Клікалі далёкія дарогі

Клікалі далёкія дарогі

IMG_3299Нарыс

І. Пачатак біяграфіі

— Я нават нарадзіўся ледзь не ў дарозе, — з усмешкай расказваў Уладзімір Іванавіч Дзмітрук.
Сапраўды, беззямельныя бацькі яго — Іван ды Праскоўя — вымушаны былі ледзь не кожны год мяняць месца пражывання. Такая звычайна была воля пана: год-другі патрымае і набірае новых парабкаў. І на гэты раз былі ўжо скла-
дзены рэчы, каб пераязджаць з Маларыты ў Шпіталі, як з’явіўся на белы свет хлопчык.
У Шпіталях сустрэлі і вызваліцельніцу Чырвоную Армію. Пачыналася новае жыццё, а неўзабаве грымнула самая страшная вайна. Але ўсё праходзіць, мінае, як кажуць мудрацы. Скончылася і яна. Людзі зноў прыступілі да мірнай працы. Маленькі Валодзька пайшоў у першы клас Сцяпанкаўскай пачатковай школы.
У пачатку пяцідзясятых вялася шырока вярбоўка на лесанарыхтоўкі ў Карэлію і на Сахалін. Там абяцалі і харошую працу, і добры заробак.
У калгасах у той час былі амаль нішчымныя працадні, так што вярбоўшчыкам удалося ўгаварыць Дзмітрукоў паехаць на пяць гадоў на Сахалін. І не толькі Дзмітрукоў: поруч ехаў яшчэ адзін шпіталёвец — Аляксей Грыцук.
Дарога была цяжкая, расцягнулася на некалькі дзён, але людзі жылі на-дзеяй, што на месцы будзе лепш. Завезлі на самую ўсходнюю мяжу. Пасёлак лесанарыхтоўшчыкаў пачыналі толькі будаваць, так што людзей размясцілі ў палатках, дзе начамі даймаў холад.
Працы хапала, заробкі — неблагія, так што праз пяць гадоў, калі вярнуліся ў Шпіталі, Дзмітрукі змаглі пабудаваць новы дом.
Уладзімір на Сахаліне скончыў сямігодку і яшчэ год папрацаваў малодшым конюхам. Як ішоў на пенсію, той год яму залічылі ў працоўны стаж. І сёння Уладзімір Іванавіч з любасцю гаворыць пра коней:
— Якія яны прыгожыя і ласкавыя! Падыдзе, уткнецца пысай у далонь, і ты адчуваеш цяпло і дабрыню яго…

ІІ. Канчаткова: Дзмітрук!

— Я сваіх бацькоў распісаў, — усміхнуўся Уладзімір Іванавіч і адразу ўдакладніў: — Не я, канечне, а ў загсе, але я пасадзейнічаў таму, каб канчаткова замацаваць за сабой прозвішча Дзмітрук.
Было гэта, як вярнуліся з Сахаліна. Хлопцу ішоў шаснаццаты год. Ён разумеў, што сем класаў — гэта так мала і пачаў сур’ёзна думаць аб далейшай вучобе. Выбраў Маларыцкае вучылішча механізацыі.
Паехаў у Маларыту, дзе нарадзіўся, і раптам аказалася, што ў загсе няма ніякіх запісаў пра яго дзень народзін, як і ў царкоўнай кнізе. Сітуацыя здавалася безвыходнай, і тады работнік загса спытала:
— А якое прозвішча мела маці ў дзявоцтве?
— Троц.
Неўзабаве ў царкоўнай кнізе знайшоўся запіс аб нараджэнні Троца Уладзіміра Іванавіча, і жанчына гатова была выдаць пашпарт на гэтае імя, але тут ужо заўпарціўся Уладзімір:
— З такім пашпартам ніхто нікуды мяне не прыме, бо пасведчанне за сем класаў на імя Дзмітрука. А Троц, атрымалася, нідзе не вучыўся…
— Вам неабходна прынесці пасведчанне аб шлюбе сваіх бацькоў.
Уладзіміра чакала дома новая неспадзяванка: аказалася, бацькі як людзі праваслаўныя толькі абвянчаліся ў царкве і маці пакінула сваё прозвішча, потым перадала яго і сыну. Праўда, як ехалі на Сахалін, ім выдалі пашпарты на Дзмітрукоў. Неабходна было бацькам тэрмінова запісацца ў загсе, а маці ніяк не магла зразумець:
— Навошта? І так жывём душа ў душу.
— Для сына, — коратка адказаў бацька.
Узяў пашпарты і з Вало-дзем паехаў у Маларыту. У той жа дзень ён атрымаў пасведчанне аб шлюбе, а сын — пашпарт.
Уладзімір паступіў у вучылішча механізацыі.

ІІІ. Добры дзень, зямля цалінная!..

— Першую вытворчую практыку праходзіў на цаліне, — удакладніў Уладзімір Іванавіч.
Іх рыхтавалі быць механізатарамі шырокага профілю. Яму, вясковаму хлопцу, падабалася вывучаць устройства, работу механізмаў трактароў, камбайнаў. Было асабліва ў радасць, калі майстры дазвалялі сесці за штурвал, вадзіць самому трактар, а пад час заканчэння вучобы аб’явілі, што асноўную вытворчую практыку юнакі пройдуць на цаліне ў час жніва.
Адчуванне маладосці бязмернае: за плячамі нібы вырастаюць крылы і сілы маеш неймаверныя. Ехалі весела: з жартамі, песнямі. Модная на той час “Здравствуй, земля целинная!..” лілася літаральна з кожнага вагона.
У саўгас “Лебяжанскі” Паўладарскай вобласці прыехалі ўсёй групай. Прастор, сапраўды, шырокі. І ўсё пшаніца, пшаніца залатая…
Практыкантаў паставілі ва ўмовы выжывання. Як касманаўтаў. Выдзелілі дом без вокнаў, без дзвярэй: маўляў, уладкоўвайце свой быт самі! І ўпарадкавалі, так што жыць можна было.
Ды колькі часу знаходзіліся ў тым доме — толькі што пераспіш. А ранкам устаў — і на камбайн, працавалі да гадзіны ночы, пакуль буйная раса не ападзе. Дабярэшся да ложка, і адно-адзінае жаданне — паспаць бы! Толькі, здаецца, задрамаў — і зноў уставаць пара.
Збажына ў той год урадзіла, намалоты вялікія, ды зноў бяда: аўтамабіляў для адвозкі пшаніцы не хапала, даводзілася спыняць камбайн, пакуль пад’едзе машына і выгрузіш намалочанае зерне. Так працавалі аж да маразоў, пасля практыкантаў адпусцілі, і Уладзімір Дзмітрук Кастрычніцкае свята адзначаў дома.

ІV. Усюды працуюць людзі

— Другі раз я ехаў на Сахалін з крыўдай на тых, хто так і не зразумеў мяне, — доўжыў свой аповед Уладзімір Іванавіч.
Апавядальнік ён цікавы, і мы рашылі даць яму слова:
— Атрымаўшы “корачкі” трактарыста, я прыехаў працаваць у Сяхновіцкую МТС. Нас замацавалі за гаспадаркамі. Мне дастаўся калгас “Усход”. Гэта мая родная гаспадарка, бо жыў я ў Шпіталях. Пасля, як МТСы замянілі рамонтна-трактарнымі станцыямі, тэхніку перадалі ў калгасы. Я застаўся ва “Усходзе”.
Якое жыццё механізатара на сяле? Як упражэцца ранняй вясной, так да позняй восені з рук руль не выпускае.
Захацелася мне яшчэ адну спецыяльнасць займець, і ў 1960 годзе ў аўташколе ад Пінскага мотаклуба атрымаў правы вадзіцеля. Ва “Усходзе” адразу перасеў на машыну, вазіў і тарфакрошку, і кармы, і збожжа — усё, што патрабавалі сезонныя работы. Я быў на добрым рахунку ў гаспадарцы.
Але аднойчы сустрэў мяне дырэктар ільно-экспартнай базы Сцяпанаў (была такая ў Жабінцы, знаходзілася яна там, дзе сёння склады райспажыўтаварыства) і ўгаварыў мяне перайсці да яго працаваць. Спакусіўся я, мабыць, тым, што дырэктар паабяцаў паездкі нават за межы Беларусі, а мяне змалку далёкія дарогі вабілі.
У калгасе адпусцілі, але ў хуткім часе, пэўна, спахапіліся, што страцілі надзейнага работніка, і сталі клікаць вярнуцца. А мне падабалася праца на базе: так прыемна было вазіць шаўкавістае валакно!
Бачаць, што ўгаварыць не могуць, і выставілі ўльтыматум: калі не вярнуся ў гаспадарку, дык вясной абрэжуць мае соткі па самыя вуглы! А ў мяне ўжо сям’я, дачка нарадзілася. Крыўдна стала да слёз: я ж столькі аддаў калгасу, а яны гатовыя абрэзаць мне соткі, без бульбы пакінуць! Дадам: вярнуўшыся з Сахаліна, я яшчэ трохі папрацаваў у калгасе “Усход”.
А тады канчаткова рашыў: “Усюды жывуць людзі. Паеду на Сахалін!” Я памятаў: як мы ад’язджалі, Аляксей Грыцук прадоўжыў кантракт і застаўся працаваць на лесанарыхтоўках. Паслаў яму ліст і ў хуткасці атрымаў ад яго выклік, бо зона памежная і проста так не заедзеш.
Мясціны там прыгожыя. Узбярэшся на сопку — акінеш вачамі наваколле: усё ўзгоркі ды ўзгорачкі, зарослыя лістоўніцай, піхтай, елкай, якія мы нарыхтоўваем і вывозім.
Тыя сопкі “экзаменуюць” кожнага вадзіцеля, асабліва зімой. Зазяваешся на хвілінку — і гружаны  лесавоз спаўзе ўніз. Тут і прыдавіць можа, і машыну разбіць. Быў і ў мяне выпадак. Прычэп з бярвеннямі павіс над безданню, гатовы сцягнуць і аўтамабіль. Ніяк не выруляваць, і бульдазерыст памагаў — нічога не выйшла. Прыйшлося адчапіць прычэп. Бачылі, як бярвёны, а пасля сам прычэп паляцелі ў прорву, адкуль ніхто ніколі іх ужо не дастане.
Не, цяпер умовы жыцця на Сахаліне былі зусім не тыя, якія я памятаў з дзяцінства. На месцы палатак вырас цэлы пасёлак, дзе жылі лесанары-хтоўшчыкі.
У адным з дамоў наша сям’я таксама атрымала добра-ўпарадкаваную кватэру, але сямейная лодка, як сказаў бы паэт, разбілася аб штодзённы быт. Мы з жонкай раптам адчулі нейкую адчужанасць: увесь час як бы аддаляліся адзін ад аднаго. Рашылі расстацца. Я вярнуўся дамоў, каб пачаць жыццё, так бы мовіць, з чыстага ліста…

V. …і пасведчанне ліквідатара

— Апошнія трыццаць шэсць перадпенсійных і пенсійных гадоў працаваў шафёрам у ветлабараторыі, — як бы падсумоўваючы ўсё сказанае, прагаварыў Уладзімір Іванавіч.
З 1969 года Дзмітрук — шафёр “уазіка” ветлабараторыі. Вазіць ветэрынарных урачоў на выклікі, наведваць фермы і сялянскія падвор’і — гэта зусім іншая, не такая, як нагружаным лесавозам узбірацца на сопку, але таксама вельмі патрэбная ў жыцці праца.
Гады ўжо бралі сваё, і не так заўзята клікалі ўдалеч незнаёмыя дарогі. Хацелася мець спакайнейшую работу, кватэру, сям’ю. І ўсё гэта цяпер меў Уладзімір Іванавіч. Хаця аднойчы выпала выязджаць і працаваць за межамі вобласці.
Красавік 1986 года пазначаны страшнай бядой — выбухам на Чарнобыльскай атамнай станцыі, калі пацярпелі таксама і тры вобласці Беларусі. Найбольш Гомельская — самая блізкая да Чарнобыля. Ратавалі, памагалі адсяляць забруджаныя радыяцыяй паселішчы ледзь не ўсім светам: прыязджалі будаўнікі, медыкі, вывозілі дзетак на лячэнне і г.д.
Выязджалі ў Брагінскі раён, у зону адчужэння, і ветэрынарныя ўрачы з Жабінкі ды Маларыты, а за рулём быў Уладзімір Дзмітрук. Даводзілася правяраць вывозімую жывёлу, часта лезлі, што называецца, у самае “пекла”. Уладзімір Іванавіч успамінае, як, скончыўшы агляд, Пятро Пятрынчык ледзь не крычаў:
— Валодзя, гані! Тут за гадзіну можна столькі атрымаць радыяцыі, колькі ў іншых месцах за ўсё жыццё: дазіметр аж зашкальвае…
Працавалі вахтавым метадам: пабылі ў чарнобыльскай зоне дзесяць дзён — і прыехалі новыя ветэрынары. Уручылі пасведчанні лікідатараў на ЧАЭС, якія давалі ўладальнікам права пайсці на пенсію раней. Але і, атрымаўшы пенсію, Уладзімір Дзмітрук яшчэ болей дзесяці гадоў не пакідаў руля аўтамабіля…
— Зараз бацькі Мішы і Сонечкі працуюць, а я “пасу” ўнукаў, — гаворыць Уладзімір Іванавіч. — Харошыя, па слухмяныя, але малыя. Без нагляду не пакінеш!

Пасляслоўе. Такі ён чалавек

Гэтага невысокага, з выгляду шчуплага, чарнявага мужчыну ў мікрараёне Жабінкі ведаюць літаральна ўсе. З ім вітаюцца, спыняюцца, каб пагаварыць. Бо цікава: на любое пытанне Уладзімір Дзмітрук мае свой адказ. Гэта сведчыць не столькі пра веды, колькі пра ягоны прыродны розум.
Я знаёмы з Уладзімірам Іванавічам даўно — яшчэ з той пары, як атрымаў кватэру ў Жабінцы, а ён працаваў шафёрам. Жылі на суседніх вуліцах, сустракаліся літаральна кожны дзень, размаўлялі.
Паступова я адкрываў для сябе Дзмітрука. Яму было наканавана праехаць яшчэ нядаўна самую вялікую дзяржаву, якім быў Савецкі Саюз, ад заходняй мяжы да ўсходняй. І заўсёды ехаў ён туды не як экскурсант, а каб працаваць.
Аднойчы развітваючыся, я пажадаў Уладзіміру Іванавічу здароўя і даўгалецця, а ён усмешліва адказаў:
— Як удаўся я ў маці, дык трэба пражыць яшчэ чвэрць стагоддзя!..
Сапраўды, Праскоўя Лук’янаўна Дзмітрук даказала нам усім: калі маеш гены даўгалецця, не цураешся ніякай работы і ежу не выбіраеш, дык і сто гадоў — не мяжа. Маючы такую харошую сямейную спадчыну, міжволі верыш, што Уладзіміру Іванавічу яшчэ жыць і жыць…
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
На здымку: Уладзімір Іванавіч Дзмітрук з унукамі Мішкам і Сонечкай.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top