Горкі смак салодкага сезона

Горкі смак салодкага сезона

_DSC9969 _DSC0002У першыя дні верасня ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” прыступіў да чарговага перапрацоўчага сезона. Як ён ідзе і пра яго адметнасці расказвае начальнік прызаводскага буракапрыёмнага пункта Сяргей Аляксеевіч Барма:
— На Брэстчыне, як і раней, цукровыя буракі вырошчваліся на 21 тысячы гектараў. Найбольш іх было пасеяна ў Баранавіцкім, Камянецкім, Кобрынскім, Драгічынскім і Бярозаўскім раёнах.
Уборка караняплодаў заўжды пачынаецца ў пачатку верасня, масава — у кастрычніку: да гэтага часу карані максімальна набіраюць вагу. Каб стымуляваць земляробаў хутчэй выходзіць у поле, даплачвалі гаспадаркам за раннія тэрміны копкі.
Летась наш завод прыняў на перапрацоўку звыш 1 мільёна тон цукровых буракоў. Сёлета планавалася атрымаць ад пастаўшчыкоў сыравіны не менш. Аднак надвор’е ўнесла свае карэктывы: неверагодная спёка літаральна спаліла пасевы, і нашы аграрыі не змогуць выканаць нават дзяржзаказ. Ёсць гаспадаркі, дзе ўраджайнасць буракоў ледзь дасягае 150 цэнтнераў з гектара. (Каб мець прыбытак ад вырошчвання іх, яна павінна пераўзысці паказчык у 400 цэнтнераў на круг).
Караняплоды вельмі слабыя, ды яшчэ і ўзніклі праблемы з іх копкай, таму што дробныя, тэхніка не ў стане якасна выбраць іх з зямлі, асабліва на сугліністых глебах. Даўно адышлі ў нябыт часы, калі апрацоўвалі і падбіралі буракі ўручную.
Паралельна ўзнікае іншая праблема — якасць сыравіны.
Сыравіна ў першы тыдзень дастаўлялася ў вытворчасць вялая. Тэхнолагам даводзілася прыкласці нямала намаганняў, каб здабыць з сыравіны цукар. Адзіны плюс — утрыманне яго ў бураках перавышала базісную цукрыстасць (16%).
Ці змянілася сітуацыя пасля таго, як задажджыла і пахаладала? Чакаемага назапашвання масы караняплодаў не было, толькі на бураках з’явілася бацвінне. А на яго адрастанне, як вядома, расходуецца накоплены цукар. Гэта нам, перапрацоўшчыкам, зусім не на руку. Таму трэба капаць тое, што ёсць.
Прымаць сыравіну пачалі ў апошнія дні жніўня, каб да 1 верасня мець двухсутачны яе запас. Некалькі гадоў існуе практыка дастаўкі каранёў на завод згодна з распрацаваным графікам, што зручна як гаспадаркам, так і нам, няма нервознасці і спешкі. 30% аб’ёмаў іх дастаўляюцца аўтатранспартам, астатнія — па чыгунцы ў вагонах.
Улічваючы, што буракі сёлета не ўрадзілі, вялізных чэргаў ля завода не бачна, таму задзейнічана шэсць з васьмі буртаўкладачных машын. Іх хапае, каб без затрымкі за дзень разгрузіць каля 3000 тон каранёў, прывезеных аўтатранспартам. Кожны год на нарыхтоўчы сезон набіралі дадаткова рабочых, аднак сёлета неабходнасці ў гэтым няма. 22 чалавекі (супраць 30 — у мінулым годзе) спраўляюцца з пастаўленай задачай. Яны працуюць па “плаваючым” графіку: адны — з 8 да 16 гадзін, другія — з 12 да 20 з перапынкам на абед і выхаднымі. На тэрыторыі буракапрыёмнага пункта ёсць пакой прыёму ежы з халадзільнікам, мікрахвалевай печчу, электрачайнікам. Калі людзі працуюць звыш 10 гадзін у дзень, то забяспечваюцца гарачым харчаваннем.
Як жа тэхнічна падрыхтаваліся да чарговага перапрацоўчага сезона на заводзе? Сёлета пабудавалі і ўвялі ў эксплуатацыю лінію сухой падачы буракоў, аналагаў якой няма ў нашай краіне. Работнікі паспелі ўжо ацаніць гэтую навінку. Транспарцёр уключаецца тады, калі няма буракоў у вагонах. А вадзіцелі, якія дастаўляюць вырашчаны ўраджай, былі яшчэ здзіўлены і новым бетонным пакрыццём пляцоўкі, узведзеным у мыечным аддзяленнем. Трэба адзначыць, што ўсё новае абсталяванне, пушчанае ў эксплуатацыю ў новым сезоне, працуе ў зладжаным рытме, як і абяцалі наладчыкі. Дарэчы, завод выйшаў на вытворчыя магутнасці ад 8000-8400 тон буракоў перапрацоўкі. Іншая справа, што запас сыравіны мізэрны. Скажам, калі летась на цэнтральны буракапрыёмны пункт паступіла звыш 400 тысяч тон каранёў, то на сённяшні дзень усяго 120 тысяч тон. Гэта вельмі мала. Такога запасу яе, паводле папярэдніх падлікаў, хопіць толькі да сярэдзіны лістапада, мінулы ж сезон перапрацоўкі завод завяршыў напрыканцы лютага. Як у народзе кажуць, то густа, то пуста.
Працуем, нягледзячы ні на што.
— Дзякуй за гутарку.
Запісала Святлана БЯЛЯК.
На здымках: машыністы БУМа Мікалай Зозан і Уладзімір Крупянкоў; на прызаводскім буракапункце.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top