Свая чужая дачка

Свая чужая дачка

acfbfe2b0a72a398ce09f3d2f10f0a73

Вера і Сяргей пазнаёміліся ў мясцовым клубе, куды часта хадзілі на рэпетыцыю ў гурток мастацкай самадзейнасці. Моладзі ў вёсцы было многа, канцэрты ладзілі цікавыя, вясёлыя. Дзяўчына працавала бухгалтарам у калгаснай канторы, хлопец быў ляснічым. Вера — прыгожая, стройная, з густой цёмнай касой. Яна хораша спявала, ну проста зачароўвала ўсіх сваім голасам. Ад кавалераў не было адбою, але Веры спадабаўся Сяргей: сціплы, самастойны, сур’ёзны. Яму таксама прыглянулася чарнабровая прыгажуня. Яны пачалі сустракацца і праз тры месяцы згулялі вяселле. У Сяргея пры лясніцтве была невялічкая кватэра, дзе і пасяліліся маладыя. Жылі ў згодзе. Муж і ў сямейным жыцці быў спакойны, разважлівы, а Вера — гаспадыня на ўсе рукі: і згатаваць, і прыбраць не ленавалася. І ўсё было б добра, каб не адно засмучэнне: яна ніяк не магла зацяжараць. Спачатку гэта іх не вельмі турбавала, але калі пайшоў трэці год сумеснага жыцця, маладыя затрывожыліся. Пачалі звяртацца да ўрачоў, ездзілі ў розныя клінікі, былі нават у Мінску.
Прысуд дактароў быў адзін: Вера не можа мець дзяцей. Для маладой сям’і гэта было сапраўднай трагедыяй. Калі муж яшчэ стрымліваўся і нават заспакойваў жонку, то тая была проста ў адчаі. Сэнс жыцця як бы згубіўся, усё стала нецікавым ёй.
Невядома, як жылося б далей. Неўзабаве Веру накіравалі на курсы бухгалтарскай перападрыхтоўкі ў Мінск. Пасялілі яе ў інтэрнаце з Ганнаю. На заняткі яны хадзілі ў розныя змены, але ўвечары пасля няхітрай вячэры доўга не спалі, расказвалі кожная пра сваё. У адну з начэй прачнуліся ад дзіцячага плачу за сцяной. Раніцай больш цікаўная Аня паведала, што ў суседнім пакоі жыве маладая жанчына. Зваць яе Тоня і ў яе двое дзяўчынак — блізнятак. Мужа няма, жыллё часовае, і ісці ёй няма куды.
Цэлы дзень Вера хадзіла задуменная, ноччу варочалася ў сне і ўжо на наступную раніцу, калі ішла на заняткі, пастукала ў суседні пакой.
Дзверы адчыніла невысокая светлавалосая дзяўчына. Яна здзіўлена глядзела на суседку.
— Я ўсё ведаю, — сказала Вера. — Аддай мне адну дзяўчынку, я не магу мець дзяцей. Абяцаю, буду шкадаваць, выгадую, як родную, і табе лягчэй будзе.
— Як гэта аддай? — ажно пачырванела ад абурэння жанчына. — Зараз жа выйдзіце!
Вера выйшла і расплакалася. На заняткі яна ў той дзень не пайшла, а назаўтра, калі Ані ўжо не было, да яе завітала Тоня.
“Ідзі, забірай”, — ціха сказала яна. Вера хуценька пакідала ў сумку свае рэчы, напісала запіску, што захварэла, і паехала дамоў. Сама ж пайшла ў пакой за Тоняй…
Сэрца яе калацілася. Ідучы да лесвіцы, яна ўся дрыжала ад страху, што яе аклікнуць, затрымаюць. Але ў інтэрнаце жылі і сямейныя, з дзецьмі, таму на яе ніхто нават не звярнуў увагі. На вуліцы Вера спыніла таксі і хутка апынулася на вакзале. Да цягніка быў яшчэ час, а таму зайшла ў пакой маці і дзіцяці, папаіла малую з бутэлечкі, шчыльней закруціла і выйшла на перон. Праз дзве гадзіны яна была ўжо на сваёй станцыі, адкуль пазваніла Сяргею.
У сельсавеце старшынёй быў добры знаёмы Сяргея. Пытанняў ніякіх не задаваў. Дзяўчынку запісалі і назвалі Наташай. Ішоў дзень за днём. Дзяўчынка расла разумніцай і прыгажуняй. Праўда, кучаравыя светлыя валасы і блакітныя, як неба, вочы трохі здзіўлялі вяскоўцаў: бацькі ж былі абое цёмнавалосыя, з карымі вачамі. Але ў рэшце рэшт усе пагадзіліся, што дзяўчынка ў бабулю, Сяргееву маці, бо тая таксама была бялявая, невысокага росту і дробнага складу.
Бацькі нацешыцца не маглі з дачушкі, шкадавалі і песцілі яе. Дзяўчынка стала сэнсам іх жыцця.
Неўзабаве яны купілі кватэру, і сям’я пераехала жыць у горад.
Наташа вырасла, скончыла школу, затым інстытут, выйшла замуж, аднаго за другім нарадзіла двух хлопчыкаў. Баба Вера і дзед Сяргей душы не чулі ад захаплення ўнукамі, аддавалі ім увесь свой вольны час. Маладыя між тым развяліся, і Наташа з дзецьмі так і засталася жыць з імі. Яна працавала эканамістам, бацькі ў хуткім часе выйшлі на пенсію, няньчыліся з унукамі ды корпаліся на невялічкай дачы.
Раптам моцна захварэў і памёр Сяргей. Як перажыць вялікае гора? Вера плакала амаль увесь час, пасівела, кожны дзень хадзіла на могілкі. Наталля больш стрымлівалася. Бацьку яна вельмі любіла, ёй здавалася, што гэта ўсё страшны сон, што вось бацька прыйдзе, пашкадуе, суцешыць…
Падрасталі ўнукі. Баба Вера ўсю душу аддавала малым. Яна гатавала, што яны любяць, купляла цацкі, расказвала і чытала казкі. Хлопчыкі таксама любілі бабулю, слухаліся яе слова.
Жыццё сям’і спакваля ўвайшло ў ціхае і спакойнае рэчышча, але — да пары. Усё пачалося з таго, што Наташын аднакласнік Арцём, будучы ў Мінску, на вакзале сустрэў жанчыну, як дзве кроплі вады падобную да Наташы. Калі ён кінуўся з роспытамі, жанчына адказала, што яна не Наташа, а Таня. Занепакоілася: чаго ён прыстаў да яе і хто такая Наташа? Той пра ўсё і расказаў. Таня папрасіла адрас і нумар тэлефона вяскоўкі.
Хутка ў кватэры раздаўся тэлефонны званок. Праз некалькі дзён Таня ўжо была ў іх. Наташа разгублена маўчала і слухала, як доўга размаўлялі госця і маці. Баба Вера расказала, як усё было, нічога не ўтаіла.
Праз які час Наташа паехала ў Мінск. Антаніна Францаўна, так звалі родную маці, паўтарыла ўжо чутую гісторыю, вінавацілася і плакала.
Седзячы за сталом насупраць, госця пазірала на яе і адшуквала ў сваім сэрцы хоць тоненькую нітачку душэўнай цягі да маці, хоць кроплю роднага цяпла. Яго не было. Назаўтра яна была ўжо дома. Баба Вера ні пра што не пыталася, а дачка цэлы дзень хадзіла самотная, засяроджаная, а ўвечары, калі баба Вера збіралася спаць, прыйшла да яе ў пакой.
— Ну, як ты, дачушка? — спагадліва спытала маці. І тут Наташа заплакала ўголас, кінулася да маці, моцна абняла яе.
— Ты мая мама, самая найлепшая, самая родная! — праз слёзы паўтарала яна.
— А ты — мая дачушка, мая, і заўсёды была і будзеш маёй, — таксама праз плач шаптала бабуля Вера…
Таня і Наташа яшчэ некаторы час сазваньваліся, але ўсё радзей і радзей.
Жыццё пацякло зноў спакойна. Унукі выраслі, займелі сем’і, бабуля не магла нарадавацца праўнукам. Вось толькі гады бралі сваё. Яна пачала часта хварэць: адмаўлялі ногі, мучыў ціск, праявіўся цукровы дыябет. Наташа спраўлялася з усім, як сапраўдная медсястра. Яна асвоіла масаж, рабіла ўколы, сачыла за ціскам, згадвала час, калі піць таблеткі. Словам, даглядала матулю, як найлепшая дачка.
Доўгімі зімовымі вечарамі, лежачы ў ложку і слухаючы посвіст ветру за акном, Вера думала, як склалася яе жыццё. Усё было ў ім: і добрае, і благое, але яна не магла паскардзіцца: у яе ёсць разумная, поўная любові дачка, выдатныя ўнукі, цудоўныя праўнукі. Дзякуй Богу, самая страшэнная для старых праява — адзінота — не кранула яе. І цяпер, на схіле гадоў, бабуля Вера цвёрда ўпэўненая, што жыццё не бывае простым. Нездарма ж людзі кажуць: “жыццё пражыць — не поле перайсці”.
Лідзія ЗІНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top