Біяграфія — як фотакарткі

Біяграфія — як фотакарткі

IMG_5492Жыццё кожнага чалавека напоўнена падзеямі, якія назаўжды застаюцца ў памяці — быццам яркія каляровыя фотакарткі. Нямала такіх “здымкаў” і ў пенсіянера Аляксандра Фёдаравіча Крыўчэні, якія расказваюць пра адметныя старонкі яго жыцця. Дарэчы, нядаўна яму споўнілася 88 гадоў.
Родам ён з мясцовай вёскі Вярхі. Тут вучыўся ў пачатковай школе, потым скончыў Арэпіцкую сярэднюю. З дзяцінства яму падабалася вучоба і выступленні на сцэне. Калі яму споўнілася 14 гадоў, пачалася вайна. І менавіта пачынаючы з гэтага ўзросту, немцы вывозілі беларускіх падлеткаў у Германію. Аляксандр Крыўчэня спаліў сваё пасведчанне аб нараджэнні, і такім чынам выратаваўся ад чужбіны.
Закончылася вайна, трэба было выбіраць прафесію.
Прыроджаныя схільнасці і здольнасці паўплывалі на яе выбар. Пасля школы ён вучыўся ў Брэсцкім педагагічным інстытуце на факультэце рускай мовы і літаратуры. Калі атрымаў дыплом настаўніка, яго накіравалі ў Дывінскі сельскі Савет у Верхалескую школу. Праз два гады ў вёсцы Корчыцы таго ж Кобрынскага раёна адчынілася сямігадовая школа і Аляксандру Фёдаравічу прапанавалі працаваць там дырэктарам. Класныя пакоі размяшчаліся ў трох вёсках, таму што будынка навучальнай установы не існавала. Гэта не падабалася дырэктару, педагогам і вучням было нязручна. Аляксандр Фёдаравіч на агульным сходзе звярнуўся да калгаснікаў з прапановай аб будаўніцтве школы. Была створана брыгада, якая нарыхтоўвала лес і займалася ўзвядзеннем будынка. Агульнымі намаганнямі школа была пабудавана, дзе размяшчаліся не толькі класы, а і спартыўная зала, і кватэра з двух пакояў для дырэктара.
Жонка Аляксандра Фёдаравіча Ніна Міхайлаўна таксама была настаўніцай. Яна выкладала беларускую мову і літаратуру. Цяжкасцей маладая сям’я не баялася. Але ж ім вельмі хацелася жыць і працаваць у родным раёне. І неўзабаве іх мара здзейснілася. Аляксандру Фёдаравічу прапанавалі пасаду загадчыка педагагічнага кабінета ў Жабінкаўскім раённым аддзеле народнай адукацыі. Калі ў раёне ўзнікла пярвічная арганізацыя па ахове прыроды, ён стаў працаваць тут інспектарам па экалогіі, што доўжылася 10 гадоў. Лёс яго закінуў і ў іншую галіну — прызначылі дырэктарам Дома культуры. Тут зноў прыйшлося яму займацца будоўляй. З міністэрства прывёз праект на новы гарадскі Дом культуры ў Жабінцы, які паспяхова быў увасоблены ў жыццё. Многія дзесяцігоддзі ўстанова сардэчна і шчыра запрашае жабінкаўцаў на розныя відовішчы. Працаваў ён таксама і ў аддзеле культуры.
А перад самым выхадам на пенсію быў брыгадзірам на прамывачна-прапарачнай станцыі. Разам з жонкай выхаваў трое дзяцей. Калі яе не стала, у бацькоўскім доме пасялілася сям’я дачкі. Дзеці і ўнукі не крыўдзяць яго.
Дома ў яго можна ўбачыць шмат грамат, лістоў падзякі і медаль “За працоўную доблесць”.
Па натуры Аляксандр Фёдаравіч вельмі актыўны і мэтанакіраваны чалавек. Напэўна таму ён і рэалізоўваў сябе ў многіх галінах, аб чым сведчыць яго працоўная кніжка.
Любіць прыроду, спявае ў хоры ветэранаў, з’яўляецца яго старастам, вельмі ўважлівы да людзей, член прэзідыўма раённай ветэранскай арганізацыі. Кожны дзень пачынае з фізічнай зарадкі. Кажа, што ўсё гэта дапамагае зберагчы неабходны жыццёвы тонус.
У вольны час захапляецца пляценнем з лазы, малюе, імкнецца захаваць культурную спадчыну нашых продкаў. Яго аўтарскія работы з лазы можна ўбачыць у розных установах, на выставах. Ён іх дарыць гасцям ці імяніннікам. Дома ў Аляксандра Фёдаравіча ёсць сапраўдны музей яго вырабаў.
Кожны новы дзень старажыла не падобны на папярэдні. І ў гэтым калейдаскопе падзей і ўражанняў ён адчувае сябе камфортна.
Яго біяграфія — як фотакарткі прыгожая, яркая і вельмі цікавая, напоўненая творчасцю, мэтанакіраванасцю.
Вера МАНДРЭНКА.
На здымку: Аляксандр Фёдаравіч Крыўчэня.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top