Жыццё, прысвечанае спадчыне

Жыццё, прысвечанае спадчыне

 

IMG_1356 Адразу дзве юбілейныя даты згадваліся 2 кастрычніка ў Брэсце. У гэты дзень у шырокім асяродку сяброў і прыхільнікаў ягонай творчасці сваё 70-годдзе святкаваў вядомы берасцейскі краязнавец Леанід Міхайлавіч Несцярчук. Адначасова ён прэзентаваў чарговы свой фаліянт — гістарычную манаграфію, прымеркаваную да 250-ых угодкаў Міхала Клеафаса Агінскага.
ДЛЯ ЛЕАНІДА НЕСЦЕРЧУКА Жабінкаўшчына ніколі не была чужой зямлёй. Хоць і нарадзіўся ён на Пружаншчыне, аднак мае непарыўную сувязь і з нашым краем. Да слова, у нашым горадзе жыве Валянціна Мікалаеўна Козіч, ягоная хросная маці. Згадваецца, як два гады таму гэтая жанчына, маючы ўжо вельмі паважаны ўзрост, прымала ў сваім доме хроснага сына, якому перадала на захаванне сямейную рэліквію — старадаўняе выданне “Новага Запавета”, якое ўжо больш за стагоддзе захоўваецца ў родзе, вядомым сваёй адукаванасцю і прыхільнасцю да сямейных традыцый.
Леанід Міхайлавіч пакінуў свой след на нашай зямлі і як галоўны спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама.
Больш чым за два дзясяткі гадоў, што Л.М.Несцярчук знаходзіўся на гэтай пасадзе, ён паспеў нямала зрабіць дзеля адраджэння мінулага ў нашым краі.
Дастаткова прыгадаць, з ягонай ініцыятывы ў цэнтры вёскі Чыжэўшчына паўстала і была асвечана мемарыяльная капліца ў гонар Крупчыцкай бітвы, што адбылася на мясцовым Вялікім полі 17 верасня IMG_38211794 года. Былі распрацаваныя і пачалі дзейнічаць шматлікія турыстычныя маршруты, што зрабілі прыцягальным Жабінкаўшчыну для гасцей дальніх і блізкіх.
Як старшыня Брэсцкага міжраённага аб’яднання “Фонд Тадэвуша Касцюшкі” Л.М.Несцярчук спрыяў усталяванню сяброўства з польскай “Фундацыяй Касцюшкавай”, у выніку сталі традыцыйнымі візіты польскіх дэлегацый на Жабінкаўшчыну, пачаліся творчыя вандроўкі лепшых мастацкіх калектываў раёна на штогадовы міжнародны Касцюшкаўскі сімпозіум ля мястэчка Маціёвіцы пад Варшавай.
Пры непасрэднай дапамозе Леаніда Міхайлавіча ў Малых Сяхновічах узнік новы своеасаблівы асяродак культуры — Жабінкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. У гэтай вёсцы, вядомай як спадчыннае гняздо роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, а таксама ў райцэнтры, вуліцы атрымалі імя Т.Касцюшкі.
Адначасова адбывалася аднаўленне помнікаў, прысвечаных розным гістарычным эпохам, у тым ліку землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Адраджаліся старадаўнія Ацячызненскі і Касцюшкаўскі паркі, многія цікавыя аб’екты былі ўключаны ў Спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
У Жабінцы Леанід Міхайлавіч шырока вядомы і ў якасці аўтара гістарычных даследаванняў, прысвечаных знакамітым асобам Беларусі (з многімі ягонымі кніжнымі творамі кожны можа пазнаёміцца ў раённай бібліятэцы). Неўзабаве да гэтых кніг далучыцца і апошнняя па часе манаграфія, прымеркаваная да 250-годдзя М.К.Агінскага.
Колькі слоў патрэбна сказаць пра гэтае краязнаўчае выданне, што ўжо паспела стаць з’явай у кнігадрукаванні Берасцейшчыны.
ДЛЯ БОЛЬШАСЦІ нашых сучаснікаў імя Міхала Клеафаса Агінскага найчасцей атаясамляецца з цудоўным паланезам, які носіць ягонае імя. Запамінальны твор настолькі насычаны багаццем музычнай палітры і пранікненным зваротам да моцных патрыятычных пачуццяў, што міжволі і праз стагоддзі кранае самыя глыбіні душы, успрымаецца як сапраўдны гімн Айчыне. Гэтае прызнанне ў любові да краіны, з якой творцу з болем даводзіцца развітвацца ў час, калі яе апанавала ліхалецце, амаль без спадзявання на новае шчаслівае спатканне праз гады.
Калі паланезу Агінскага ў беларускай гістарыя-графіі пэўным чынам пашанцавала (музычнаму твору прысвечана багатая ўсебаковая літаратура), дык іншыя таленты яго стваральніка дасюль быццам застаюцца ў цені для шырокага кола беларусаў. Хоць Міхал Клеафас за доўгае жыццё паспеў праявіць сябе і ў якасці выдатнага дыпламата, пісьменніка, змагара за гуманістычныя ідэалы і незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага.
Менавіта, каб запоўніць гэтую лагуну, усебакова паказаць асобу ў складаных варунках няпростага часу, напоўненага войнамі і рэвалюцыйнымі пабурэннямі, да чытача ў юбілейны год прыйшла цудоўна аформленая кніга-даследаванне “Міхал Клеафас Агінскі: Ліцвін, Патрыёт, Творца”, напісаная кандыдатам гістарычных навук Леанідам Несцерчуком.
З-пад пяра навукоўцы ўжо выходзілі раней ёмістыя біяграфіі такіх знакавых асобаў беларускай гісторыі, як Тадэвуш Касцюшка, Напалеон Орда, аб’яднаных у серыю “Знакамітыя людзі Беларусі” (дарэчы, біяграфія апошняга была ўганаравана Гран-пры Міжнароднай кніжнай выставы ў Маскве). Вядомы ў якасці галоўнага спецыяліста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, Леанід Міхайлавіч таксама быў аўтарам манаграфій “Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны”, “Ахова гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі”, што знайшла прызнанне ў шматлікіх чытачоў як спецыялістаў ахоўнай справы, так і простых аматараў айчыннай даўніны.
Чарговае выданне, прысвечанае М.К.Агінскаму, з густам ілюстраванае і надзвычай змястоўнае, напісанае ўдумліва на падставе вялікай колькасці архіўных крыніц, бясспрэчна, прыцягне ўвагу, зробіцца своеасаблівым вітаннем з Радзімай гістарычнай асобы, што пры жыцці не шкадавала намаганняў дзеля будучага адраджэння ды росквіту роднай краіны. За тое Міхал Клеафас павінен успрымацца нашчадкамі перш-наперш як “зорка”, чыё нязгаснае святло вяртаецца нарэшце праз стагоддзі ў Беларусь, каб заняць пачэснае месца ў пантэоне найвыдатнейшых сыноў Бацькаўшчыны.
Кніга Л.М.Несцерчука — не проста заслужаная даніна павагі выдатнаму ліцвіну, які заўжды адчуваў сябе патрыётам і творцам. Пэўным чынам гэта і спроба адкрыць для сённяшніх пакаленняў беларусаў багацце асобы, што была пры жыцці яскравым прыкладам вялікай любові да Айчыны і застаецца такой і сёння. Сучасная Беларусь ідзе шляхам незалежнасці. У гэтым бачыцца ажыццяўленне галоўнай мары Міхала Клеафаса Агінскага.
Ёсць упэўненасць, кніга зной-дзе свой шлях да розуму і сэрцаў жабінкаўцаў, тым больш, што даніну павагі ад нашых землякоў М.К.Агінскі ўжо заслужыў, калі ягоным імем была названа адна з вуліц горада. Новае шыкоўнае выданне, напісанае Леанідам Несцерчуком, бясспрэчна, стане карысным для студэнтаў і выкладчыкаў, навукоўцаў і архітэктараў, аматараў мінулага і спецыялістаў у ахове гісторыка-культурнай спадчыны — усім, чые справы знітаваныя з падтрымкай матэрыяльных і духоўных набыткаў роднай Беларусі.
На здымках: Леанід Несцярчук у Жабінцы спаткаўся са сваёй хроснай маці Валянцінай Мікалаеўнай Козіч; вокладка ягонай новай манаграфіі, прысвечанай жыццю і дзейнасці М.К.Агінскага.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*