Untitled-13

Беларусь з “лічбай”!

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь інфармуе, што ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы завершана ўкараненне лічбавага тэле- і радыёвяшчання ў Рэспубліцы Беларусь стандарту DVB-T з прымяненнем кадзіравання (сціску) MPEG-4. Насельніцтва нашай краіны забяспечана трансляцыяй абавязковага агульнадаступнага пакета, які складаецца з 8 тэлевізійных праграм: Беларусь-1, АНТ, СТВ, Мір, РТР-Беларусь, НТБ-Беларусь, Беларусь-2, Беларусь-3 і гукавой праграмы — Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё.
Сёння на тэрыторыі Брэсцкай вобласці магчымы ўпэўнены эфірны прыём праграм лічбавага тэлебачання, якія трансліруюцца з 12 радыётэлевізійных перадаючых станцый (РТПС).
Зарыентаваўшы прыёмную тэлевізійную антэну ў бок найбліжэйшай РТПС (для жыхароў Жабінкаўшчыны — у Ракітніцы) і наладзіўшы лічбавы тэлевізійны прыёмнік (тэлевізар) або тэлевізійную прыстаўку на частату адпаведнага тэлевізійнага канала, атрымаеце магчымасць прагляду тэлепраграм эфірнага лічбавага тэлебачання.
Інфармацыю пра яго развіццё, арганізацыю эфірнага прыёму і рэкамендацыі па прыёме праграм наземнага лічбавага тэлевізійнага вяшчання можна знайсці на інтэрнэт-сайце РУП “БРТПЦ” www.brtpc.by.

“Сяліба”. Сто гадоў таму

У выдавецтве “Брэсцкая друкарня” пабачыла свет чарговая кніга лаўрэата літаратурнай прэміі імя У.А.Калесніка, нараджэнца вёскі Баранцы Анатоля Брытуна. “Сяліба” (так называецца новая аповесць нашага земляка) адлюстроўвае жыццё сялянскай сям’і на працягу некалькіх пакаленняў. Асновай для твора стала гістарычнае даследаванне “Бежанства 1915 года”. Кніга знаёміць з падзеямі, што паўплывалі на лёсы беларусаў у ХХ стагоддзі, дазваляе ўбачыць вачамі сведкаў нацыянальную трагедыю сялянства, якому давялося вытрымаць жорсткія выпрабаванні часу.

Месячнік “Чалавек
з белаю палкаю”

Грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства інвалідаў зроку” традыцыйна з 15 кастрычніка па 15 лістапада праводзіць месячнік “Чалавек з белаю палкаю”. Мэта яго — актывізаваць дзяржаўныя, грамадскія і іншыя структуры да рэалізацыі праграм, накіраваных на папярэджанне інваліднасці і рэабілітацыю гэтай катэгорыі людзей, стварэнне для іх жыццядзейнасці безбар’ернага асяродку.
Пад час месячніка на прадпрыемствы гандлю і сферы паслуг будуць накіраваны памяткі аб асаблівасцях абслугоўвання інвалідаў зроку. А 23 кастрычніка ў рамках гэтага мерапрыемства ў Брэсце адбудзецца конкурс “Я — самы рэабілітаваны”, у якім будзе ўдзельнічаць і сябра Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Настасся Бутрым.

“Кубак трэста” ў “Бадзёрасці”

Не толькі добра працаваць, але і адпачываць у сяброўстве са спортам могуць будаўнікі. У гэтым упэўніўся кожны, хто 10 кастрычніка наведаў спарткомплекс “Бадзёрасць”, які стаў месцам правядзення абласнога “Кубка трэста-2015” у міні-футболе, арганізаваным ААТ “Дарожна-будаўнічы трэст №4 г.Брэст”. Узначаліў аргкамітэт спаборніцтваў генеральны дырэктар таварыства І.М.Шугаеў, які і адкрываў гульні. У іх паўдзельнічалі каманды з абласнога цэнтра, Баранавічаў, Пінска, філіялаў ДБУ №№ 8, 13, 15, 22, ГБЗ “Амневічы” і РУП “Брэстаўтадар”. Пераможцамі кубка сёлета сталі спартсмены-аматары з Баранавічаў. Надзейнае судзейства матчаў забяспечваў жабінкаўскі суддзя А.А.Салей, якому дапамагаў С.М.Казімір.

Рыбакі, Будзьце асцярожныя!

Узгадаем апошні выпадак, які адбыўся 24 верасня гэтага года. На Мухаўцы было знойдзена цела 60-гадовага пенсіянера, жыхара Жабінкі. Пазней высветлілася, што ён напярэдадні пайшоў на рыбалку, упаў у ваду і ўтапіўся. У яго адсутнічала выратавальная камізэлька. Пра гэта расказаў старшыня Жабінкаўскай раённай арганізацыі “АСВОД” Юрый Гапончык, які звяртаецца да ўсіх рыбакоў з просьбай — захоўваць меры асцярожнасці і бяспекі пры рыбнай лоўлі — і нагадвае, што рыбалка ў стане алкагольнага ап’янення, пры абвастрэнні хвароб, як правіла, заканчваецца няшчаснымі выпадкамі на вадзе.
Сёлета на вадаёмах Брэстчыны ўтапіліся шасцёра рыбаловаў. Каб адпачынак быў прыемным, кожнаму рыбаку, асабліва пры лоўлі з лодкі, трэба мець выратавальную камізэльку.
Рыбакі! Будзьце асцярожныя на вадаёмах! Беражыце сваё жыццё!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top