У свеце музыкі чароўнай

У свеце музыкі чароўнай

IMG_1104

Кастрычнік, лічаць выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў, прыносіць ім адразу два прафесійныя святы. Нездарма пры ўваходзе ва ўстанову адразу кідаецца ў вочы прыгожа аформленая паштоўка-віншаванне з Днём настаўніка. Гэтае свята было тыдзень таму, а заўтра — новы святочны дзень, у які будзем славіць работнікаў культуры. Напярэдадні сустрэліся з канцэртмайстрам Святланай Кіршанавай, каб павіншаваць са святам і даведацца, як жывецца ёй “у свеце музыкі чароўнай”.

Пра адзіную прастору, што злучае Беларусь, Казахстан і Расію, нярэдка згадваюць у газетах і на тэлебачанні. Для Святланы Валер’еўны ўсе гэтыя краіны — часцінкі ўласнай біяграфіі: давялося нарадзіцца сярод казахскіх стэпаў, нейкі час пражыць у паўночнай расійскай сталіцы, але ж сапраўднай сваёй радзімай лічыць “зямлю пад белымі крыламі”. Сярод прыгожых гарадоў і вёсак, якіх так шмат у Беларусі, найлепшым лічыць Жабінку, што стала ёй сапраўднай малой радзімай.
Пачатак жыццёвага “падарожжа” звязаны з прафесіяй дзядулі Андрэя Мяфодзьевіча Серады, які прадстаўляў вялікую дынастыю чыгуначнікаў. Хоць і паходзіў ён з Оршы, ды бываў часцей далёка ад родных мясцінаў: будаваў славуты БАМ, а затым і казахстанскую чыгунку. Следам за ім рухалася і сям’я, таму й Святлана нарадзілася паблізу Кустаная.
Ёй не было яшчэ і трох гадоў, як Уладзімір, брат матулі Валянціны Андрэеўны (ён быў нашмат старэйшы за яе, жыў у Жабінцы), паклікаў сястру з пляменніцай да сябе. Ім гэты маленькі гарадок пад Брэстам, такі зялёны і ўтульны, з першага спаткання прыйшоўся па душы. Прыглядзеліся, спадабалася, засталіся!
Яшчэ ў дзіцячым са-
дзе на Свету звярнуў увагу Аляксандр Сцяпанавіч Леванюк, будучы дырэктар Жабінкаўскай музычнай школы. Ён і падказаў маці:
— Валянціна Андрэеўна, дзяўчынка ў вас здольная, мае добры слых, цягнецца да спеваў, як прыйдзе час, абавязкова прыводзьце вучыцца музыцы.
Той час надышоў у 1984-ым, калі, пераступіўшы ўпершыню парог музычнай школы, патрапіла Святлана ў свет сямі чароўных нот. І гэты свет яе заваражыў і вызначыў далейшы лёс. Паступіла вучыцца на фартэпіяна да Таццяны Сяргееўны Струц. Жанчына і зараз, праз два дзясяткі гадоў, як некалі Святлану, працягвае весці ў непаўторную Краіну музыкі маленькіх жабінкаўцаў. Пра сваю першую настаўніцу Святлана Валер’еўна, калі сталі яны ўжо калегамі, гаворыць з павагай і пяшчотай, зычыць ёй паболей таленавітых вучняў і, канечне, моцнага здароўя на доўгія гады. Згадвае той светлы час дзяцінства, калі даводзілася спяшацца на заняткі да любай Таццяны Сяргееўны. Хоць і няпроста было спалучаць навучанне ў музычнай школе з вучобай у агульнаадукацыйнай, старалася паўсюль паспець. Гэткім вялікім было захапленне і жаданне мець музычную адукацыю, што Святлана старалася не прапускаць чатыры разы на тыдзень урокі на профільным інструменце, сальфеджыа, па музычнай літаратуры, заняткі ў вялікім школьным хоры, які вяла Людміла Васільеўна Дошчык — чалавек шчыра, да самых глыбіняў душы закаханы ў спевы.
Фартэпіяна заўжды лічылася адным з найбольш складаных інструментаў, таму і раней, і цяпер навучанне на ім патрабуе ажно сем гадоў, а, каб захоўваць і пашыраць тыя веды, усё жыццё даводзіцца ўпарта, цярпліва, з павагаю і любасцю схіляцца над бела-чорнымі клавішамі. Гэта яшчэ адзін з урокаў, засвоеных са школьных гадоў.
— Так, занялася музыкай сур’ёзна, — гаворыць Святлана Валер’еўна, — і па заканчэнні школы пытання пра далейшы жыццёвы шлях нават не стаяла — толькі наперад, услед за гучнымі нотамі!
Найбліжэйшая музычная сярэдне-спецыяльная ўстанова, якая давала і дасюль дае сваім навучэнцам трывалыя веды, — Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Рыгора Шырмы. Найбольш цёплыя ўражанні захоўваюцца, як згадвае заняткі ў Таццяны Якаўлеўны Шаумавай. Сустрэчу з ёю, магчымасць шмат узяць ад заслужанага педагога лічыць сапраўдным дарункам лёсу. Дзякуючы тактоўнаму кіраўніцтву вопытнай выкладчыцы яшчэ ярчэй загучалі гукі фартэпіяна, усе белыя і чорныя ягоныя клавішы пад рукамі дзяўчыны з Жабінкі.
Як прызнаецца Святлана Кіршанава, роўна дваццаць гадоў таму, улетку дзевяноста пятага, давялося адчуць не толькі асалоду, але й нямала хваляванняў, нават страху перад прадстаўнічай экзаменацыйнай камісіяй.
— Уявіце толькі на хвіліну ўсю гаму ўражанняў: вялікая зала, чорнакрылы канцэртны раяль і ты — перад адным з найважнейшых іспытаў у жыцці, — згадвае той дзень Святлана Валер’еўна. — І якое ж шчасце ахоплівае, калі згасае гук апошняй ноты, здабытай падушачкамі тваіх пальцаў…
А потым разам з іншымі сябрамі-шчасліўчыкамі, што вытрымалі экзамен, сустракала золак. Ён быў для Святланы сапраўдным світанкам новага дарослага жыцця. У руках, што памяталі яшчэ, як краналі клавішы раяля, трымала дыплом, які дазваляў маладому спецыялісту стаць канцэртмайстрам і настаўнікам па класе фартэпіяна.
У студзені наступнага года дзяўчына вярнулася ў школу, дзе некалі набыла крылы яе музычная мара. Аднак неўзабаве ў жыцці адбыўся карэнны пералом. Прычына таму — мела душу вельмі чулую, не магла проста глядзець на чужы боль, найперш калі патрабуецца дапамога дзецям-сіротам, асабліва тым, што засталіся самі па волі дарослых. Гэта й падштурхнула згадзіцца на прапанову дабрачыннай нямецкай арганізацыі, якая дзейнічала ў Пецярбурзе. Больш чым на дзесяцігоддзе прысвяціла сябе дзецям, што патрапілі ў няпростыя жыццёвыя варункі. Жабінку, дзе жыла матуля, вядома, не забывала. Калі выпадала вяртацца сюды на вакацыі, здзіўлялася і радавалася пераменам, якія адбываліся на малой радзіме, заўважала, як год ад году прыгажэе, аднаўляецца родная музычная школа, што стала цяпер ДШМ.
Пяць гадоў таму, калі нарадзіўся сын Ян, Святлана Валер’еўна вярнулася ў Жабінку і зноў далучылася да настаўніцкай сябрыны дзіцячай школы мастацтваў.
Яе любімы занятак, які стаў зараз і галоўнай спецыяльнасцю, — канцэртмайстар. Даводзіцца акампаніраваць на фартэпіяна іншым інструментам — скрыпцы, віяланчэлі, трубе, саксафону, весці заняткі ў класе харэаграфіі, удзельнічаць у аркестры настаўнікаў ДШМ. Вельмі радуецца, калі маюць поспехі яе выхаванцы, прывозячы з творчых конкурсаў, канцэртаў, якіх заўсёды шмат, граматы і дыпломы.
— Само дзіця, — гаворыць разважліва Святлана Кіршанава, — не можа адчуць адразу ўсю глыбіню твора, музычныя нюансы, тады выкладчык быццам за руку яго вядзе, дапамагаючы праз уласнае выкананне падказаць, а часам і падштурхнуць да разумення, наколькі шмат прыгажосці хаваецца ў музычных творах.
Гэтую дапамогу Святлана Валер’еўна лічыць галоўнай сваёй роляй як настаўніцы. Адчувае непадробнае задавальненне, калі ў вачах яе вучняў запальваюцца шчаслівыя іскаркі ўдзячнасці. Так бывае кожны раз, як маленькія выхаванцы ўсведамляюць, што з дапамогай свайго канцэртмайстра асілілі яшчэ адну важную прыступку ў музычным развіцці.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Святлана Валер’еўна Кіршанава за любімым музычным інструментам.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top