Ко Дню работников культуры

Ко Дню работников культуры

“Скарб”, набыты за гады
Лірычныя мелодыі, прасякнутыя шчырай любоўю да людзей і Айчыны, — галоўнае багацце эстраднага калектыву “Скарб”. У скарбонцы трыа з Жабінкі — не адзін дзесятак запамінальных твораў, а яшчэ — прыхільнасць слухачоў і штодзённая праца над песенным словам.
Мінула дзесяць гадоў, калі спаткаліся на музычных падмостках Руслан Рэбякеўша, Васіль Сідарук, Вольга Мядзведзь, каб стварыць новую арыгінальную музычную групу.
— Наша сустрэча адбылася ў народным хоры “Скарбніца”. Песні з’ядналі нас і зрабілі сябрамі, — лічыць салістка гурта. — Яны ўзнімаюць кожнаму настрой. А як інакш? Калі нашы спевы зыходзяць ад зямлі, таму й блізкія людзям.
Завадатарам стаў Васіль Сідарук. Ён праславіўся яшчэ ў дзяцінстве, калі ўдзельнічаў у знакамітым дзіцячым конкурсе “Чырвоныя гваздзікі”. Неяк пачуў на рэпетыцыях хору прыгожы голас Руслана, у нечым падобны на ягоны, і прапанаваў выступаць разам. Хлопцы заспявалі, арганічна дапаўняючы адзін аднаго. А неўзабаве да іх прыемных галасоў далучыўся і жаночы. Вольга Мядзведзь (на той час мастацкі кіраўнік Мышчыцкага сельскага Дома культуры) паверыла, што яны здолеюць дасягнуць прызнання і поспеху. Час засведчыў — яна не памылілася, бо эстрадны гурт “Скарб” заняў сваё адметнае месца на сцэне.
Назва з’явілася нібыта сама сабою. “Скарб” — як даніна народнаму калектыву, адкуль выйшлі спевакі.
Трыа з Жабінкі з году ў год праводзіць вялікую канцэртную дзейнасць. Не аднойчы нашы самадзейныя артысты запрашаліся на абласныя мерапрыемствы ў горад над Бугам. Талент спевакоў ацаніла і патрабавальнае журы на рэспубліканскіх аглядах эстраднай песні ў Мінску, Смаргоні, Докшыцах пад Віцебскам. З цеплынёй згадваюць артысты канцэрт на шыкоўнай сталічнай сцэне, дзе выступалі разам з папулярнай групай “Тяни-Толкай”. Авацыі ў той дзень жабінкаўскія артысты пароўну дзялілі з айчыннымі “зоркамі”.
Найбольш даспадобы ўдзельнікам “Скарба” творы, што спяваюць яны ўжо шмат гадоў.
— Знаёмыя і любімыя многімі песні “Кацюша”, “Галіна”, “Чакай”, “Мінулае каханне”, — гаворыць Вольга Мядзведзь, — аб’ядноўваюць людзей розных узростаў. Надзвычай прыемна чуць просьбу: “Паспявайце яшчэ!”, бачыць са сцэны ўдзячныя вочы, нейкую акрыленасць, што прыносіць з сабою сапраўдная песня. Трапляючы ў самае сэрца слухача, яна ўзнімае настрой і хвалю радасці.
Іх сяброўства, вытрыманае гадамі, узаемадапамога і прыхільнасць — таксама вялікі скарб. Пра сяброў Вольга можа расказваць доўга. Руслан для яе — надзейны, адказны чалавек, што заўжды захоўвае ўдзячнасць да свайго суразмоўніка. Лепшыя ягоныя якасці — высакароднасць і дыпламатычнасць, цеплыня ў адносінах да жонкі Валянціны, дочак Юліі і Палінкі, у якіх ён душы не чуе. Васіль — сапраўдны дамавіты гаспадар. Ён стварае дабрабыт для сям’і: жонкі Таццяны, дзяцей Віталя і Эліны.
Відаць, таму шмат у выкананні “Скарба” песень, прысвечаных сямейнай утульнасці, каханню. Згода ў доме — часцінка творчага поспеху, паколькі нярэдка прыходзіцца выбірацца ў далёкі свет, даваць па тры канцэрты на тыдзень, у тым ліку забяспечваць культурным адпачынкам жыхароў аддаленых вёсак.
Свае поспехі “Скарб” заўсёды гатоў раздзяліць з калегамі: харэографам Ірынай Паўлавай, якая зрабіла пастаноўку для калектыву, вядучай Ліанай Дзмітрук, гукарэжысёрам Віктарам Дзірыным. На сумесных канцэртах пануюць цёплая атмасфера і ўзаемадапамога. Гэта разумеюць нават маленькія артысты з “Каруначкаў”. Успамінаецца, як летась на “Дажынках” у Кобрыне гарэзлівыя выхаванцы Ірыны Румко самастойна выйшлі на сцэну, каб падтрымаць дарослых спевакоў. Не аднойчы ў час выступленняў трыа адчувала дапамогу з боку “Скарбніцы”, якой кіруе Галіна Міцковіч, эстраднай студыі Валерыя Няменшага “Золак” (найперш салістак Ірыны Віткоўскай і Аксаны Пракошынай), народных калектываў “Каларыт” (кіраўнік Мікалай Зіноўеў), “Аляксандр-парк” (Аляксандр Казлоў), “Хмелеўскія валацугі” (Наталля Дырман).
Напярэдадні прафесійнага свята нельга было не пацікавіцца, што жадаюць жабінкаўскія артысты работнікам культуры.
— Культработнікі ўмеюць цудоўна ствараць свята для іншых, няхай і ў іх аконца зазірне сёння яркае сонца! — сказала Вольга Мядзведзь.
А.БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top