Свята, прысвечанае міру

Свята, прысвечанае міру

CIMG4147Упершыню я і мае выхаванцы — чацвёртакласнікі Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната — наведалі раённы гісторыка-краязнаўчы музей у красавіку. Нас вельмі цёпла сустрэлі яго супрацоўнікі. Яны пазнаёмілі вучняў з гісторыяй стварэння музея, з жыццёвым шляхам Тадэвуша Касцюшкі, яго поспехамі і дасягненнямі. Расказалі, як ушаноўваюць памяць слыннага сына нашай зямлі ў ЗША, Францыі, Польшчы, Швейцарыі і іншых краінах свету. Дзяцей вельмі ўразіў глобус, на якім пазначаны месцы, дзе жыў і працаваў Касцюшка.
Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся таксама, як Жабінкаўскі раён сустрэў Вялікую Айчынную вайну, перажыў акупацыю, святкаваў Перамогу, а потым аднаўляўся…
А ў верасні супрацоўнікі музея запрасілі нашых выхаванцаў, цяпер ужо пяцікласнікаў, да сябе ў госці і наладзілі сапраўднае свята, прысвечанае Сусветнаму дню міру.
На гэты раз дырэктар музея Жанна Мікалаеўна Падрубная расказала, як экспанаты трапляюць у музей, чаму адны з іх вяртаюцца назад да гаспадароў, а другія застаюцца ў музеі і займаюць сваё пачэснае месца.
Потым нас запрасілі ў “камінную” залу. На стале былі раскладзены ўжо знаёмыя дзецям з першага наведвання рэчы. Яны ўспомнілі, як называецца кожная з іх і якое мела калісьці прызначэнне. І тут хлопчыкі і дзяўчынкі адчулі сябе сапраўднымі творцамі: з салёнага цеста трэба было вылепіць тую рэч, якая найбольш уразіла. Было вельмі весела і цікава. Затым вучні наладзілі выставу сваіх вырабаў. І пакуль іх рукі адпачывалі, заняліся інтэлектуальнай працай: прынялі ўдзел у краязнаўчай віктарыне. Некаторыя пытанні былі лёгкімі, на іншыя адказы знайшліся не адразу.
Прапанавалі дзецям каляровай крэйдай зрабіць малюнкі на асфальце на тэму  “Міру — мір”. Хутка з’явіліся дамы, кветкі, машыны, дрэвы, сонейка, зямны шар, галубы…
Амаль дзве гадзіны праляцелі непрыкметна. Напрыканцы ўсіх удзельнікаў свята чакаў сюрпрыз — салодкія падарункі. Іх падрыхтавалі індывідуальныя прадпрымальнікі з “Кандытарскай лаўкі” горада Брэста на чале з яе гаспадыняй Нінай Валянцінаўнай Гаўрылавай.
Шчыры дзякуй усім, хто стварыў для нашых выхаванцаў сапраўднае свята і яшчэ раз нагадаў, як важна жыць пад мірным небам у незалежнай дзяржаве.
Людміла ЦУПА, выхавальнік Жабінкаўскай спецыяльнай агульна-адукацыйнай школы-інтэрната.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top