У гонар той, што дала жыццё

У гонар той, што дала жыццё

IMG_1241 IMG_1268IMG_1275 IMG_1261

Дзень маці невыпадкова прыпадае на свята Пакроваў Прасвятой Багародзіцы. Як Маці Божая моліцца аб усіх хрысціянах, абараняе іх, так і для кожнага чалавека з маленства і на працягу ўсяго жыцця заступніцай з’яўляецца яго матуля. І пакуль яна ёсць, мы нават у сталым узросце адчуваем сябе дзецьмі.

14 кастрычніка на Жабінкаўшчыне адбыліся розныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню маці. Адно з іх — “І бляск у вачах ад радасці прамяністы”, месцам правядзення якога была актавая зала райвыканкама, дзе сабраліся прадстаўнікі розных працоўных калектываў.
Дзень маці — свята кранальнае, таму што мы з самага дзяцінства і да апошніх дзён захоўваем у сваёй душы адзіны і непаўторны вобраз той, што нарадзіла. Гэта яшчэ й свята вечнасці, так як з пакалення ў пакаленне для кожнага з нас яна — самы галоўны чалавек у жыцці. Сапраўды, калі жанчына становіцца маці, у яе праяўляюцца самыя лепшыя рысы — дабрыня, пяшчота, ласка, паважлівасць і бязмежная любоў. З прывітальным словам да віноўніц урачыстасці звярнуўся старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук. Ён зазначыў: “Павышэнне прэстыжу сямейных каштоўнасцяў, падтрымка мацярынства і дзяцінства з’яўляюцца прыярытэтнымі накірункамі сацыяльнай палітыкі кіраўніцтва краіны. У нашым раёне пражывае 347 шматдзетных сем’яў, якія выхоўваюць непаўнагадовых дзяцей. Ордэнам Маці на Жабінкаўшчыне ўзнагароджаны 30 матуляў. Сёлета яго атрымалі яшчэ дзве. У Беларусі пастаянна рэалізуюцца меры, накіраваныя на ўзмацненне матэрыяльнай падтрымкі сем’яў з дзеткамі, у тым ліку шляхам ажыццяўлення выплат у сувязі з нараджэннем, утрыманнем і выхаваннем нашчадкаў. Памеры дзяржаўных дапамог, якія назначаюцца і выплачваюцца паводле Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, пастаянна павялічваюцца. Так, памер аднаразовай дапамогі пры нараджэнні першага дзіцяці — 15,7 мільёна рублёў, другога і наступных — 22 мільёны. Павялічаны памер дапамогі па доглядзе за дзіцём ва ўзросце да 3 гадоў і складае на першае — 2 мільёны 344 тысячы рублёў, на другое і наступныя — 2 мільёны 679 тысяч рублёў.
Сёлета 40 шматдзетным сем’ям, у якіх нарадзіліся трэція і наступныя дзеці, назначаны сямейны капітал у памеры 10 000 долараў ЗША. Значнай формай іх сацыяльнай падтрымкі з’яўляецца забеспячэнне бясплатным харчаваннем дзяцей першых двух гадоў жыцця, малазабяспечаным выдаецца адрасная сацыяльная дапамога.
Цяпер на ўліку паляпшэння жыллёвых умоў стаіць 101 шматдзетная сям’я, 11 палепшылі іх сёлета”.
Завяршаючы вы-ступленне, Фёдар Фёдаравіч выказаў прачулыя словы і пажаданні, каб штодзённыя мацярынскія клопаты не перашкаджалі ім заставацца заўсёды маладымі, прыгожымі, шчаслівымі, каб іх дамы поўніліся святлом, цяплом і любоўю дарагіх людзей і ўручыў ордэн Маці Галіне Яўгенаўне Арышчук з Пруска, якая нарадзіла і выхоўвае дзвюх дочак і трох сыноў.
Кветкі і падарунак матуля-ардэнаносец атрымала таксама ад старшыні раённага аддзялення Беларускага фонду міру Любові Іванаўны Ярмашук, якая таксама пажадала ёй і ўсім мамам моцнага здароўя, шчасця, бадзёрых ранкаў і ясных дзён.
Нялёгкая ноша — нарадзіць, выгадаваць, навучыць розуму, напрыклад, трое-пяцёра і болей дзетак. Колькі іх, сыноў і дочак, столькі ж страхаў за іх здароўе, столькі ж трывог за іх будучыню. Праўда, столькі і ўсмешак, пяшчотных слоў, якімі адорваюць мамачку! За дзевяць месяцаў на Жабінкаўшчыне нарадзіліся 222 немаўляці. На ўрачыстасці пасведчанні шматдзетнай сям’і былі ўручаны Галіне Браніславаўне і Віктару Мікалаевічу Гарошкам, якія гадуюць дочак Ганначку, Палінку і сына Жэню; Вользе Анатольеўне і Аляксандру Аляксеевічу Селяхам, якія выхоўваюць Кацярынку, Маргарытку і Іллю. Шчаслівым мамам і татам былі паднесены падарункі і кветкі ад калектываў, дзе да адпачынку па доглядзе за дзіцём да трох гадоў працавалі жанчыны: ТРУП аддзялення Беларускай чыгункі “Жабінкаўская дыстанцыя пуці” і ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”.
Словы падзякі за святую і вялікую місію мацярынства сказалі старшыня камітэта прафсаюза Жабінкаўскай дыстанцыі пуці А.Я.Шчасюк, намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” А.В.Еўтуховіч і старшыня прафкама гэтага прадпрыемства І.К.Якубук. Іх словы-пажаданні, а таксама іншых выступоўцаў змяняліся музычнымі гукамі, узнёсла-паэтычнымі радкамі вядучых, дапаўняліся задушэўнымі і шчымлівымі песнямі ў выкананні Аксаны Пракошынай, Надзеі Чэчалевай, Кацярыны Лось, Галіны Міцковіч, іншых, прыгожымі ролікамі з жыцця нашых мам.
Я ў сваю чаргу заклікаю ўсіх не шкадаваць для матуляў свайго часу, сваіх цёплых слоў, як не шкадуе яна для нас сваёй дабрыні і ласкі.
Людміла КОСЦІНА.
На здымках: пад час урачыстасці.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top