Кожны народ мае права выбару шляху развіцця

Кожны народ мае права выбару шляху развіцця

ЛукПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26-29 верасня знаходзіўся з рабочым візітам у Злучаных Штатах Амерыкі (г.Нью-Ёрк). Прэзідэнт прыняў удзел у мерапрыемствах саміту ААН па ўстойлівым развіцці, па выніках якога прыняты міжнародны парадак дня ў галіне развіцця на перыяд пасля 2015 года. Новы парадак дня ААН у галіне развіцця прадугледжвае дасягненне 17 мэт устойлівага развіцця — глабальных арыенціраў, а таксама 169 задач, якія выяўлены ў канкрэтных колькасных параметрах. Аляксандр Лукашэнка выступіў на пленарным пасяджэнні саміту з выкладаннем нацыянальнай пазіцыі Беларусі ў гэтай сферы.
28 верасня Прэзідэнт Беларусі выступіў у агульнай дыскусіі на юбілейнай, 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Кіраўнік беларускай дзяржавы прадставіў падыходы Беларусі да вырашэння найбольш актуальных і вострых міжнародных праблем сучаснасці.
Аляксандр Лукашэнка ў будынку Генеральнай асамблеі ААН падпісаў Канвенцыю аб правах інвалідаў, а таксама правёў шэраг двухбаковых сустрэч з лідарамі іншых дзяржаў, кіраўніцтвам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, устойлівае развіццё любой краіны немагчыма без міру і бяспекі. «Гэту бясспрэчную ісціну беларускі народ спаўна пазнаў на сваім лёсе. У мінулым стагоддзі Беларусь стала месцам самых кровапралітных бітваў дзвюх сусветных войнаў», — нагадаў Прэзідэнт, выступаючы на пленарным пасяджэнні Саміту ААН па ўстойлівым развіцці.
«Страціўшы ў вайне з фашызмам трэць насельніцтва, Беларусь адрадзілася з попелу і свята шануе мір і згоду ў грамадстве, імкнецца забяспечыць дабрабыт народа і стабільнае развіццё дзяржавы», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што за гады суверэннага існавання Беларусь з гонарам выканала тыя мэты тысячагоддзя, якія звязаны з ліквідацыяй голаду і беднасці, з дасягненнем стапрацэнтнай пісьменнасці насельніцтва, роўнасці мужчын і жанчын, сацыяльна-палітычнай стабільнасці, з недапушчэннем дыскрымінацыі па нацыянальных і рэлігійных прыкметах.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што да гэтага часу не ўдалося аднавіць той баланс сіл, які быў страчаны з распадам Савецкага Саюза. «Няма балансу сіл — няма міру і няма стабільнасці. Гэта сістэмны крызіс. У любой сістэме сіла дзейнічае бескантрольна, калі яна з’яўляецца адзінай, імкнецца толькі да свайго працвітання і вырашэння праблем за кошт іншых», — лічыць Прэзідэнт Беларусі.
«Неабходна на справе прызнаць, што мы ўсе розныя і што кожны народ, кожная краіна мае права на выбар свайго шляху развіцця. Менавіта ў нашай разнастайнасці — залог агульнага прагрэсу і поспеху кожнага, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Такі падыход дасць магчымасць аднавіць давер у нашым міжнародным жыцці».
На думку Прэзідэнта Беларусі, для гэтага неабходна сустракацца і весці дыялог, дамаўляцца, знаходзіць магчымасць канструктыўнага ўзаемадзеяння, а дамовіўшыся, дзейнічаць.
«ААН павінна быць форумам супрацоўніцтва, а не канфрантацыі дзяржаў», — заявіў беларускі лідар. Лукашэнка з трыбуны Генасамблеі ААН заклікаў уладных людзей да адказу за дзеянні на Арабскім Усходзе і падкрэсліў, што прыклад адкрытага палітычнага хамства, хлусні і злачынстваў супраць чалавечнасці — на паверхні.
«Сёння патрэбны адказныя палітыкі, здольныя дзейнічаць глабальна, стратэгічна, гатовыя прымаць рашэнні ў інтарэсах усёй сусветнай супольнасці, ісці на кампраміс дзеля агульнага дабрабыту», — лічыць беларускі лідар.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў агульнай дыскусіі 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, са шкадаваннем канстатаваў, што свет не стаў больш стабільным, прадказальным і камфортным для большасці жыхароў планеты, нягледзячы на вялікую работу і каласальныя намаганні па рэалізацыі маштабных планаў ААН.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што напярэдадні на саміце быў зацверджаны амбіцыйны парадак дня работы ААН на бліжэйшыя 15 гадоў. У фокусе падагульняючага дакумента пяць стратэгічных напрамкаў, якія маюць жыццёва важнае значэнне: людзі, планета, працвітанне, мір і партнёрства. Яны нарадзіліся не на пустым месцы, а сталі лагічным працягам намаганняў па рэалізацыі Мэтаў развіцця тысячагоддзя.
Тым не менш, паводле слоў А.Лукашэнкі, гэтыя намаганні выклікаюць супярэчлівыя пачуцці.
«Так, ёсць пэўныя зрухі ў змяншэнні глабальнага ўзроўню беднасці, павышэнні абароненасці і ўмацаванні здароўя маці і дзяцей, пашырэнні доступу да адукацыі. Але, гаворачы аб дасягненнях, мы вымушаны прызнаць, што якаснага прарыву ў жыцці чалавечай цывілізацыі так і не адбылося», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
«Больш таго, мы бачым, як сучасны свет захлістваюць усё новыя выклікі і абвастраюцца старыя праблемы. Прычым яны датычацца не адной сферы, а ўсіх важнейшых напрамкаў жыццядзейнасці чалавецтва», — дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сёння свет сутыкнуўся з зусім новымі геапалітычнымі рэаліямі і ваеннымі канфліктамі.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што глабальныя эканамічныя пагрозы ўяўляюць сур’ёзную небяспеку для стабільнасці свету.
«Валютныя войны, санкцыі, перадзел сыравінных рынкаў, нядобрасумленная канкурэнцыя і іншыя негатыўныя з’явы абвастраюць сусветны крызіс. А спробы з боку шэрага вядучых дзяржаў вырашаць свае праблемы за кошт іншых краін таксама з’яўляюцца асновай для канфрантацыі і раз’яднанасці», — адзначыў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, выхад з гэтага тупіка бачыцца адзін — усебаковае ўзаемадзеянне эканомік розных краін, пошук аптымальных шляхоў устойлівага развіцця для ўсёй сусветнай супольнасці, а не асобных краін. І вельмі важна пры гэтым падтрымка бедных і бяднейшых дзяржаў.
На думку А.Лукашэнкі, галоўная ўмова інтэграцыі — узаемная выгада. «Імкненне ж атрымаць скарацечныя аднабаковыя перавагі — вось у чым корань зла», — лічыць беларускі лідар.
А.Лукашэнка выказаў заклапочанасць разбурэннем маральных устояў і каштоўнасцей чалавецтва
«Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб нашы ўнукі, праўнукі і іх нашчадкі захавалі прынятыя народам маральныя каштоўнасці, добрыя традыцыі духоўнасці і культуры», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Магу запэўніць усіх, што анархіі, беззаконню і насіллю ніколі не будзе месца на беларускай зямлі, ні пад якімі лозунгамі, у тым ліку дэмакратыі! Мы даволі моцныя і ўпэўненыя ў сабе, каб не дапусціць іх прыходу да нас звонку!» — падкрэсліў беларускі лідар.
«Мы маем намер будаваць роўныя, узаемавыгадныя і паважлівыя адносіны з усімі краінамі свету, — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Для нас уяўляе асаблівую каштоўнасць добрасуседства і ўзаемадапамога. Таму мы імкнёмся сёння да мірнага ўрэгулявання крызісу ў нашай брацкай Украіне і ў іншых гарачых кропках планеты».
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь можа прапанаваць міжнароднай супольнасці свой вопыт, няхай невялікі, вырашэння шэрагу праблем. Напрыклад, па такіх напрамках, як пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС або выкараненне гандлю людзьмі.
На заканчэнне свайго выступлення Прэзідэнт Беларусі прывёў цытату Нэльсана Мандэлы. «Гэты нязломны змагар за справядлівасць у свеце, звяртаючыся да сучаснікаў, сказаў: «Часам на пакаленне выпадае доля стаць вялікім. Вы можаце стаць гэтым пакаленнем». Вельмі спадзяюся, што такая доля выпадзе менавіта нашаму пакаленню. Я веру, што мы знойдзем у сабе сілы і разважлівасць зрабіць усё, каб змяніць свет да лепшага. Іншага не дадзена», — сказаў беларускі лідар.
БелТА.
На здымку: Прэзідэнт Беларусі А.Лукашэнка выступае на пленарным пасяджэнні Саміту ААН па ўстойлівым развіцці.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top