“Расквітнелі зноў буйныя краскі…”

“Расквітнелі зноў буйныя краскі…”

IMG_1005 IMG_6241 IMG_1013Звычайна кветкі параўноўваюць з дзеткамі, але зараз хочацца краскамі назваць людзей паважанага веку, чыё свята — Дзень пажылых людзей — святкавалася ў Беларусі ў першы кастрычніцкі дзень.
А на наступны гасцей традыцыйна склікала дзяржаўная ўстанова “Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кіраўнік цэнтра Раіса Макараўна Мышкавец знайшла шмат прыгожых ветлівых слоў, каб выказаць сваю пяшчоту людзям, багатым сваімі гадамі і няпростымі лёсамі. Цудоўна прагучаў заклік з яе вуснаў: “Не бойцеся, шаноўныя, старасці. Калі прыйдзе яна — пацісніце руку, ласкава павітайцеся: “Ну, добры дзень, дарагая, як добра, што спаткаліся з табою! Мы ж маглі і не сустрэцца…”
Напярэдадні свята супрацоўнікі цэнтра абвесцілі конкурс “Кветкі навокал нас”, а зараз уганароўвалі пераможцаў, чые дамы, упрыгожаныя жывымі краскамі, можна было пабачыць на экране. Намінацый было шмат і ў кожнай вызначылі найлепшых.
Кветкі, вырашчаныя і дагледжаныя клапатлівымі рукамі Зоі Мікалаеўны Яроцкай, быццам пацвярджалі эпіграф конкурсу, што сцвярджаў: “Расквітнелі зноў буйныя краскі, падаконнік мой — нібыта сад”. Нездарма і намінацыя, у якой цудоўная жанчына прызнаная лепшай мела назву “Квітнеючы падаконнік”.
У двары і ў хаце Віктара Еўдакімавіча Ганчыцкага — заўжды ідэальны парадак, утульна і хораша. Вырашчаны ім вялікі кактус, можа, некаму падацца не самай святочнай раслінай. Але з ім звязаны ўспаміны пра сумеснае жыццё з дарагім сэрцу чалавекам — жонкай Надзеяй Кузьмінічнай. Нездарма мужчына прызнаны лепшым у намінацыі “Вернасць”. Калі паразмаўляць з Віктарам Еўдакімавічам, можна даведацца шмат цікавага і карыснага. Ён даўні прыхільнік мастацкай самадзейнасці, да якой далучыўся яшчэ ў тыя часы, калі жыў у Санкт-Пецярбурзе, што зваўся тады Ленінградам. В.Е.Ганчыцкі адчувае прыгажосць паэтычнага слова, таму і выканаў сваю байку “Глушэц”, карысную не столькі птушкам, колькі людзям. Кожны павінен узяць на ўзбраенне, лічыць аўтар, што адбываецца, як глушэц вырашае ажаніцца на зязюлі.
Намінацыя “Сучасныя кветкі” прынесла поспех Вользе Сямёнаўне Званкоўскай. У яе прыжылося “доларавае дрэва” — гэтая расліна, лічыць удзельніца, здольная ўсім у хату прынесці прыбытак. “Хоць і ведаем, — гаварылі стваральнікі конкурсу, — пра няпростую жыццёвую сітуацыю, у якой апынулася Вольга Сямёнаўна, аднак яе кветка, радуючы сваім выглядам, надае сілы гаспадыні, дазваляе пераносіць усялякія цяжкасці на шляху.”
А догляд за раслінамі надае і маральнае задавальненне.
Свае зялёны рай і кветачную аптэку стварылі Марыя Сямёнаўна Асташэнка, Марыя Фёдараўна Рапека і Валянціна Мікалаеўна Гаўрылюк. А пераможцай усяго спаборніцтва прызнаная Ганна Пракопаўна Давыдоўская. Яе цудоўная ружа, напоўненая жывой сілай, сапраўды здольная ў кожнага выклікаць захапленне і зачараванасць. На жаль, некаторыя ўдзельнікі па стану здароўя не змаглі папрысутнічаць на мерапрыемстве, але арганізатары запэўнілі — падарункі і душэўныя словы падзякі даставяць ім абавязкова сацыяльныя работнікі цэнтра, што абслугоўваюць з адданасцю і цеплынёй паважаных людзей.
А пакуль свае музычныя падарункі дарылі прысутным удзельнікі народнага хору ветэранаў “Тонус”. Нязменная кіраўнік калектыву Людміла Васільеўна Дошчык паўжартам запэўніла ўсіх:
— Калі пытаюцца, як жывем, адказваем бадзёра, жвава: трымаеся, услед за моладдзю ідзем, а часам нават і апераджаем. Нездарма маладзейшыя часам кажуць: “Нам да вас — яшчэ цягнуцца!”.
І сапраўды, колькі святаў, выступленняў на рахунку хору, які тройчы станавіўся дыпламантам абласнога конкурсу “Жывыя сэрцы”. І ў той дзень кожны, хто пачуў песні, байкі, жарты з вуснаў паважаных людзей, змог упэўніцца, наколькі трапнае імя мае калектыў, як правільна завецца конкурс, у якім перамагалі спевакі з Жабінкі неаднойчы.
Анатоль РОСТАЎ.

На здымках: запамінальныя моманты святкавання Дня пажылых людзей у Жабінкаўскім ТЦСАН.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top