Адна на ўсіх “педагагічная паэма”

Адна на ўсіх “педагагічная паэма”

IMG_0958Штогод першая нядзеля кастрычніка ў вялікай настаўніцкай дынастыі Валетавых-Войнашаў адзначаецца як асаблівае, вельмі любімае свята. Зусім не дзіўна, бо ўжо не адно пакаленне гэтага адукаванага роду стварае пакрысе, старонка за старонкай, сваю сямейную, як некалі А.Макаранка назваў, “педагагічную паэму”.

Уступ

ЯНА ШУКАЛА семдзясят гадоў. Ой як сціскала часам сэрца — гэтак хацелася знайсці хоць нейкія згадкі альбо прыйсці на могілкі аднойчы, каб пакланіцца паўзабытай дамавіне ў далёкім і няродным краі.
Верыла, бацька загінуў героем — ягоныя адвага і вернасць Радзіме былі адзначаны баявым ордэнам Славы. Ведала, свой апошні бой гвардыі радавы Пётр Шван прыняў дзесьці на польска-германскай мяжы. Чытала ў пажоўклай паперы, што моцная атака, з якой ён ужо не выйшаў жывым, адбылася ў 45-ым годзе — усяго за 45 дзён да безагаворачнай капітуляцыі і яркіх салютаў Вялікай Перамогі.
Было гэта 24 сакавіка 1945 года.
… У той самы дзень ягонай дачцэ споўнілася ўсяго два гады. Замест якога-небудзь падарунка на дзень народзін — пахавальны ліст. А з ім — і рана незагойная, што прымушала верыць, спадзявацца і шукаць. Усё жыццё — усе доўгія сем дзясяткаў гадоў…

Калі збываюцца мары

ГЭТАК ПАЧЫНАЛАСЯ багатая на падзеі біяграфія Алены Пятроўны Валетавай, заснавальніцы разгалінаванай педагагічнай дынастыі, вядомай не толькі ў жабінкаўскім краі.
Яна нарадзілася ў Нараўлянскім раёне, што на Гомельшчыне. У сем гадоў, як памерла маці, дзяўчынка цалкам асірацела. З дзяцінства марыла — тады падавалася тая мара амаль нязбытнай, але ж настолькі прыцягальнай — увайсці аднойчы ў клас не вучаніцай, а настаўніцай, каб весці па Краіне ведаў маленькіх “чамучак”, такіх жа дапытлівых, як і была сама. Прага да ўсяго новага прымушала штораніцы нават у слоту і зімовыя завеі праз сем кіламетраў спяшацца ў Галоўчыцы, дзе месцілася вучэльня.
Чаму ж мара спачатку заставалася такой нерэальнай? Бабуля, што выхоўвала сірату, цяжка працавала ў збяднелай пасляваеннай вёсцы, за працадні. Адкуль жа сродкам узяцца, каб вучыць далей унучку? На шчасце, дзяўчынка мары сваёй не здрадзіла, бо мела характар, які “падказваў”: спадзявайся на ўласныя сілы ды крышку на жыццёвую ўдачу. Хацелася заўсёды быць бліжэй да дзяцей. Таму першае месца працы — піянерважатая Углоўскай школы. Неўзабаве і тое, што ў маленстве найчасцей толькі ў снах прыходзіла, стала явай, і Алена Пятроўна пераступіла школьны парог у ролі настаўніцы рускай мовы і літаратуры Акопскай СШ.
— Тая вучэльня месцілася, лічыце, на самай мяжы з Украінай. Але ніхто ў той час, калі жылі людзі і цэлыя народы быццам адной сям’ёй, не звяртаў увагу на межы, пазначаныя хіба што ў вучнёўскіх атласах па геаграфіі, — разважае Алена Пятроўна, згадваючы юнацтва, шмат у чым непадобнае на сённяшні бурлівы дзень.
А затым яна, як некалі казалі, “пайшла па камсамольскай лініі”. Аднак па-ранейшаму заставалася моцна прывязанай да дзяцей, бо давялося ўзначаліць школьны аддзел самай масавай у краіне моладзевай арганізацыі.
Наступны крок, зроблены Аленай Пятроўнай па жыццёвай дарозе, — загадчыца дзіцячага сада, што існаваў пры заводзе “Буддэталяў” у Нароўлі. Спачатку давала згоду ўсяго на два гады, адпрацаваць давялося ўсе пятнаццаць. Дырэктар прадпрыемства ніяк не жадаў адпускаць “асабліва каштоўнага спецыяліста”. Не раз прасіў застацца, нават рваў яе заявы на звальненне. Згадка пра каштоўнага спецыяліста не была пустым гукам — калі скласці ўсе лісты падзякі, дыпломы ды граматы, атрыманыя за паўтара дзясятка гадоў, прысвечаныя наймалодшым выхаванцам, — атрымаецца вялізнае, як бы цяпер сказалі, партфоліа.
Аднак жанчыне вельмі хацелася зноў вярнуцца ў школу, дзе адчувала сябе больш патрэбнаю. Адным словам — да мары, выпеставанай з маленства. Нарэшце, у 1983-ым, чарговую просьбу Алены Валетавай задаволілі і перавялі ў Нароўлю, у другую гарадскую школу — побач з домам.
Як згадалі пра дом, зноў хваляй накаціўся самотны ўспамін. Дзе ж ён цяпер, той родны кут, сагрэты некалі сямейным агменем? У гожым краі, што знявечаны чарнобыльскай бядой. З ім развіталіся Валетавы не па ўласнай волі…

Збіраецца вялікі сямейны педсавет

— НАСТАЎНІЦАЙ — і толькі ёю. Кім я яшчэ магла стаць у сям’і, дзе штовечар — своеасаблівыя міні-педсаветы?! Нават тата, хоць і не паспытаў настаўніцкага хлеба, ахвотна абмяркоўваў тое, як родная школа свой чарговы дзень пражыла, чым будзе жыць далей, — весела дапаўняе матулін расповед Тамара Васільеўна Вой-наш, прадаўжальніца сямейнай “педагагічнай паэмы”. — Для мяне прыклад заўсёды быў перад вачамі!
Так, Тома вучылася ў школе, дзе працавала Алена Пятроўна, бачыла наколькі паважаюць маці за тое, што “сэрца свае аддае дзецям”. Са стрыечнымі сёстрамі-аднагодкамі Наташай і Таццянай (якім, да слова, з часам таксама было наканавана далучыцца да сямейнай традыцыі) дзяўчынка з маленства ўцягнулася ў свет творчасці, які развівала школьнае жыццё. Разам рабілі лялькі, а потым разыгрывалі сапраўдныя дзіцячыя спектаклі.
Калі час прыйшоў вызначацца з будучай прафесіяй, і хвіліны не сумнявалася, куды везці дакументы — толькі ў Мазырскі педінстытут імя Н.К.Крупскай, на факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання. Такі накірунак абраны, зноў жа, невыпадкова. Падказалі любімыя настаўніцы пачатковых класаў — Лідзія Ніканчук і Тамара Зайцава. Як у школе ладзіліся дні самакіравання, Томе найчасцей давяралі весці ўрокі, а сапраўдныя педагогі падбадзёрвалі: “Атрымліваецца, Томачка. Вось твая дарога!”.
Па той дарозе нямала ўжо прай-шло прадстаўнікоў сям’і, што й дазваляе зараз сцвярджаць:
— У нашым родзе шмат дынастый — ваенных, інжынераў, урачоў, але настаўнікі ўсіх значна пераважылі. Вялікі наш сямейны педсавет. — І пачынае Тамара Васільеўна пералік з “расійскай галіны”, у якой стрыечныя браты Аляксандр і Алег (іх маці была мовазнаўцам, сыны звязалі лёс з фізічнай культурай). Цяпер жывуць у Краснадарскім краі, у сумнавядомым пасля леташняй буйной паводкі горадзе Крымску.
— Мы гэтак за іх перажывалі, як прыйшла тая хваля, што многіх пазбавіла жытла… — уздыхнула расказчыца.
І тут адбылося амаль неверагоднае. Жанчына не паспела закончыць фразу, як адчыніліся дзверы… а на парозе — нечаканыя (ці лепей усё ж сказаць — заўжды чаканыя) госці з Крымска…

Настаўніцкія сем’і

ЯК ТРОХІ СЦІШЫЛАСЯ радасць ад неспадзяванай сустрэчы, Тамара Войнаш стала працягваць расказ пра сябе і сваю сям’ю.
У памятным восемдзесят шостым 20-гадовая выпускніца педінстытута папрасілася ў родную Нароўлю. У краі, закранутым чарнобыльскай аварыяй, хранічна не хапала настаўнікаў. Уладкоўвалася без бацькоўскай дапамогі — хацелася быць незалежнай ва ўчынках і меркаваннях. Сваю самастойнасць Тамара праявіла і тады, як згадзілася далучыцца да эксперыменту: у той год упершыню ў школы пайшлі шасцігодкі, і маладая настаўніца ўсклала гэты нялёгкі груз на свае плечы.
— З першых дзён мяне прыняла настаўніцкая сябрына ў новай прыгожай нараўлянскай СШ №3, — згадвае Тамара Васільеўна тую пару. — Склаўся малады энергічны калектыў, працавалі, быццам апантаныя, з раніцы да вечара, аднак на ўсё хапала сіл: і дзяцей вучыць, і ў паходы хадзіць, і святы ўсім праводзіць разам… Школа стала для мяне, так бы мовіць, “вялікай настаўніцкай сям’ёй”, а хутка стварылася і іншая сям’я, хоць і меншая, ды ўласная…
Андрэй Віктаравіч Войнаш уладкаваўся ў школу праз месяц, выкладаў не толькі музыку, але й стварыў тэатральную студыю, разам са сваімі выхаванцамі іграў у музычных спектаклях, стаў капітанам школьнай каманды КВЗ “Малаток і цвікі”… Адным словам, пакарыў усю Нароўлю, а найперш — маладзенькую настаўніцу пачатковых класаў. Вясной 1988-ага для Тамары і Андрэя прагучаў марш Мендэльсона, а праз год яны ўжо спявалі разам калыханкі сыну Алёшку…

Трэцяе пакаленне

РОЎНА ЧВЭРЦЬ СТАГОДДЗЯ таму, у кастрычніку 1990 года, Войнашы пераехалі ў Жабінку. Галоўнае жаданне, што прымусіла зрывацца з абжытага месца — зберагчы здароўе сына.
Уладкаваліся на працу ў першую гарадскую школу. Андрэй Віктаравіч знайшоў сябе і ў мастацтве — стаў салістам народнага ансамбля “Каларыт”, вядомага “ад Жабінкі да самых да ўскраін”. Сёння ўжо цяжка ўявіць песенныя мерапрыемствы не толькі ў роднай школе, але й на раённай і абласной сцэнах без удзелу Войнаша. За плячамі шмат выступленняў, прыемных уражанняў і сустрэч.
Тамара Васільеўна ўрэшце рэшт спыніла свой выбар на прафесіі настаўніка-дэфектолага. Яе заўжды ўражвае звычайны цуд, да якога мае дачыненне, — калі дзеці, што раней не маглі нават добра размаўляць, з дапамогай педагога набываюць нарэшце навыкі ў чытанні і лічэнні.
Падрасло ўжо і трэцяе пакаленне педагагічнай дынастыі. Сын Войнашаў — Аляксей пасля Пінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа быў майстрам у Полацкім ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці, затым выкладчыкам вучэбна-вытворчага камбіната ў Жабінцы, зараз працуе на цукровым заводзе. Яшчэ ў студэнцкія гады пазнаёміўся, а затым і пабраўся шлюбам з Вольгай. У маладых шмат агульных захапленняў. Дастаткова сказаць, што ў 2009 годзе Аляксей і Вольга стаялі ля вытокаў фестывалю таленавітай моладзі палескага рэгіёна “Бэзавая ластаўка”. Адно з дасягненняў гэтай крэатыўнай імпрэзы, што дасюль праводзіцца ў Пінску, нават афіцыйна трапіла ў Кнігу рэкордаў Гінеса: Вой-
нашы прыдумалі і стварылі разам з сябрамі самую вялікую ў свеце (40-метровую!) шахматную дошку.
Вольга Юр’еўна, Аляксеева жонка, паспяхова “працягвае сямейную дарогу педагогаў”. Сёлета яна скончыла Беларускі педуніверсітэт імя М.Танка па спецыяльнасці “Сацыяльны педагог. Практычны псіхолаг” і стала намеснікам загадчыка дзіцячага сада №4, што ў мікрараёне цукровага завода.
Крочыць педагагічным шляхам і Алена, малодшая сястра Аляксея Войнаша. У 2014 годзе пасля Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы дзяўчына прыйшла выкладчыкам па класе баяна ў Ленінскую музычную школу, займалася і з ракітніцкімі дзецьмі. Гэтай вясной паспяхова абараняла гонар школы ў раённым конкурсе “Песні Перамогі”. Яе дыплом — апошняя па часе ўзнагарода ў вялікай настаўніцкай сям’і.
Усе найвышэйшыя дасягненні ў трэцяга пакалення яшчэ, відаць, наперадзе.
Гэтак давялося хутка перагарнуць старонкі сямейнай “педагагічнай паэмы”. Напрыканцы прыйшоў час вярнуцца ад малодшай Алены да Алены Пятроўны Валетавай, заснавальніцы дынастыі.

Замест заканчэння

… Доўгі пошук бацькі не прыносіў станоўчых вынікаў. Куды толькі не звярталася па дапамогу — паўсюль адмоўны адказ. Аднойчы нейкая жанчына — добрая душа — падказала: напішыце ў Варшаву, у польскі Чырвоны Крыж, мо там ёсць звесткі пра Пятра Фёдаравіча? Звярнулася, як у апошнюю інстанцыю, з на-дзеяй, і ў год, калі свет рыхтаваўся да юбілею Вялікай Перамогі, дачакалася добрай вестачкі.
У маі і жніўні 2015 года Алена Пятроўна разам са сваімі роднымі двойчы наведала бацькава пахаванне. Яно пазначана пад №189, месціцца на вайсковых могілках у невялічкай Цыбенцы Любельскага ваяводства, амаль на мяжы з Германіяй.
Сёння жанчына прызнаецца:
— Я па жыцці шчаслівы чалавек. У ім хапала ўрокаў, перапынкаў, дамашніх заданняў. Шчаслівая, што паспела адно такое важнае заданне выканаць і ўрок засвоіць… Ягоны змест такі: шукайце сваіх блізкіх, не губляйце веры. Патрэбна памяць усім: і дзецям, і ўнукам, і тым, хто прыйдзе пасля нас. Бо самая высокая педагогіка на Зямлі ўключае імгненні, калі нашчадкі схіляюць галовы перад продкамі сваімі…
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: прадстаўнікі дынастыі Валетавых-Войнашаў — Алена Пятроўна, Вольга Юр’еўна, Алена Андрэеўна, Тамара Васільеўна, Андрэй Віктаравіч.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top