Калі першае слова “тата”

Калі першае слова “тата”

12186c17e2cb

Група жадаючых атрымаць правы ў аўташколе складалася, у асноўным, з дзяўчат, толькі пяць прадстаўнікоў мужчынскага полу на перапынках пакідалі аўдыторыю, каб пакурыць. Сярод іх вельмі вылучаўся Віталь. Прыходзіў заўжды ў спартыўных штанах і красоўках, мускулістыя рукі былі ў мазуце, ад яго вопраткі пахла не дарагім парфюмам, а бензінам. На шчацэ — глыбокі шрам, блішчалі тры залатыя каронкі. Заўжды пазяхаў на занятках, і, бачна было, не асабліва слухаў выкладчыка, калі той старанна тлумачыў нам, дамачкам, устройства нейкіх там карбюратара і карданнага вала.
Віталя нельга было назваць прыгожым. Аднак нешта ў ім вабіла. Мо, васільковага колеру вочы ці шчырая, адкрытая ўсмешка шчаслівага чалавека?
— Ат, зноў не выспаўся, у майго малодшанькага Даніка шосты зубік прабіваецца, усю ноч “канцэрт без заявак” выдаваў, — неяк патлумачыў Віталь. І адразу сталі зразумелыя яго няўважлівасць і жаданне драмануць на занятках. — А ў старэйшага, Глебуша, ужо чатыры зубікі ёсць, такі смешны, як бабёр, усё грызе, што ў рот трапляе…
Як аказалася, двайнятам па дзевяць месяцаў, надакучыла маладому тату кланяцца суседзям-сябрам, каб выехаць у райцэнтр на машыне, вырашыў правы атрымаць самастойна і сваё аўто набыць.
З якой цеплынёй Віталь расказваў пра сваіх мілых сыночкаў! Кожнае іх маленькае “дасягненне” выклікала ў яго хвалю ўспамінаў. Як хацеў упершыню ўбачыць “пацанят” у раддоме і палез па вадастокавай трубе з букетам ружаў у зубах і цукеркамі для сваёй каханай. Яе цяжарнасць выклікала трывогу ў медыкаў, таму амаль увесь час ляжала ў бальніцы, а калі нарадзіла, трапіла дамоў пазней за немаўлят. Віталь прывёз малечу дадому і карміў з бутэлечак, мыў пялюшкі, калыхаў два ложачкі. Праўда, сыночкі спалі, елі і гарлапанілі па чарзе. Першыя некалькі месяцаў, можна сказаць, не спаў ды яшчэ на работу паспяваць трэба. Добра, яго бацькі дапамагалі. А жонка пасля родаў доўгі час да дзяцей амаль не падыходзіла — так званая пасляродавая дэпрэсія давала аб сабе знаць. Таму Віталь усе клопаты аб немаўлятах фактычна ўзяў на сябе.
— Які я шчаслівы, што ў мяне адразу двое сыночкаў! Вучыцеся! — казаў ён нам.
Здаваць іспыты ў Кобрынскую ДАІ Віталь з групай не паехаў: захварэлі дзеці.
Праз нейкі час мы сустрэліся з ім у інфекцыйным аддзяленні райбальніцы. У яго захварэў Данік, у мяне — Дзімка. Лячыліся гадавасікі ў суседніх палатах, таму мы мелі магчымасць размаўляць.
Назірала, як Віталь спрытна пераапранаў карапуза, як карміў з лыжачкі, забаўляў і суцяшаў пасля балючых уколаў, і здзіўлялася: не перавяліся мужчыны, якія могуць не толькі паспрыяць дзіцяці з’явіцца на свет, але і гадаваць яго. Астатнія таты, якія наведвалі сваіх жонак і дзяцей, нешта бубнелі ў калідоры, прыносілі неабходнае і хуценька знікалі ў дзвярах, каб не бачыць забінтаваных катэтараў у танюсенькіх венках, заплаканых вачанят і не чуць скаргаў, як цяжка маральна знаходзіцца ў чатырох бальнічных сценах з хворым малым, які па сем гадзін ляжыць пад капельніцай.
Да Віталя з Данікам толькі двойчы прыязджалі родныя з вёскі, а яго жонка — ні разу. “Што ты хочаш, яна столькі ў бальніцы ляжала, кепскія ўспаміны, — тлумачыў ён. — Няхай Глебуша глядзіць”. Аказалася, літаральна на днях ён ляжаў з Глебам у абласной бальніцы, прывёз дадому, і той “эстафету” хваробы “перадаў” брату.
Неяк позна вечарам Віталь разгаварыўся. Часта так бывае: зусім чужому чалавеку адкрыеш душу і раскажаш тое, што ніколі не будуць ведаць самыя блізкія людзі… Аказалася, што Глебуш і Данік — зусім не родныя яму сыночкі. А з жонкай нават не распісаны. На маё нямое пытанне Віталь адказаў:
— Яна сама не захацела вяселле гуляць. А дзеці — ад Мікалая, што жыве праз дзевяць хат ад нас… Чаму так упэўнены? Правяраўся: пасля перанесенай у дзяцінстве хваробы я ніколі не змагу стаць біялагічным татам… Кахаю я яе, што звар’яцелы! А яна, на жаль, любіць паўвёскі… Колькі разоў вяртаўся дадому, знаходзіў яе ў чужых абдымках. Маці кажа: кідай Наташку, знайдзі сабе лепшую. А я не магу… Кахаю і ўсё тут. А Данік? А Глеб? Няхай хтосьці скажа, што яны не мае сынкі! Я ж іх з пялюшак гадаваў… Хаця з Мікалаем яны — адзін твар. Прыходзіў два тыдні таму, казаў, што распісвацца яны з Наташкай будуць, маўляў, і сынкі ягоныя. А дзе ж ты, пытаюся, раней быў? Прывітанне, я ваш татачка! Дзеці ўжо хадзіць навучыліся, і з’явіўся, не запыліўся?.. Шкада мне і яе, і малых, бо люблю…
Па шчацэ скацілася першая няпрошаная сляза, потым другая, трэцяя. Ён плакаў у калідоры, як дзіця, выціраў мокры твар рукавом сарочкі і ціхенька ўсхліпваў, каб не пабудзіць малых у палатах. Не верце, што мужчыны не плачуць. Плачуць! Мы з суседкай па палаце суцяшалі Віталя, як маглі. Мабыць, упершыню сведкам такой сцэны стала медсястра, аднак яна без слоў хуценька прынесла нейкія кропелькі. Яму стала лягчэй — ці ад лекаў, ці ад таго, што выгаварыўся.
…Нашы дзеці пайшлі на папраўку, і нас выпісалі. Шляхі разышліся. Мы зрэдку перазвоньваліся. Ведаю, што Наташка-распусніца ўсё-такі распісалася з Мікалаем, аднак дзеці часцей былі з татам, які выхоўваў. Віталь адчуваў сябе самым шчаслівым чалавекам, калі выбіраў касцюмы, сарочкі, ранцы і кветкі сваім першакласнікам. А яны навучыліся чытаць першае слова “тата”. Не ведаю, як далей складзецца лёс герояў, аднак веру, што з такім татам, няхай і не родным па крыві, у хлапчукоў усё будзе добра!
Святлана БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top