“За ўласны дабрабыт і будучыню дзіцяці”

“За ўласны дабрабыт і будучыню дзіцяці”

IMG_1157 IMG_1170 IMG_1143

Цэнтральны ўчастак для галасавання №3 цалкам апраўдвае сваю назву: размешчаны ў памяшканні гарадскога Дома культуры і ахоплівае вуліцы і завулкі Жабінкі, што займаюць цэнтральную частку нашага горада.

Выбарчы ўчастак адзін з найбольшых у раёне — 1423 выбаршчыкі, што зарэгістраваны на вуліцах Катоўскага і Наганава, Суворава, Чарнака і Гагарына, частцы Кірава, Камуністычнай, 1 Мая, Піянерскай, Шашэйнай, Школьнай, Энергетыкаў, Ракасоўскага і 67-га палка, Ураджайная і Брэсцкая, Кветкавая і Т.Касцюшкі, Саўгасная і Агінскага.
Ужо а 14-ай гадзіне ў нядзелю, 11 кастрычніка, старшыня камісіі Наталля Федзюковіч канстатуе: пераадолена 50-працэнтная мяжа яўкі, патрэбная для таго, каб прызнаць, што выбары на Цэнтральным участку адбыліся. Яўка вялікая, жыхары райцэнтра ахвотна карыстаюцца правам выбіраць першую асобу дзяржавы.
Значная ўвага з боку назіральнікаў. Сярод іх не толькі прадстаўнікі раённага Савета дэпутатаў, Беларускага прафсаюза адукацыі і навукі, Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі, але й Брэсцкай абласной рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюза беларускага і Брэсцкага абкама Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Да іх на час далучыўся і міжнародны назіральнік Ігар Халін (Расія), чые паўнамоцтвы пацверджаны пасведчаннем, выдадзеным Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Ён вельмі станоўча ацаніў працу камісіі, адзначыў яе падрыхтаванасць і зладжанасць, пажадаў поспехаў у далейшых справах.
Сярод іх — паспець наведаць больш за дзве сотні грамадзян, якія не змаглі ў дзень выбараў прыйсці на ўчастак, аднак выказалі просьбу прагаласаваць па месцы жыхарства. Для зручнасці жабінкаўцаў арганізаваны выязныя урны
, з якімі да людзей, найчасцей вельмі паважанага ўзросту, спяшаліся члены камісіі Генадзь Бондар і Вераніка Місіюк, Алена Крыўчэня і Аляксей Ячнік.
Па старой завядзёнцы сувеніры-паштоўкі з рук намесніка старшыні камісіі Аляксея Грыцука атрымалі самыя маладыя выбаршчыкі — тыя, хто сёння ўпершыню выконвалі свой грамадзянскі абавязак. У іх ліку — 20-гадовая маладая маці Ірына Цярэнская. Яна завітала на ўчастак не толькі з братам Раманам і сястрой Настассяй, але й “з галоўным сваім памочнікам” — маленькім Максімкам, якому ўсяго восем месяцаў ад нараджэння. Апускаючы бюлетэнь, у думках маладая жанчына найперш пра сынаў лёс:
— Самым вялікім дасягненнем лічу тое, што краіна развіваецца без вайны і разбурэнняў. Хоць і няпроста гадаваць дзіця, ды ра-зумею — у ім мой працяг, таму і галасую за ўласны дабрабыт і будучыню сына.
Іншая выбаршчыца, загадчык Хмелеўскай амбулаторыі Таццяна Болдырава, галасуе па месцы жыхарства. На пытанне, што чакае ад сённяшняга дня, шчыра адказала:
— Чакаю працягу далейшага росквіту роднай краіны, дзе за мінулыя дзесяцігоддзі шмат зрабіла для людзей. Прыгажэюць гарады і вёскі. Мая сястра Наталля, што кіруе супермаркетам ў Кіеве, кожны раз, як гасцюе ў нас, не хавае захаплення ад чысціні і дагледжанасці не толькі Жабінкі, але ўсёй Беларусі. Хочацца, каб так было і надалей — паступова, крок за крокам рухацца шляхам стабільнага развіцця.
У гэты дзень Цэнтральны ўчастак для галасавання №3 наведалі прадстаўнічыя госці: старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, кіраўнік раёна Фёдар Каланчук. Яны пацікавіліся не толькі ходам выбараў, але й умовамі, створанымі для назіральнікаў, пажадалі далейшай плённай працы камісіі.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках: свае галасы за будучага Прэзідэнта краіны аддае сям’я Болдыравых; участак для галасавання наведалі С.Д.Ашмянцаў, Ф.Ф.Каланчук, М.У.Мясніковіч;
віншаванні з удзелам у першых у жыцці выбарах кіраўніка дзяржавы атрымлівае Ірына Цярэнская ад намесніка старшыні камісіі А.Л.Грыцука.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top