Untitled-13

Восеньскія клопаты земляробаў

Амаль справіліся з уборкай бульбы ў СВК “Хмелева”, дзе яе было пасаджана 133 га. Ураджайнасць не вельмі парадавала — у сярэднім 182 цэнтнера з гектара. Праўда, значна больш накопвалі на нізкіх участках — да 500 цэнтнераў. Цяпер у гаспадарцы прадаюць бульбу насельніцтву. Як паведаміла галоўны эканаміст сельгаспрадпрыемства Л.І.Парафянюк, тут плануюць, як і ў мінулыя гады, рэалізацыю “другога хлеба” буйным оптам на экспарт у Расію. Але гэта будзе зімой, калі ў суседняй краіне на бульбу стануць большы попыт і прымальная цэна. Сучаснае бульбасховішча дазваляе гэта зрабіць.
У раёне ідзе ўборка і яшчэ аднаго “стратэгічнага” прадукту — цукровых буракоў, якія адпраўляюцца адразу на перапрацоўку. Іх накапана на 1 кастрычніка 11861 тона. З шасці сельгаспрадпрыемстваў, якія займаюцца вырошчваннем салодкіх каранёў, ААТ “Ракітніца” і “Жабінкаўскі” ўжо завяршылі работу на бураковых палетках.

Для тых, хто абслугоўваецца дома

Раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва да Дня пажылых людзей падрыхтаваў падарункі жабінкаўцам шаноўнага ўзросту, якія знаходзяцца на надомным абслугоўванні. У першую чаргу (а гэта 90 чалавек) іх атрымалі тыя, што жывуць адзінока. Астатнім іх уручылі на мерапрыемстве, што ладзілася ўчора ў тэрытарыяльным цэнтры. Сацыяльныя работнікі паклапаціліся пра гэтую катэгорыю людзей і на будучае. Так, на раённым сельскагаспадарчым кірмашы, які будзе праводзіцца ў кастрычніку, “надомнікам” прапануюць бясплатна даставіць дахаты купленую гародніну.

Заваявалі бронзу рэйтынгу

Па выніках агульнадзяржаўнага статыстычнага ранжыравання суб’ектаў гаспадарання, якое правёў Нацыянальны бізнес-рэйтынг, Брэсцкі абласны вузел радыё-вяшчання і тэлебачання “Ракітніца” заняў 87 месца ў ТОП-100 прадпрыемстваў-лідараў Рэспублікі Беларусь па крытэрыю “Сумарная намінацыя” і заваяваў так званую бронзу рэйтынгу.
Дадзены крытэрый разлічваўся на падставе чатырох паказчыкаў фінансава-гаспадарчай дзейнасці: выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг; чысты прыбытак, страты; прадукцыйнасць працы; сярэдняя заработная плата.
Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 19 лістапада ў Мінску, у ДУ “Галоўнае ўпраўленне па абслугоўванні дыпламатычнага корпусу і афіцыйных дэлегацый “Дыпсэрвіс” з удзелам прадпрыемстваў-лідараў краін-удзельніц Саюза нацыянальных бізнес-рэйтынгаў.

“Сваёй зямлі прысвечаныя словы”

Пад такой назвай у апошні вераснёўскі дзень, калі святкавалася светлае праваслаўнае свята Надзеі, Веры і Любові, у горадзе над Бугам у музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” ладзілася вечарына пісьменнікаў з Жабінкі Расціслава і Анатоля Бензерукоў. Бацька і сын, што даўно пішуць у творчым саюзе, расказалі пра свае шляхі ў літаратуры, узнімаючы ўсім зразумелыя тэмы чалавечых лёсаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, духоўнага адраджэння Беларусі, светлых пачуццяў — сяброўства, кахання, любові да роднай зямлі. Творчая сустрэча, што прайшла ў цёплай, амаль сямейнай абстаноўцы, стала магчымай пры садзейнічанні дырэктара музея Ірыны Тарыма і навуковага супрацоўніка ўстановы Алы Расіноўскай, намесніка старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Любові Красеўскай.

Заняткі на аб’екце тэрытарыяльнай абароны

У адпаведнасці з планам падрыхтоўкі органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны на 2015 год у верасні праводзіліся заняткі з начальнікамі аб’ектаў тэрытарыяльнай абароны Жабінкаўскага раёна на базе электрападстанцыі 330 кВт у Саках. У іх прымалі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама А.В.Шалтанюк і ваенны камісар Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў палкоўнік І.У.Круглоў. Былі адпрацаваны пытанні арганізацыі аховы і абароны аб’ектаў тэрытарыяльнай абароны, а таксама абсталявання каравульных памяшканняў для падраздзяленняў, якія выконваюць гэтыя задачы. Як адзначыў намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Жабінкаўскага раёна маёр Я.А.Бінецкі, мэты заняткаў дасягнуты.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top