Окружена семейным теплом

Окружена семейным теплом

Атулена сямейным цяплом
У кожнага чалавека свой лёс. Праўда, ёсць пакаленне тых, у каго падобныя жыццёвыя дарогі: іх выпрабоўвала ваеннае ліхалецце, голад, холад, ранняе сіроцтва. Парою здзіўляешся, як яны перажылі нягоды, што выпалі на іх долю і захавалі ў сваіх душах цеплыню, шчырасць, пяшчотнасць, любоў да людзей. Менавіта да пакалення такіх адносіцца Зоя Якімаўна Гацук.
Заўтра Зоі Якімаўне споўніцца 80 гадоў. З такім цудоўным святам яе павіншуюць найперш дзеці Валя, Іра, Вера, Саша, Жэня. Не забудуць даслаць цёплыя словы 11 унукаў. А яшчэ ў шаноўнай жанчынкі ёсць 8 праўнукаў — найбольшая яе радасць, найкаштоўнейшае багацце, бо дачакалася, дый яшчэ ўспаміны пра гаротнае дзяцінства, страту дарагіх сэрцу людзей, праменьчыкі шчасця на жабінкаўскай зямлі…
Зоя была першым дзіцем у сям’і Марыі і Якіма Андрасюкоў, якія жылі ў Белавежы. Пушчанскія лясы кармілі, апраналі людзей гэтай вялікай вёскі, дзе жылі і беларусы, і палякі. Пад спевы птушак, шум векавых дрэў бавілі свой вольны час дзеці. А ці быў ён наогул? Дапамагалі старэйшым па гаспадарцы, хадзілі па грыбы і ягады, няньчыліся з меншымі братамі, сёстрамі. Акрамя Зоі ў сям’і раслі яшчэ Іра, Валодзя, Вася. “Успамінаючы пражытае і перажытае, — гаворыць Зоя Якімаўна, — тыя гады здаюцца зямным раем. Цяжкае гора ўвайшло ў наш дом з прыходам немцаў. Баючыся партызанаў, фашысты пачалі высяляць вяскоўцаў. Дамы, якія былі пад самым лесам, вораг спаліў, а людзей адправіў на іншае месца жыхарства”.
Чарга на высылку сям’і Андрасюкоў прыйшла ў верасні. Паводле слоў Зоі Якімаўны акурат выпала на 1 верасня 1941 года. Развіталіся з дзядулем Васілём, маміным бацькам, расселіся на падводу і паехалі з абжытага месца. Што чакала іх, ніхто не ведаў. Усюды грымела вайна, чым будуць карміцца, наперадзе ж зіма. Праўда, бацька іх прыхапіў з сабою чамаданчык з інструментамі, спадзеючыся гэтым зарабляць на хлеб. У сталярных, цяслярскіх работах ведаў толк, майстрам лічыўся.
— Першы наш прыпынак быў у Пугачоўцы, што пад Брэстам, — успамінала Зоя Якімаўна. — Але тут мы не аселі, паехалі далей. Там пажывем крыху, там перакантуемся тыдзень-другі. Даводзілася дапамагаць гаспадарам, якія давалі прытулак, прыбіраць з поля ўраджай, скаціну даглядаць. Так зараблялі на жыццё. Нарэшце дабраліся да Грабаўцоў, дзе і прыпыніліся, як кажуць, на ўсё жыццё. Найперш я.
Гора, слёзы, пакуты “заглядвалі” ў той час у кожную сям’ю. Паўсюдна грымела вайна, фашысты лютавалі. Праўда, перасяленцам з Белавежы дазвалялася наведвацца калі-нікалі ў родныя мясціны. У сакавіку 1943 года вырашыла схадзіць-з’ездзіць да свайго бацькі і мама Зоі. На адваротным шляху транспарт, якім дабіраліся ў Грабаўцы яна і яе сястра, што вырашыла пагасціць, таму што ў Белавежы пачалася масавая адпраўка на работы ў Германію, загінулі, трапілі пад абстрэл. Сям’я засталася без гаспадыні. Хатнімі справамі, як самая старэйшая — 13-ы год ішоў, стала займацца Зоя. Дапамагалі й меншыя. Але на гэтым гора і пакуты не закончыліся.
Не думалі дзеці, што застануцца і без бацькі. Нягледзячы на тое, што на руках у яго чацвёра непаўналетніх, на фронт давялося пайсці. На жаль, ён загінуў у Венгрыі.
Дзеці Андрасюкоў засталіся круглымі сіротамі. Як жыць? Усё разбурана вайною. Добра, што вакол былі людзі, якія спачувалі малым, дапамагалі, як маглі. Зоя меншым была і за маці, і за бацьку, спраўлялася, таму што разумела — усё залежыць ад яе.
— Праз пэўны час братоў Васілька і Воўку забралі ў дзіцячы дом, — дзялілася ўспамінамі Зоя Якімаўна. — Жылі яны ў Пелішчах, пазней перавялі ў Малеч. Ездзіла праведваць, каб упэўніцца, што ім там добра. Дзякуй Богу выраслі і пайшлі ў дарослае жыццё. Сястра працавала на новабудоўлях Мінска, а я так і засталася ў Грабаўцах, якія сталі другой маёй радзімай пасля Белавежы.
Пасляваеннае жыццё наладжвалася. Светлы праменьчык заглянуў і ў Зоіна акенца. Пайшла на працу ў сельскую гаспадарку. Памятае як арганізоўваліся калгасы ў кожнай вёсачцы, а потым аб’ядноўваліся, як працавалі “за палачкі”, выжыла. Неўзабаве сустрэла сваё каханне — гэта быў мясцовы хлопец Мікалай Гацук. У 1954 годзе маладыя пажаніліся і пачалі віць сямейнае гняздзечка. Зоя працуе даяркай, а Мікалай рахункаводам у МТС. Пазней ён быў брыгадзірам, а яна так і працавала даяркай да выхаду на пенсію.
— Пайшла ў даяркі, каб больш зарабляць, хоць было вельмі цяжка, — гаварыла Зоя Якімаўна пры сустрэчы. — Уручную даілі, цягалі вёдры і бідоны з малаком, гной выкідалі. У памяці да цяперашняга часу плеценыя люлькі, якімі разносілі корм жывёле. Але мы не хныкалі, працавалі рупліва, паднімалі грамадскую гаспадарку, не забывалі і пра сваю. Тым больш, што нам з Мікалаем дасталася невялічкая хатка яго бацькоў, трэба было разбудоўвацца, сям’я расла. У 1956 годзе нарадзілася першая дачушка Валя. Пасля яе яшчэ чацвёра з’явіліся ў нашай сям’і.
Так, пяцёра дзяцей выхоўвалі Зоя і Мікалай Гацукі. Вядома, што хатнія клопаты ў асноўным клаліся на мацярынскія плечы, а бацьку трэба было дбаць пра матэрыяльны дабрабыт. І атрымлівалася: сям’я была дружная, жылі ў згодзе. Як толькі дзеці падрасталі гаспадыня вярталася на ферму ў калгас “Усход”. Пазней, з узростам некаторыя клопаты ў доме, у гаспадарцы пераходзілі да дзяцей, матулі рабілася лягчэй. Бацькі, вядома ж, стараліся, каб сыны і дочкі жылі ў дастатку, атрымалі спецыяльнасць, а тыя ў сваю чаргу не засмучалі маму і тату дрэннымі адзнакамі, паводзінамі, не цураліся працы вясковай. Гэтаму яны навучаліся з дзяцінства, і калі разляцеліся ад бацькоўскага парога, вярталіся сюды не толькі ў святы, а каб дапамагчы ў хатніх клопатах, сагрэць уважлівасцю і пяшчотай. Нават, калі Мікалай Мікітавіч адышоў у вечнасць, мама па-ранейшаму трымала ўласную гаспадарку: ведала — дзеці дапамогуць, не пакінуць сам-насам, калі будзе цяжка. Так яна іх выхоўвала. Але здароўе стала падводзіць, і Зоя Мікалаеўна Гацук перабралася ў Жабінку, дзе жывуць яе дзве дачкі Валянціна Селязнёва і Ірына Давыскіба, сын Аляксандр. Другі яе сын Яўген жыве і працуе ў Брэсце, як і дачка Вера Арэхава. Бабуля Зоя з радасцю даверылася мне: “Жыву ў Ірыны, але запрашаюць і іншыя, нават унукі”. Як бачым, мама ў свае 80 гадоў атулена сямейным цяплом, уважлівасцю, добразычлівасцю. Няхай гэта доўжыцца яшчэ і яшчэ, а яе дзеці адчуваюць мацярынскае плячо, чаго так рана не стала ў маёй гераіні.
Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top