Лепшая ў раёне і вобласці

Лепшая ў раёне і вобласці

IMG_0907

Аператар паштовай сувязі першага аддзялення сувязі горада Жабінка Ганна Балан усяго на шэсць гадоў старэйшая за РУП “Белпошта”, з якім звязала сваю прафесійную дзейнасць у 2008 годзе. Ёй 26, і яна маладая, энергічная, ініцыятыўная. Аператыўна абслугоўвае юрыдычных і фізічных асоб і крэатыўна падыходзіць да вырашэння любых задач. Сёлетні год для Ганны Балан вельмі ўдалы: яна стала пераможцай раённага і абласнога этапаў конкурсу прафесійнага майстэрства работнікаў паштовай сувязі.
Яго ўдзельніцы адказвалі на 60 тэарэтычных пытанняў і выконвалі 6 практычных заданняў, што датычыліся прыёмкі і адпраўкі паштовай карэспандэнцыі, асваення новых відаў паслуг, умення добразычліва, якасна і хутка абслугоўваць кліентаў. Ганна паказала найлепшыя вынікі сярод аператараў сувязі і дастойна прадставіла Брэстчыну на рэспубліканскім узроўні.
…У дзяцінстве большасць з нас любілі гуляць у “школу”, а Ганна з сяброўкамі гуляла ў “пошту”. Балазе, часопісаў, газет, марак, паштовак дома хапала: Ганніна маці Ірына Міхайлаўна Прыступа больш за трыццаць гадоў прысвяціла працы ў раённым вузле паштовай сувязі. Менавіта яна і прадвызначыла прафесійны шлях дачкі.
— Медыкі, парыкмахеры і работнікі паштовай сувязі ніколі не застануцца без справы: ні ў мірны, ні ў ваенны час, — казалі маці і бабуля. — Гэта запатрабаваныя прафесіі.
Так пасля заканчэння першай гарадской адзінаццацігодкі Ганна Балан прыйшла працаваць у паштовую сувязь. Спачатку была аператарам па падмене, ездзіла па раёне, потым вызвалілася пастаяннае месца на другім аддзяленні сувязі, што ў мікрараёне цукровага завода, затым перайшла на першае аддзяленне. Таму і горад, і раён Ганна ведае як свае пяць пальцаў. І яе ведаюць і паважаюць, звяртаюцца па дапамогу і парады.
Першапачаткова на АПС-1 Ганна Юр’еўна абслугоўвала фізічных асоб: ажыццяўляла прыём усіх відаў плацяжоў, паштовых адпраўленняў. З развіццём бізнес-паслуг, камерцыйных аддзелаў пачала працаваць у выдзеленым акне, дзе абслугоўваюцца юрыдычныя асобы.
— Работа з людзьмі вельмі цікавая і ў той жа час складаная, — дзеліцца Ганна Балан. — Штодзённы паток іх даволі вялікі, кожны прыходзіць са сваім настроем, жадае, каб яго абслужылі як мага хутчэй. Але трэба разумець, што ёсць такія ўстановы, дзе чарга непазбежная: пошта, паліклініка, вакзал. Спектр паслуг на паштовых аддзяленнях шырокі: гэта і падпіска, і продаж тавараў, і прыём камунальных плацяжоў, аплаты крэдытаў, страховак. Неабходна набрацца цярпення і чакаць сваёй чаргі.
Тэрмінал, які ўстанавілі ў першым аддзяленні сувязі некалькі гадоў таму, крыху аблегчыў нагрузку на кожнага аператара. З яго дапамогай можна аплаціць камунальныя паслугі, паслугі byfly, Zala, пакласці грошы на мабільны тэлефон і многае іншае.
Аднак ніякая машына не заменіць усмешку, якой Ганна Балан сустракае кожнага кліента. Пажылы мужчына пытаецца, як яму тэрмінова даставіць неабходныя дакументы сыну, што жыве ў Мінску. Ганна Юр’еўна тлумачыць, што не так даўно з’явілася новая паслуга: дастаўка экспрэс-адпраўленняў прыватнай асобе па месцы працы (Express Mail Service (EMS)). Кур’ер у зручны для кліента час прывязе яму адпраўленне. Напрыклад, жыхарцы Жабінкі, якая працуе ў Брэсцкім філіяле каледжа бізнесу і права, тэрмінова трэба было перадаць працоўную кніжку ў Мінскі філіял інспектару па кадрах. Жанчына скарысталася паслугай “Экспрэс-пошта”, і назаўтра ў 10 гадзін раніцы дакумент быў ужо ў сталіцы дастаўлены па месцы прызначэння.
Папулярнасцю карыстаюцца і паслугі лінейкі “Камфорт”, якія бываюць трох відаў: смс-апавяшчэнне або адпраўшчыка, або атрымальніка заказной карэспандэнцыі, або іх абодвух адначасова. Кліент можа тут жа забраць заказное пісьмо, да таго, як яно адправіцца з паштальёнам у дастаўку. Гэтая паслуга, якую прапануюць сёння работнікі РУП “Белпошта”, зручная і недарагая.
Ганна Балан расказвае, што на АПС-1 можна адкрыць рахунак на міжнароднай карцы МТБанка пад 26% гадавых. Яго можна папоўніць нават без наяўнасці карткі, ведаючы толькі яе нумар. Тым, хто часта адпраўляе пасылкі з накладзеным плацяжом, зручна завесці картку МТБанка, каб не хадзіць двойчы на пошту. Калі атрымальнік пасылкі перавядзе за яе грашовую суму, гэтыя грошы аператар паштовай сувязі пакладзе на картку адпраўшчыка.
У час нашай размовы адчуваецца: Ганна Юр’еўна — сапраўдны прафесіянал. Яна штодзённа вучыцца і самаўдасканальваецца, прызнаецца, што задаволеная сваёй работай і, што немалаважна на сённяшні дзень, сваім заробкам.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: аператар сувязі АПС-1 г.Жабінка Ганна Юр’еўна Балан.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top