Пять радостей мамы Жанны

Пять радостей мамы Жанны

Іх у мамы Жанны пяцёра
Шматдзетная маці — няпростае прызванне. Яшчэ гадоў дзесятак назад можна было падумаць, што словы з вядомай песні стануць прароцкімі і “мода на дзяцей зусім пройдзе”. Але сёння ўсё больш жабінкаўцаў жадаюць выхоўваць 3-5 дзяцей. Пяцёра, праўда, рэдкасць.
У Жанны Леанідаўны Андрасюк (у дзявоцтве Юбко) два хлопчыкі і тры дзяўчынкі, ніхто ў сям’і не абдзелены цяплом і пяшчотай. Старэйшай Вользе хутка 22, а самаму маленькаму Жэніку ўсяго 1 год. У сям’і Андрасюкоў спачатку нарадзіліся адна за адной дзве дзяўчынкі, але тата вельмі хацеў хлопчыка, — расказвала мне мама. Шаснаццаць гадоў таму назад тата дачакаўся сына — нарадзіўся Рома.
Гаспадар і гаспадыня са шматдзетных сем’яў. Хваляванняў у іх не ўзнікла як наладзіць утульнасць у вялікай сям’і.
— Уяўляеце, як рада бабуля Вера Пятроўна, у якой сем унукаў, — гаворыць Жанна. — А ў дзядулі Сцяпана Раманавіча ўжо адзінаццаць унукаў і тры праўнукі, — усміхаецца Валерый Сцяпанавіч.
Сям’я Андрасюкоў 12 гадоў жыве ў вялікім цагляным доме ў Грыцэвічах. Пабудавалі яго за чатыры гады за ўласныя сродкі, пазыкі банкаўскай не выдзелілі, але дом узняўся такі, як хацелі, на шэсць пакояў.
Дарослае жыццё Жанны пачалося вучобай у вучылішчы пры Брэсцкім электралямпавым заводзе, потым працавала кантралёрам на “Цветотроне”. Сваё каханне знайшла на танцах у клубе Вялікіх Сяхновічаў, гэта было ў 1986-м годзе. Праз два гады згулялі вяселле. Я пацікавілася ў жанчыны думкай пра мужа. І ў яе вачах заіскрыліся агеньчыкі: “Ён вельмі працавіты, летам шчыруе на камбайне, абмалочвае збажыну, стараецца зарабіць як мага больш грошай. Валера — чалавек слова. Хвалюецца за дабрабыт і згоду ў сям’і”.
У гаспадарцы Андрасюкоў нашай ёсць конь, карова, свінні, авечкі, куры, качкі і ахоўнік-сабака. Садзяць бульбу, агуркі, памідоры, капусту. Без гэтага ў вёсцы і ў такой вялікай сям’і, як наша, немагчыма. Толькі аднойчы звярталіся па адрасную сацыяльную дапамогу. Тры месяцы запар атрымлівалі па 700 тысяч рублёў. Стараліся размяркоўваць іх у сям’і максімальна разумна. “Мы не ўтрыманцы, стараемся ўсяго дабівацца сваёй працай, — разважае Валерый. — Шматдзетным сем’ям сапраўды неабходна падтрымка дзяржавы. Але нельга разлічваць на тое, што нехта выгадуе тваіх дзяцей, забяспечыць іх будучыню. Трэба рупліва працаваць і тады будзе станоўчы вынік”.
Галоўная каштоўнасць Жанны і Валерыя Андрасюкоў — іх дзеці, аб якіх мама можа расказваць бясконца, таму што яны яе радасць, святло і шчасце. Пазнаёмімся з сынамі і дочкамі.
Вольга закончыла Брэсцкі політэхнічны каледж, працягвае вучобу ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце, цудоўны кулінар-повар. Таццяна знешне падобная на бацьку, з такімі ж блакітнымі вачыма. Адвучылася ў прафесійным ліцэі швейнай вытворчасці №26 імя Д.Карбышава, цяпер працуе ў фірме “Вика-торг”, шые жаночыя касцюмы і завочна вучыцца на матэматычным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Дзяўчына любіць чытаць мастацкую літаратуру, прыгожа вяжа. Раман — адзінаццацікласнік Якаўчыцкай школы. Хлопец працавіты, спакойны, часта дапамагае бацьку ў гаспадарцы: умее касіць, захапляецца тэхнікай, са старых дэталяў і вузлоў зрабіў веласіпед. Алена пяцікласніца Маціевіцкай школы. Старанная, руплівая, прыгожа спявае, актыўная ў грамадскім жыцці школы і класа. У мінулым навучальным годзе ўдзельнічала ў раённым конкурсе “Радавод маёй сям’і” і заняла першае месца. Жэнік — любімец усёй сям’і, маленькі гарэза. Хоць яму толькі два гады, але любіць разам з раманам сядзець ля камп’ютара, назіраючы за гульнёй брата. Пакуль гэта яго любімы занятак.
Ёсць у дзяцей свае мары-сакрэты. Яны мараць пра лічбавы фотаапарат. Алена — пра ўласны тэлефон і, каб тата зрабіў ў двары сапраўдны басейн, а Таня пачала збіраць грошы на швейную машынку.
Сям’я падрасла, змяніліся патрабаванні, але тут ніколі не жаляцца. Адчуваюць сябе дрэнна, калі нехта хварэе, а ўсё астатняе для іх не праблема. Для дарослых і дзяцей важна, каб сям’я была дружная, каб адзін аднаго падтрымлівалі.
— Хачу параіць маладым сем’ям: не бойцеся нараджаць дзяцей! У іх наша маладосць, — так завяршае гаворку гаспадыня Жанна Леанідаўна. Калі ў сям’і шмат дзетак, бацькі доўга застаюцца юнымі душой. Толькі сыны і дочкі дапамагаюць жанчыне рэалізавацца ў жыцці. Асабіста я, аглядваючыся назад, дакладна ведаю: іншага лёсу сабе не хачу.
Л.ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няшт.кар.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top