Гайдае Мухавец човен вікінгаў…

Гайдае Мухавец човен вікінгаў…

45236d948a2e9f986024323d7d6adfed_XL

Ала і Сяргей Палікарпукі, гаспадары аграсядзібы “На Зарэчнай вуліцы”, што ў вёсцы Пескі-1 Кобрынскага раёна, ламалі галаву над тым, што яшчэ цікавага можна прапанаваць жадаючым адпачыць на ўлонні прыроды.
— Нашы мясціны маюць цікавую гісторыю, — расказвае па тэлефоне Ала. — Даведаліся неяк, што па Мухаўцы праходзіў адзін з пяці маршрутаў “з вараг у грэкі” — “бурштынавы шлях”, калі судны ў ІХ-ХІ стагоддзях везлі бурштын з Балтыі. З’явілася думка — а чаму б не аднавіць сярэднявечча?
Так нарадзілася ідэя будаўніцтва карабля ў старажытным стылі. Сродкі на рэалізацыю задумкі былі выдзелены праектам міжнароднай тэхнічнай дапамогі (USAID) “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”.
Гаспадары аграсядзібы Палікарпукі і сябры-рамеснікі з энтузіязмам узяліся за сякеры. Хутка на беразе ракі з’явіўся казачны карабель “Слейпнір” з высока паднятым носам і кармой, упрыгожаны галавой дракона і стылізаванымі пад старажытнасць шчытамі. Драўляны драккар мае чатыры пары вёслаў і ўмяшчае на сваім борце каля 20 чалавек.
…4 кастрычніка карабель “Слейпнір” здзейсніў першы “пробны” заплыў. Яго праверылі і адрэгулявалі. Цяпер трэба толькі дачакацца адкрыцця навігацыйнага сезону.
Як расказала Ала Палікарпук, драўляны драккар будзе катаць жадаючых па Мухаўцы па 40-кіламетровым маршруце, які пралягае на тэрыторыі Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў. Пры гэтым адпачываючыя змогуць не толькі палюбавацца воднымі краявідамі Мухаўца, але прайсці пехатою, праехацца на веласіпедах, конях, плыце па слаўных мясцінах нашага краю. Напрыклад, у экскурсію ўключана наведванне Свята-Мікітаўскай царквы XVI стагоддзя ў в.Здзітава, Крупчыцкага поля, дзе змагаліся паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі з войскамі Аляксандра Суворава, прагулка па грабавым парку і інш.
У будучым гаспадары аграсядзібы плануюць таксама набыць палатняныя шатры, гліняны посуд, знаёміць турыстаў з абрадамі, якія былі папулярныя ў сярэднявеччы.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: самаробны карабель Палікарпукоў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top