Свет азораны матулінай любоўю

Свет азораны матулінай любоўю

DSCF3696

Кастрычнік багаты на святы: адзначылі іх работнікі пошты і культуры, фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці, а 14-га, у дзень Пакроваў Божай маці, — усе жанчыны-маці.
Мерапрыемствы мінулага тыдня, якія прайшлі ў школах і дзіцячых садах, у іншых установах і арганізацыях, былі асветлены ўсмешкамі матуляў, сагрэты іх сардэчнасцю і цяплом. Супрацоўнікі Жабінкаўскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра наладзілі сапраўднае свята для мам і бабуль, якія выхоўваюць прыёмных дзетак або з’яўляюцца апекунамі. На яго завіталі сем’і Данелюкоў, Шпакаў, Янушаў, Кандрацьевых, Кунашкаў, Дудараў, Казлоўскіх, Гурскіх і Яўгеніі Алейнікавай. У цёплай, “хатняй” атмасферы за кубачкам гарбаты з цукеркамі і печывам жанчыны прымалі віншаванні і пажаданні, а таксама словы любові і прызнання ад сваіх дзяцей і мужоў.
Вядучыя мерапрыемства псіхолаг СПЦ Дар’я Бычак і юрыст СПЦ Сяргей Андраюк з дапамогай сур’ёзных і жартоўных пытанняў пазнаёмілі ўсіх удзельнікаў свята паміж сабой. Затым прыёмным мамам давялося ўзгадаць смешныя фразы сваіх дзетак, іх любімыя казкі, першы верш, які вывучылі разам, першы падарунак, зроблены сынам ці дачкой.
У наступным выпра-баванні ўжо татам і дзецям трэба было адказаць на пытанні, што датычыліся матуліных захапленняў. Называліся яе любімыя песні, фільмы, стравы, справы, поры года, кветкі і іншае. Цікава было паслухаць, як мамы здымаюць стрэс, як звычайна праводзяць вечары, чаго больш за ўсё баяцца.
Затым вядучыя праверылі, наколькі мужчыны разбіраюцца ў жаночых справах, а жанчыны — у мужчынскіх. Мамы і бабулі адказвалі, напрыклад, што такое буліт і састаўной часткай чаго з’яўляецца карбюратар, а татам неабходна было патлумачыць, што такое меліраванне і для якога працэсу жанчыны выкарыстоўваюць воск, крэм, механічныя ўстройствы і лазерныя прыборы.
Дзеці таксама не засталіся без увагі: арганізатары свята прапанавалі ім пытанні на кемлівасць і гульню “Давядзі машынку”.
Самым вясёлым і зай-мальным быў конкурс “Маскі-шоу”, у якім прымалі ўдзел пары. Вядучыя звязвалі правую руку аднаго ўдзельніка і левую — другога. А свабоднымі рукамі тым неабходна было зашнураваць чаравік або запаліць свечку, закруціць у пялюшку ляльку або выразаць нажніцамі фігуру.
Акрамя таго, прыёмныя мамы і таты і іх дзеці паказалі сваю дасведчанасць і актыўнасць у конкурсах “Скончы прыказку” і “Пагаворым пра родзічаў”. Па выніках усіх выпрабаванняў дыпломамі былі ўзнагароджаны сем’і Янушаў са Сцяброва, Гурскіх і Данелюкоў з аграгарадка Ленінскі і Шпакаў з райцэнтра як самыя-самыя музычныя, артыстычныя, інтэлектуальныя, арыгінальныя і пазітыўныя.
Дыпломы ўручыла загадчык сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Андрасюк, якая была запрошана на мерапрыемства ў якасці госця і члена журы. Наталля Міхайлаўна выказала шчырыя словы падзякі прыёмным мамам і ўсім удзельнікам свята за цяпло сэрцаў і вялікую дружбу, што прапісаліся ў сем’ях, дзе глядзяць на прыёмных дзяцей як на родных.
Музычныя падарункі для мам і бабуль падрыхтавалі Саша Круглей і Вераніка Саванеўская, вершаваныя — Слава Шпак, Коля Саванеўскі, Віка Макарэвіч і Ірынка Місевіч. А Кацярына Макарэвіч і Руслан Круглей паказалі выдатную сцэнку “Што за дзеці зараз сапраўды?”.
Столькі добрых і пяшчотных слоў пра маму прагучала ў той вечар! Яе любоў бязмежная і бескарысная, яна не дзеліць дзяцей на сваіх і чужых. Яна — дар ад Бога, свет сапраўды азораны матулінай любоўю.
Наталля ВАЛОШКА.
На здымках: спаборнічаюць Руслан Круглей і Віка Макарэвіч пад кіраўніцтвам вядучай Д.Бычак.
Фота Надзеі МАКАРЭВІЧ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top