Праваслаўнай верай яднаныя

Праваслаўнай верай яднаныя

IMG_0735

Паняцце “брацтва” для Праваслаўнай Царквы не новае, ва ўсе часы пры храмах ствараліся суполкі людзей, гатовыя паслужыць Богу і блізкім. Ідэя стварэння аб’яднання менавіта праваслаўнай моладзі ўзнікла ў 1953 годзе ў Францыі, тады з’явілася першая праваслаўная моладзевая арганізацыя, якая існуе і дагэтуль — Сіндэсмос (у перакладзе з грэчаскай мовы — “единство духа в союзе мира”). Поспех гэтай арганізацыі стаў штуршком да таго, што ва ўсім свеце праваслаўная моладзь пачала арганізоўвацца ў розныя брацтвы, клубы.
У 2007 годзе пры Свята-Пакроўскім храме Жабінкі было створана моладзевае брацтва, нябесным ахоўнікам якога быў абраны беларускі святы, прапаведнік і багаслоў свяціцель Кірыла Тураўскі. Узначаліў брацтва настаяцель храма святар Сергій Петрусевіч.
З таго часу штотыднёва па суботах пасля Усяночнага Няспання праваслаўная моладзь збіраецца ў будынку Нядзельнай школы для вывучэння сваёй веры, актыўнага ўдзелу ў жыцці Царквы, хрысціянскіх зносін і ўзаемадапамогі ў набыцці хрысціянскіх даброт, выратавання душы. З 2012 года кіраўніком брацтва быў назначаны клірык Пакроўскага храма святар Андрэй Петрусевіч, які зараз з’яўляецца натхняльнікам “маладзёжкі” (так маладыя людзі з любоўю называюць брацтва).
На суботніх сустрэчах айцец Андрэй праводзіць тэматычныя гутаркі, семінары, арганізоўвае прагляд і абмяркоўванне стужак. Зразумела, не абыходзіцца і без святочных сустрэч: існуе добрая традыцыя віншаваць сяброў брацтва з Днём Анёла, святкаваць праваслаўны мужчынскі дзень (дзень памяці вялікапакутніка Георгія Пераможцы) і жаночы (дзень памяці святых жонак-міраносіц), арганізоўваць кулінарныя паядынкі і музычныя конкурсы. На працягу года юнакі і дзяўчаты ходзяць у паходы, спаборнічаюць у спартыўных мерапры-емствах, з задавальненнем адпраўляюцца ў паломніцкія паездкі (пабывалі ўжо ў Тураве і Гродне), адпачывалі ў Брэсцкім Лядовым палацы і Белавежскай пушчы.
Маладыя вернікі нясуць паслушэнства ў храме: падтрымліваюць парадак у ім, дзяжураць у святочныя дні, спяваюць у хоры.
У перыяд Каляд моладзевае брацтва песнямі і вершамі віншуе прыхаджан Свята-Пакроўскага храма, а таксама ўсіх жыхароў горада са святам Раства Хрыстова, прыносіць вестку аб нараджэнні Бога ў многія дамы горада.
Наша брацтва выступіла арганізатарам інтэлектуальнай гульні для старшакласнікаў школ горада “Беларусь праваслаўная”, а таксама для моладзевых брацтваў епархіі “Пакроў”.
Маладыя вернікі актыўна ўдзельнічаюць не толькі ў прыходскіх мерапрыемствах і святах, але і ў епархіяльных: сустрэчах, велапрабегу, канцэртах і вечарынах. Штогод у жніўні мы адпраўляемся на злёт праваслаўных брацтваў Брэсцкай епархіі “Адзінства”. Бягучы 2015 год стаў для нашай “маладзёжкі” годам перамог на злёце: сталі першымі ў валейбольным турніры, а таксама заваявалі галоўную ўзнагароду злёту — права ўвесь год называцца лепшым брацтвам і захоўваць у сябе сцяг “Адзінства”.
Варта сказаць і аб творчай дзейнасці “маладзёжкі”. Прыхаджанам і многім жыхарам горада палюбіліся тэатральныя пастаноўкі пад час калядных і пасхальных святаў: “Девочка со спичками”, “Голый король”, “Принц и нищий”, “Ночь в музее”, “Молчание Васи”.
Моладзевае брацтва вось ужо восем гадоў з’яўляецца неад’емнай часткай прыхода Свята-Пакроўскага храма, дапамагае маладым людзям знайсці сваё служэнне Богу, выконваючы словы Свяшчэннага Пісання: “Никто да не пренебрегает юностью твоею, но будь образцом для верных в слове, в житии, в любви, в духе, в вере, в чистоте” (І Тим. 4:12).
Юлія ПЕТРУСЕВІЧ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top