Выйшлі на стабільную работу

Выйшлі на стабільную работу

Работники свинокомплексаУ пачатку студзеня “Сельская праўда” паведамляла, што на свінакомплексе ля в.Сычова, які належыць ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, адбыліся першыя апаросы. Як адчуваюць сябе парасяты і наогул як ідуць вытворчыя справы на комплексе, гутарка карэспандэнта з яго начальнікам В.В.Карнелюком.
— Вячаслаў Віктаравіч, улічваючы, што для Жабінкаўшчыны гэтая справа новая, з якімі праблемамі давялося сутыкнуцца?
— Пытанні ўзнікалі часта. Самая хвалюючая праблема — дастаўка свінаматак на комплекс. Рашэннем Мінсельгасхарчу быў вызначаны пералік сельгаспрадпрыемстваў, якім дазволена племянная рэалізацыя маладняку. На пастаўку 1250 свінаматак мы заключылі дагавор з “Палессеаграінвестам”, што ў Петрыкаўскім раёне. На жаль, пастаўшчыкі “парушалі” тэрміны завозу жывёлы. Апошнюю партыю матачнага пагалоўя паставілі ў секцыі толькі 28 мая бягучага года, а не 30 снежня мінулага, як планавалася. Тады б на рытмічную работу выйшлі значна раней.
Працаваць нашаму калектыву, навічкам у свінагадоўлі, цікава. Назіраць за жыццём гадаванцаў — задавальненне. Кожны з ветфельчараў сярод парасят знаходзіць сабе “любімца”: бярэ на рукі, пачэша за вушкам, прылашчыць. А яны, у сваю чаргу, адгукаюцца на голас, даверліва падыходзяць.
Заўважылі, напрыклад, што ў кожным станку дарослыя жывёлы выбіраюць сабе “ізгоя”: будуць кусаць, біць небараку. Адсадзім такога ў ізалятар, падлечым, пусцім у іншы станок — карціна паўтараецца. Сапраўды, закон джунгляў — выжывае мацнейшы.
Як мы радаваліся, калі 5 студзеня першыя 39 свінаматак нарадзілі 420 жывых парасятак. Былі такія мамкі-“гераіні”, якія прывялі нават 16 парсючкоў. Дасягнуты прыплод у 10,7 парасят на адну свінаматку пры першым апаросе ў сусветнай практыцы лічыцца выдатным. Парсючкі нараджаюцца невялікімі — памерам з рукавічку, важаць ад 400 да 900 грамаў. Пры гэтым яны хутка растуць, звычайна да трохтыднёвага ўзросту набіраюць вагу да 7 кілаграмаў.
На малочна-падсосным этапе выпошчвання сутыкнуліся з другой сур’ёзнай праблемай: некаторыя агрэсіўныя свінаматкі не “прымалі” патомства, калечылі ці душылі “пятачкоў”. Добрую параду нам далі калегі з ЗАТ “КОНСУЛ”: малых са станка забраць, а замест іх да “мачахі” падсадзіць трохтыднёвых парсючкоў. Яны за пару гадзін так выматваюць свінню, што тая ўжо не супраціўляецца, “здаецца” і спакойна дапускае да малачка малых. Паспрабавалі так рабіць, і ўсё атрымалася.
— Працэс апаросу ўжо нагадвае канвеер?
— Можна сказаць, што так. Пакрытых свінаматак за тыдзень да апаросу мы пераводзім у секцыю з 32 станкамі. Кругласутачна там дзяжураць ветфельчары. Звычайна жывёлы прыводзяць на свет малых без ускладненняў, здараецца, што патрабуецца дапамога чалавека. Парасятам апрацоўваем пупавіну і пускаем пад лямпу абсохнуць і сагрэцца, а потым падсаджваем “мамцы” на кармленне. Малыя смокчуць малако з саскоў і адпачываюць. Дарэчы, падлога ў секцыі апаросу праграваецца да 23 градусаў па Цэльсію, а паветра — да 25. У кармушкі насыпаем камбікорм СК-11. Парасяты пачынаюць “цікавіцца” ім з дзявятага дня. Калі ім 23-28 дзён, адлучаем ад свінаматак і пераводзім у секцыю дарошчвання, далей — на адкорм.
— Як хутка растуць гадаванцы свінакомплексу?
— Ці зможа гаспадар вырасціць у хлеўчыку парася да 110-115 кілагрмаў за паўгода? Я сам трымаў свіней і магу заявіць: такое немагчыма. А вось на нашым комплексе гэта нармальная з’ява. Збалансаваныя камбікармы, захаванне ўсяго тэхналагічнага працэсу і прыбаўка ў вазе на адкорме 940-960 грамаў, як кажуць, забяспечаная. Скажу больш, першую партыю кандыцыйных свіней на комплексе планавалі атрымаць у трэцяй дэкадзе ліпеня. Мы ж апярэдзілі гэты тэрмін на тры тыдні! Збіраліся здаць на мясакамбінат у ліпені 520 галоў, а здалі – 580. У верасні гэты паказчык дасягнуў лічбы ў 1000 галоў. За паўгоддзе плануем рэалізаваць 5100-5200 галоў.
Атрыманыя вынікі радуюць. У першай партыі рэалізаваных свіней з 215 галоў 29 былі трэцяй катэгорыі — заважылі звыш 120 кілаграмаў, г. зн. сярэднесутачныя прыбаўленні пад час адкорму склалі звыш аднаго кілаграма. Гэта важкі паказчык. Ён сведчыць аб высокай якасці рамонтных свінак беларускай селекцыі. Маем таксама 100 свінаматак і кныроў дацкай селекцыі. Дарэчы, апошнія маюць падоўжанае тулава і вялікія вісячыя вушы. Гэтая парода найлепш падыходзіць для вытворчасці бекону.
— Пытанне, якое хвалюе многіх чытачоў: а дзе можна купіць бекон, сала і мяса?
— Свіней мы рэалізуем на Брэсцкі мясакамбінат, а часткова — на Бярозаўскі. З апошнім мы такім чынам разлічваемся за пазыку, якую ён нам выдзеліў на закуп маладняку. А каб жыхары горада змаглі набываць мяса, плануем у бліжэйшы час зноў адчыніць “Мясную лаўку” побач з заводам.
— Па прагнозах, як хутка свінакомплекс сябе акупіць?
— Пры самых добразычлівых умовах (а яны пакуль адсутнічаюць з-за банкаўскіх крэдытаў), такі свінакомплекс, як наш, акупаецца за 7 гадоў. За гэты час нам трэба пагасіць каля 300 мільярдаў рублёў банкаўскіх крэдытаў. Таксама ў планах — будаўніцтва ў 2017-2018 гадах уласнага забойнага цэха.
Зараз на свінакомплексе знаходзіцца 9800 галоў, а ў памяшканнях можна адначасова размясціць звыш 18000 жывёлы.
— Каб спраўляцца з такой гаспадаркай, неабходна мець добрых памочнікаў…
— Наш калектыў налічвае ўсяго 36 чалавек. У асноўным гэта моладзь. З імі лёгка працаваць. Хочацца сярод лепшых назваць, напрыклад, ветфельчараў Ларысу Данілюк, Ганну Варвашэвіч, Паліну Дзямешка, Лію Кандратовіч, аператараў па доглядзе за жывёлай Уладзіміра Міхайлоўскага, Ірыну Яўчук.
Яны стараюцца, не баяцца цяжкасцяў, ахвотна набіраюць вопыт у спецыялістаў, знаёмяцца з усімі тонкасцямі выбранай прафесіі. Дадам, што для дастаўкі спецыялістаў на работу завод закупіў мікрааўтобус, а таксама забяспечвае паўнацэнным гарачым харчаваннем.
Патэнцыял нашага свінакомплексу вельмі вялікі, таму мы абавязкова дасягнём праектнай магутнасці ў 24 тысячы галоў адкорму ў год.
— Дзякуй за гутарку.
Запісала Святлана БЯЛЯК.
На здымку: аператар па доглядзе за жывёлай Ала Харук, ветфельчар Ларыса Данілюк і ветурач Ганна Варвашэвіч з гадаванцамі свінакомплексу.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top