Прафесія, пазбаўленая лірызму

Прафесія, пазбаўленая лірызму

IMG_2376

Віктар Валасюк, герой нататкі, лічыць, што на выбар будучай прафесіі паўплывала сям’я: неаднойчы мама-эканаміст, абмяркоўваючы працоўныя будні, ужывала прафесіянальныя тэрміны. У школе Віктар “пасябраваў” з лічбамі: дакладныя навукі кшталту алгебры, фізікі, хіміі даваліся вучню вельмі лёгка. “Не лірычная я натура, — лічыць Віктар, — “бульварныя” раманы дагэтуль у рукі не бяру. А вось паламаць галаву над доказамі тэарэмы ў вольны час не адмаўляюся і зараз”.
На сямейным савеце бацькі падтрымалі рашэнне дзевяцікласніка другой гарадской школы атрымаць прафесію эканаміста. Віктар, маючы толькі выдатныя адзнакі ў школьным атэстаце, без праблем стаў навучэнцам Брэсцкага тэхнікума бізнесу і права. Уважлівы, мэтанакіраваны, дапытлівы юнак да вучобы падыходзіў адказна. Нарэшце, у 2005 годзе атрымаў дыплом з адзнакай, які даў магчымасць выпускніку тэхнікума заняць пасаду эканаміста па працы і заробку ў ААТ “Жабінкаўскі”.
Малады спецыяліст набіраўся вопыту і паралельна ўдасканальваў веды ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце. У 2009 годзе атрымаў спецыяльнасць “Эканоміка кіравання на прадпрыемстве”. Праз тры гады “падняўся” па службовай лесвіцы — стаў галоўным эканамістам ААТ “Жабінкаўскі”.
Віктар прызнаецца, што ні кропелькі не шкадуе аб аднойчы выбраным жыццёвым шляху: “Работа побач, далёка ехаць не трэба, і — самае галоўнае — яна падабаецца. З добрым настроем спяшаюся ў кантору, з добрым — вяртаюся дадому, дзе чакае маладая жонка, дарэчы, таксама эканаміст па адукацыі”.
В.Валасюк адзначае, што ў гаспадарцы, якая стала яму роднай, добразычліва ставяцца да моладзі: пажаданні, заўвагі, прапановы, просьбы маладых спецыялістаў не застаюцца па-за ўвагай старэйшых калег і кіраўніцтва. Можа, таму яны пасля адпрацаваных двух гадоў не разбягаюцца ў пошуках лепшай долі, а працягваюць працаваць тут, атрымліваюць добры ўраджай, павышаюць прадукцыю ферм?
Настаўнікам і дара-дчыкам для маладога эканаміста стала Галіна Васільеўна Курдзюк. Яе ўводзіны ў справы, слушныя парады Віктар узгадвае з цеплынёй у голасе. Дапамагалі яму таксама бухгалтары, інжынеры, спецыялісты ветэрынарнай і агранамічнай службаў хутчэй унікнуць у расцэнкі, правесці патрэбны аналіз спраў.
А цяпер Віктар Валасюк і сам можа быць у ролі педагога.
— Эканамісты і бухгалтары, пэўна, самыя непрыкметныя ў сельгаспрадпрыемствах, — лічыць ён. — Дасягненні ў аграномаў выражаюцца ўраджайнасцю, у заатэхнікаў — надоямі. А ў нас дасягненні — калі іншыя работнікі задаволеныя заработнай платай.
Пры гэтым суразмоўца падкрэслівае: заробак мацуецца на тым, што чалавек павінен не атрымліваць, а зарабляць. У ААТ “Жабінкаўскі” сярэдні заробак у 4700 тысяч рублёў — адзін з самых высокіх сярод сельгасвытворцаў. Той, хто шчыра рупіцца — той і зарабляе. Пры гэтым распрацаваны сістэмы прэміравання працаўнікоў і спецыялістаў, вылучаюцца перадавікі на ўборцы збожжа, нарыхтоўцы кармоў. Таксама існуе сістэма натуральнай аплаты працы, калі работнікі атрымліваюць заробак сенам і збожжам.
Віктар лічыць, што без эканаміста любая работа не мае сэнсу, калі ў ёй не будзе распрацаваная сістэма аплаты працы. З яго меркаваннем лічыцца на планёрках кіраўнік гаспадаркі А.С. Тарасевіч. І гэта зразумела: менавіта Валасюк распрацоўвае мерапрыемствы па эфектыўным выкарыстанні матэрыяльных сродкаў, маёмасці, пагашэнні запазычанасці, распра-цоўвае бізнес-планы развіцця, сістэму аплаты, кантралюе фонд аплаты працы і расходавання сродкаў, праводзіць аналіз работы жывёлагадоўчай і раслінаводчай галін і інш.
— Мая прафесія поўнасцю пазбаўлена лірызму, — кажа Віктар. — Лічбы — рэч упартая. Таму мая настольная кніга — “Працоўны Кодэкс Рэспублікі Беларусь” і некалькі прафесійных часопісаў.
Скрупулёзны і сабраны на працы, дома ён добры і любячы муж. Навучыў жонку рыбаліць, знаходзіць у лесе грыбы. Разам з сямейнымі сябрамі часта збіраюцца ў паходы, адпачываюць ля кастра з песнямі пад гітару. У далейшых планах сям’і Валасюкоў — будаўніцтва ўласнага жылля. Хочацца верыць, што запланаванае збудзецца.
Святлана БЯЛЯК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*