“Яшчэ даражэй — калі з вуснаў дзіцяці”

“Яшчэ даражэй — калі з вуснаў дзіцяці”

IMG_1124Два словы прамовіў і з радасцю слухаў.
Два словы — прызнанне і вечная памяць.
“Кахаю цябе” боль здымаюць і скруху
На золку тужлівым і ў грозную замець.
Шчаслівы! Два словы прапісаны ў хаце.
Іх чуеш удзень, уначы, на змярканні
Ад сябра, каханай, ад бацькі і маці,
Яшчэ даражэй — калі з вуснаў дзіцяці.

Юзаф Крашэўскі.

Кожны, хто сям’ёю даражыць, ведае дакладна: не можа быць шчасця большага, няма радасці лепшай для матулі, калі дзеці здаровыя, разумныя, паспяховыя. Бывае, перабіраеш сямейныя фотакарткі, а на іх — лепшыя моманты жыцця, сагрэтыя шчырымі ўсмешкамі. Усе разам — усім хораша, дарослым і маленькім. Міжволі згадаеш першы крок, першы зуб, слова першае, клас пачатковы, а вунь ужо і выпускны… Гэтак, у клопатах пра сваіх родных, ляціць жыццё. Быць карысным сваім дзецям — хіба ж не ў тым галоўны сэнс? На гэтае рытарычнае пытанне даўно знайшла адказ Галіна Генрыхаўна Дулевіч.

Слоў пяшчотных сказана так мала

МЕСЯЦ ТАМУ ў хаце Дулевічаў было святочна — у Галіны Генрыхаўны быў чарговы дзень нараджэння. Сярод падарункаў, віншаванняў, мо самае запамінальнае атрымала ад малодшага сына. Той прытуліўся да маці і радасна, з непасрэднасцю, уласцівай ягонаму ўзросту, горача прамовіў:
— Мама, ты нават не ўяўляеш, які я шчаслівы, што ты нарадзілася!
Нездарма ж у народзе кажуць — вуснамі дзіцяці гаворыць ісціна… Ад гэтых добрых слоў зрабілася адразу і смешна, і прыгожа на душы. А потым, ва ўспамінах, міжволі азірнулася на многа гадоў назад — ва ўласнае дзяцінства. Пяшчотна абняла маленькага Генрыха і ў чарговы раз падумала: як мала ўсё ж паспела такіх вось ласкавых і шчырых слоў сказаць Генрыху-старэйшаму…
Калі заходзіш у раённую бібліятэку, дзе працуе Галіна Генрыхаўна, адразу заўважаеш вялікую выставу, прысвечаную гісторыі роднага краю, яе вядомым землякам. Пачэснае месца між імі займаюць кнігі, дакументы, рэчы воінаў-афганцаў. Для Галіны Дулевіч гэта чарговы напамін пра бацькаў лёс. Таму самотна прамаўляе:
— Хоць шмат гадоў мінула, спакою не дае ягоная гібель. Не ведаю, як склаў ён галаву ў далёкім і няветлівым краі. Ведаю, мой бацька, прапаршчык Генрых Казіміравіч Цыкман, служыў у 192-ім Нарваўскім палку, размешчаным у Газні. Памёр ад цяжкай раны, пра тое напісаў ягоны камандзір Барзых. Адбылося гэта 10 мая 1982 года. Толькі суткі не дажыў да свайго трыццаць першага дня нараджэння…
А ўжо праз дзевяць дзён на Міншчыну, у гарадскі пасёлак Урэчча, дзе жылі ягоныя родныя, з далёкай вайны, што закранула многія беларускія сем’і, прыбыў груз 200. Дасюль, нібыта было ўсё ўчора, чуе Галіна, як мясцовыя хлапчукі паведамілі ёй навіну. Крычалі ўзбуджана, нават радасна — як сказана ў Запавеце: “даруйце ім, не ведаюць, што робяць”:
— Галка, Галка, а твайго татку забілі!
Затым, нібыта ў сне, прамовы, ганаровы каравул у Доме афіцэраў, стрэлы над закрытай дамавінай з цынку… І сёння не знікаюць жаль і адчуванне: не сказана ўсіх слоў… Беражыце сваіх родных: спакой душэўны тых, хто побач з намі, і памяць тых, хто адляцеў у нябыт…

Стала Жабінка аднойчы лёсам

ЦЯПЕР І ЎЯВІЦЬ ёй цяжка — быў час, калі нават назвы “Жабінка” не ведала, тым больш не здагадвалася, што гэты маленькі ўтульны гарадок пад Брэстам аднойчы стане лёсам для яе.
Чвэрць стагоддзя таму, пасля заканчэння сярэдняй школы ў Салігорску, дзяўчына марыла калі-небудзь апрануць афіцэрскія пагоны. Усё ж і тата, і матуля Таццяна Паўлаўна былі ваеннаслужачымі, нават большасць узнагарод у школьныя гады мела Галіна за поспехі ў пачатковай ваеннай падрыхтоўцы. Аднак дзяўчат тады ў вайсковыя ўстановы не бралі. З маленства захаплялася кнігамі. Гэта і вызначыла выбар — пайшла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С.Пушкіна. Навукі даваліся лёгка. Гэта быў час пазнавальны, напоўнены вясёлым запалам, уласцівым маладосці, нават лепшую сяброўку Рыму Сарока (якая з часам паслухалася Галінай парады, таксама пасялілася ў Жабінцы) у Магілёве адшукала.
Раней размяркоўвалі выключна па абласцях: адкуль прыйшоў — туды вяртайся! А Галіну Генрыхаўну чамусьці цягнула ў Брэст: усё ж нямала чула і чытала пра гожы горад з гераічнай крэпасцю, таму і ўпрасіла пры размеркаванні накіраваць яе на Брэстчыну. Гэтак трапіла ў наш раён. Спачатку ў бібліятэку пасёлка Ленінскі, затым у дзіцячую райцэнтра, а з 2011-га загадвае аддзелам бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Аднак патрэбна крыху вярнуцца назад, у 1991 год, калі Галіна прыехала ў Жабінку. Ужо з першых дзён горад падараваў карысныя знаёмствы. У тым ліку з будучым мужам. Патрэбна было ўладкавацца ў інтэрнат, і Вячаслаў Дулевіч наняўся дапамагчы дзяўчыне. Яна з боку асцярожна назірала за хлопцам, які майстраваў нешта, а той, як пазней аказалася, — за ёю. І думкі ў іх былі зусім розныя, нават супрацьлеглыя. “Такі погляд насмешлівы, нібыта вывучае… Сапраўдны Казярог. З гэтым чалавекам ніколі б не сустракалася!” — падумалася ёй. Аднак Слава, пазіраючы на гожую дзяўчыну, разважаў зусім інакш.
…Нездарма ўсё ж гавораць: ніколі не кажы “ніколі”. І году не прайшло, як ён, а следам і яна ў Жабінкаўскім загсе згадзіліся прамовіць “так!”.

У дзецях адшукалі сваю радасць

ТОЙ ДЗЕНЬ, 6 чэрвеня 1992 года, калі сышліся госці на вяселле, памятны ў сям’і. Бяседа насамрэч выдалася шматлюднай. Чаму здзіўляцца — толькі братоў і сясцёр у Вячаслава шасцёра, сярод іх — ён у самай залатой сярэдзіне: нехта са старэйшых яго гадаваў, над малодшымі сам верхаводзіў. Адным словам, гучнае атрымалася свята на радзіме маладога ў вёсцы Стралі, на мяжы Камянецкага і Жабінкаўскага раёнаў. Зычылі, канечне, шчасця, дабрабыту і, вядома, вялікага папаўнення ў маладой сям’і. Неўзабаве час прыйшоў выконваць пажаданні, што на вяселлі чуліся.
Першаніцаю стала Настасся. Калі маці расказвае пра старэйшую дачку, не хавае захаплення. Тая заўжды вызначаецца прагаю да ведаў, закончыла музычную школу, з дзяцінства мела прыхільнасці да малявання, ахвотна займалася вышыўкай, радавала родных сваім умельствам. Калі ў сям’і нарадзіліся сыны Сцяпан і Генрых, Насця дапамагала выхоўваць братоў. Наймалодшы, з якім даводзілася найбольш бавіцца, калі-нікалі нават мамай сястрычку называў.
— Ёсць у яе яшчэ карысная якасць, — дадае Галіна Дулевіч, — можа даходліва, нібыта прыро-джаны педагог, тлумачыць, любіць займацца з малодшымі. З маленства паставіла перад сабою мэту стаць урачом (абавязкова “тым, што дзяцей лечыць”!) і прыклала ўсе намаганні, каб “маленькая” яе мара перарасла ў вялікую.
Гэтак пяць гадоў таму ў сям’і з’явіліся адразу дзве студэнткі: не толькі Насця (каб стаць у рэшце рэшт педыятрам) паступіла ў Гродзенскі медуніверсітэт, але й сама Галіна Генрыхаўна — у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва.
— Уявіце, якая нагрузка на мужа! — успамінае жанчына тую няпростую пару. — Бабуляў і дзядуляў, каб з малымі няньчыліся, няма паблізу. Вось і легла ноша, хоць і прыемная, ды надта адказная, на Славіны плечы. Нічога — спраўляўся, відаць, вопыт набыты з дзяцінства ў шматдзетнай сям’і, вельмі тут згадзіўся!
Патрэбна асобна сказаць пра сыноў.
Імя сярэдняму яшчэ загадзя прапанаваў Вячаслаў:
— Будзе сын — назавём Сцяпанам, усё ж гэтае імя і мой бацька носіць.
Сцяпан-малодшы нарадзіўся ў 2001-ым на вялікае свята — Дабравешчанне, калі (гэтак у народзе раней лічылі) буслы прылятаюць, а з сабою і добрую навіну прыносяць. Зараз ён ужо дзевяцікласнік, прыгожа малюе, вызначаецца, як усе заўважаюць, дабрынёй, ніколі не пакрыўдзіць дзяўчынку ці слабейшага. Сярод захапленняў, што яму па душы, — рыбалка, дзе поспех маюць такія, як ён, маўклівыя і засяроджаныя. Мо адзіны дарослы, з кім Сцяпан згаджаецца абмяркоўваць свае самыя патаемныя думкі, вядома, матуля.
Генрых, названы ў гонар дзеда, што зусім маладым загінуў на вайне, зусім іншы. Мабыць, таму, што з’явіўся пад знакам Шаляў, заяўляе аўтарытэтна:
— У мяне ўсё павінна быць бездакорна!
Вы ўжо зразумелі: у свае восем гадоў чалавек ён надта разумны. Простых шляхоў у жыцці не шукае. Маці згадвае: у год загаварыў складанымі сказамі, у чатыры самастойна навучыўся чытаць, а ў шэсць прачытваў ужо 120 слоў у хвіліну. Летась, паступаючы ў дзіцячую школу мастацтваў, агаломшыў родных: “Хачу іграць на складаным інструменце — аргане або флейце!” — “Дзе ж арган табе знайсці?” — уздыхнулі ў сям’і і згадзіліся на флейту. Хто ж спрачацца будзе? Выбар узважаны, па-сапраўднаму мужчынскі.
Увесь час, калі расказвала пра дзяцей, з твару Галіны Генрыхаўны не знікала цёплая ўсмешка, адчувалася: у іх знайшла яна сваё галоўнае шчасце. Напрыканцы прызналася:
— Ведаеце, падабаецца, што дзеці са мной заўсёды раяцца. З дачкою мы нібыта сяброўкі, сыны таксама цягнуцца да матулі. Прыемна чуць ад іх ласкавыя, даверлівыя словы. Калі дзеці побач, утульна і цёпла на душы, відаць, у жыцці маім яны найкаштоўнейшая ўзнагарода.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Галіна Генрыхаўна Дулевіч з сынамі Сцяпанам і Генрыхам.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top