку ў ягоны бок, тыцнуў і выгукнуў:
— Ну, зараз расстраляю партызана!
Дасюль перад вачамі тая сцэна: маці плача, а ён, Валодзька, смяецца, ажно заліваецца. Яна ж, дарослая, цудоўна разумее — бяда прыйшла, а ён, маленькі, лічыць: дык гэта ж нейкая гульня! Ужо і невядома, што больш — матуліны слёзы альбо дзіцячы смех — стрымалі ў імгненне салдацкую руку ад пакарання…

Фаміч

ЯК У ВЯЛІКАЙ РАКІ, так і сярод людзей: хочаш павагу выказаць — прыгадай найперш не ўласнае імя, а бацькава. Вось і Уладзімір Літошык сёння для калегаў і блізкіх знаёмых найчасцей — проста Фаміч.
Гэткі зварот — напамін пра бацькаў лёс. Тата, Фама Захаравіч, малодшы лейтэнант Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, меў баявыя ўзнагароды. Калі выбухнула Вялікая Айчынная, пад Рэчыцай давялося яму біцца ў страшэнным агнявым катле, у які патрапілі нашыя войскі, двойчы быў у палоне, вясной сорак пятага вызвалены з яго ў Германіі.
Ліхалецце адшугала навальніцамі, але і пасляваенны час выдаўся няпростым. У галодныя гады нават мёрзлай бульбай даводзілася харчавацца, лекаў і лекараў не хапала, ад сухотаў памерла-згасла старэйшая дачка Жэня, засталіся гадавацца меншыя — Валодзя, Люба, Аня, Фаня.
Хоць і не чуваць даўно было бамбёжак, ды па лясах доўга яшчэ хаваліся банды фашысцкіх недабіткаў, гатовых учыніць розныя дыверсіі. Таму пасля вяртання дамоў былы салдат пайшоў у ахову: трэба было берагчы як зрэнку вока мост, што злучаў людзей па абодвух берагах Дняпра.
Чалавек увішны, ён меў сапраўды залатыя рукі, у якіх любая справа спорылася. Нават пераправу праз раку з сябрам змог адрамантаваць. Што ж такім спраўным рукам было, прыкладам, ножык сыну змайстраваць? Ды такі, што і на заводзе ўмельцы не зробяць! Бацькаў вопыт, ягоныя навукі пазней згадзіліся Валодзю.
Той, як падрос, марыў авалодаць навыкамі кіроўцы. Дапамог у гэтым ваенкамат, дзе былі зацікаўленыя, каб навабранцы ішлі ў войска падрыхтаванымі спецыялістамі. Гэтак з 1959-га і з’явіўся ў працоўнай кніжцы юнака першы запіс: “Шафёр”, з таго часу і сябруе ён з тэхнікай самааддана.
Вайсковую службу давялося праходзіць ва Усходняй Германіі. Аб’ездзіў усю краіну. Бачыў, як будавалася знакамітая Сцяна, што быццам распалавініла на дзесяцігоддзі не толькі нямецкую сталіцу, але й лёсы многіх сем’яў. Пазнаёміўся з цудоўнымі гарадамі Ена і Котбус, Веймар і Франкфурт. Але найбольш душу ўзрушыў выгляд Бухенвальда: ягоныя астылыя газавыя камеры, пакінуты жалезны вазок, на якім вывозіліся целы, жолабы, адкуль сцякала некалі кроў бязвінных, і — музыка шчымлівая, нібыта развітальны лебядзіны спеў, што не сціхаў над тымі знакамі бяды…
Пасля войска вярнуўся не дамоў, а ў Нароўлю. Бацьку паклікаў туды на працу сябар, дырэктар лясгаса Якаў Сарокін. Сам Фама Захаравіч стаў кавалём, а сын — кіроўцам грузавога аўтамабіля ў лясной гаспадарцы.
Са студзеня 1977 года атрымаў найвышэйшы вадзіцельскі клас — першы. З часам асвойваў усё новую тэхніку: аўтакран, аўтобус (на ім працаваў у Мазырскай аўтакалоне), паром на Прыпяці, пажарную машыну.

Лясы гарэлі, быццам свечкі…

ДЛЯ МНОГІХ БЕЛАРУСАЎ жыццё дасюль застаецца падзеленым на “да” і “пасля”. Мяжой таго падзелу стаў Дзень Ч. — 26 красавіка 1986 года.
За тры гады да чарнобыльскай бяды Уладзімір Літошык уладкаваўся вадзіцелем ЗІЛа ў пажарную часць Нароўлі. Тады і ўпэўніўся: нездарма пажарных завуць агняборцамі — даводзіцца ім першымі ступаць “на лінію агню”. Згадвае пра першыя гадзіны пасля выбуху і нібыта зноў паўстае перад вачамі перажытае.
…У той памятны красавіцкі дзень ён быў на службе.
Начальнік нараду камандуе:
— Праверце радыяцыю!
Дазіметр зашкальвае. Відаць, зараднае прыстасаванне села? Памянялі. Вынік такі ж самы! Нешта здарылася…
Пра тое “нешта” загадана маўчаць. Каб без панікі! Але неспакой не мінае. Ён толькі ўзмацняецца. Калі чуеш, як “спявае” на дазіметры нябачны “мірны атам”…
Як толькі змяніўся — адразу кінуўся дамоў. З радыё бадзёрыя песенькі гучаць. Пра “нешта” — ні паўслова. А ён ужо не здагадваўся — дакладна ведаў: бяда! Хутка сабраў дзіцячыя пажыткі і павёз Толю, Алёну, Святланку ў Рэчыцу — далей ад небяспекі, да сястры Любы. А сам — назад, на працу. На выратаванне…
Спякота. Ні воблачка. На яркае сонца не зірнеш. І выклік за выклікам. Бы свечкі, гараць лясы, тарфянікі. Пажарныя, хоць і ў рэспіратарах, дыхнуць паспелі шмат пылу і дыму атрутнага. У тыя самыя першыя дні, калі нават вучоныя не ведалі дакладна, што чакаць ад гэтага вераломнага ворага. Ой, як многа тых, каму ў першыя дні давялося стаць у строй, даўно спачылі пад крыжамі.
…Уладзімір Фаміч спыняецца, працягвае працоўную кніжку:
— Тут усё напісана…
У напамін на ўсё жыццё — кароткі запіс: “Адпрацаваў 120 гадзін па ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі”. А яшчэ — два пахаванні ў Нароўлі. Тлумачыць у самоце:
— Ужо ў Жабінцы ад вынікаў радыяцыі памерла жонка, перавёз яе на могілкі ў Нароўлю. Са сваёй Галінай Андрэеўнай больш за паўвека таму распісаліся, зрабілі ўсё па-простаму: завёз у загс нявесту на матацыкле, вярнуліся ўжо заручаныя, сабраліся мае і яе бацькі — вось і ўсё вяселле. Але ж не ад шчодрых сталаванняў шчасце. Пражылі ў каханні, згодзе, колькі часу было ёй адпушчана… Месца на могілках побач з бацькамі сабе пакідаў. Давялося дачцэ Свеце аддаць: і яе Чарнобыль сагнаў у магілу…

І сёння застаецца ў страі

УЛАДЗІМІР ФАМІЧ — чалавек, якому без справы не сядзіцца. Так здарылася, у жыцці шчыльна быў звязаны не толькі з дарогай, але і ракой. (Відаць, нездарма гавораць: “водны шлях”). Усё ж значны кавалак жыцця пражыў у 30 метрах ад Прыпяці, дзе “параходы ідуць — і ў вокны гудуць!”. Адсюль і ягонае вялікае захапленне — рыбалка. На здымках захаваліся моманты “рыбацкага шчасця”, калі трапляліся яму сапраўды гіганцкія рыбіны.
Давялося Літошыку і “берагі злучаць”, працуючы на самаходным пароме СП-8, размешчаным у Даўлядах, за 25 кіламетраў ад атамнай станцыі. Пад кіраўніцтвам старшыны-вадзіцеля-матарыста (гэтак называлася ягоная пасада) былі шэсць матросаў і повар. Спраў заўжды хапала: за адну паездку перавозілі да 20 аўтамашын. Пасля аварыі на ЧАЭС перагнаў паром у Лоеў, там і здаў службу.
Паводле абавязковага адсялення ў 1992 годзе ягоныя родныя пераехалі ў Брэст і Жабінку, да іх далучыўся пазней і галава сям’і.
З пачатку 2011 года ён ня-зменны кіроўца “Перасоўнай бібліятэкі” Жабінкаўскай ЦБС. Разам з бібліятэкарам Галінай Яраславаўнай Багародавай нярэдка “на маршруце”. Чытачы з аддаленых населеных пунктаў добра ведаюць, калі чакаць ля свайго парога “чытальню на колах”. Улюбёны ў тэхніку Літошык пільна даглядае за машынай, сваю справу лічыць карыснай людзям, клапоціцца, каб ва ўсім мелі яны як мага больш зручнасцяў. Абслугоўванне вяскоўцаў прыкметна палепшылася, як быў набыты новы аўтамабіль для “Перасоўнай бібліятэкі”. Дарога разам з такім вадзіцелем ніколі не стамляе: заўсёды жартаўлівы, прыветны, любіць ён розныя жыццёвыя гісторыі пераказаць і, дапамагаючы бібліятэкару, кніжкі, часопісы чытачам прапанаваць.
Душа ягоная цяплее і вочы смяюцца, як згадвае пра ўнукаў Юлію, Арцёма, Віку. Унук пайшоў па слядах дзеда і бацькі — працуе ў пажарнай часці ў Брэсце, ужо начальнік аддзялення. А Юля нарадзіла дачку Нэлю і “ўзнагародзіла” Уладзіміра Фаміча новым “тытулам”: цяпер ужо ён прадзядуля. Значыцца, ёсць лагічны працяг і цябе самога, і ўсяго роду…
Так, жыццё — дарога складаная, таму якое шчасце ісці па ёй разам з добрымі людзьмі… І не толькі ісці, але і везці! Бо і на восьмым дзясятку Уладзімір Фаміч застаецца ў жыццёвым страі. Дык пажадаем кіроўцу: няхай тая дарога яшчэ доўгай стужкай для яго ўецца!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Уладзімір Фаміч Літошык.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top