Піянерам — 25

IMG_5736 IMG_5727 IMG_5729

Што аб’ядноўвае піянераў 60-х, 80-х і сённяшніх? Успаміны пра цікавае дзяцінства, пра песні ля вогнішча, шанаванне і зберажэнне традыцый, стварэнне свету дабра і справядлівасці, дапамога тым, хто ў ёй мае патрэбу. А яшчэ іх аб’яднала свята: 13 верасня самай масавай дзіцячай арганізацыі на былой постсавецкай прасторы споўнілася 25 гадоў.
Ва ўтульнай і святочна прыбранай зале раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі адбылася сустрэча актыву піянерскіх дружын раёна “Салют, піянерыя!”, прысвечаная дню нараджэння ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”. На мерапрыемства былі запрошаны ганаровыя госці: Вера Анатольеўна Шэвелева, піянерка 60-х гадоў, ветэран камсамольскага руху, першы сакратар Жабінкаўскага райкама камсамола ў 80-х, былы старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, ; Вольга Міхайлаўна Плавух — піянерка 2000-х, першы сакратар РК ГА “БРСМ”, і Галіна Іванаўна Іванова — піянерка 70-х, дырэктар раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Старшыня раённага Савета ГА “БРПА” Алена Канстанцінаўна Скрыпка вярнула прысутных на чвэрць веку назад і расказала, што 13 верасня 1990 года ў рэспубліканскім піянерскім лагеры “Зубраня” на X злёце піянераў быў прыняты новы Статут БРПА і вызначаны яго асноўныя прынцыпы. Па-першае, дарослыя пачалі шырэй улічваць інтарэсы дзяцей, па-другое, асновай усёй дзейнасці стала самаразвіццё кожнага дзіцяці.
Многія бацькі сённяшніх піянераў не забыліся пра сваё цікавае дзяцінства, яны з цяплом і падзякай успамінаюць той час, распавядаюць пра займальныя піянерскія справы, працоўныя дэсанты. Сённяшняя БРПА захоўвае шматгадовы вопыт, традыцыі і лепшыя дасягненні піянерскага руху. Больш за 596 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак разам са сваімі дарослымі таварышамі-важатымі працягваюць гісторыю Піянерыі. З кожным годам іх становіцца больш, расце колькасць сацыяльна значных праектаў і праграм, аўтарамі якіх з’яўляюцца самі дзеці.
Алена Канстанцінаўна адзначыла, што раённая піянерская арганізацыя будуе сваю дзейнасць у адпаведнасці са Статутам ГА “БРПА” і піянерскімі праграмамі “Спадчына”, “Сем Я”, “Гульня — справа сур’ёзная”, “Свой голас”, “Акцябраты”, “Дзіцячы ордэн міласэрнасці”.
Падзялілася старшыня раённага Савета ГА “БРПА” і сёлетнім рэкордам: 7 мая, у Адзіны дзень прыёму ў шэрагі ГА “БРПА” і ГА “БРСМ”, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, піянерамі сталі аж 174 акцябронкі, а 75 навучэнцаў атрымалі білеты ГА “БРСМ”.
Лічба 75 гучала на свяце неаднойчы. Столькі гадоў споўнілася сёлета з дня выхаду на старонках газеты “Піянерская праўда” аповесці А.Гайдара “Цімур і яго каманда”, стварэння першага цімураўскага атрада і зараджэння цімураўскага руху.
Якімі справамі было напоўнена жыццё піянераў 60-х гадоў, расказала Вера Анатольеўна Шэвелева. Яна пажадала хлопчыкам і дзяў-чынкам слаўных распачынанняў, надзейных тава-рышаў, аптымізму, дабрабыту, моцнага здароўя, радасці і ўсмешак.
Са словамі віншавання да піянераў Жабінкаўшчыны звярнулася і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Вольга Міхайлаўна Плавух. Дзіцячая і юнацкая арганізацыі раёна цесна супрацоўнічаюць, разам прымаюць удзел у шматлікіх акцыях і праектах. Таму не пакінулі старэйшыя тава-рышы малодшых без увагі і ў дзень нараджэння.
Пад час мерапрыемства быў абраны Савет
раённай піянерскай арга-нізацыі, які складаецца з дзвюх палат: Дарослай і Дзіцячай. У складзе Дарослай пяць педагогаў-арганізатараў: В.В.Кулічык (СШ №2), А.М.Саўчук (СШ №3), Ю.П.Гарбуз (Жабінкаўскі РЦТДіМ), Т.М.Ількіў (Крыўлянская СШ), С.І.Цяльпук (Ракітніцкая СШ).
У складзе Дзіцячай палаты раённага Савета ГА “БРПА” 11 піянераў. Яе старшыня — вучаніца 6 класа трэцяй гарадской школы Варвара Папковіч, актыўная ўдзельніца піянерскіх акцый і праектаў.
Пад час пленарнай часткі была перавыбрана і старшыня раённага Савета ГА “БРПА”. Алену Канстанцінаўну Скрыпку на яе пасадзе змяніла педагог-арганізатар Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Юлія Пятроўна Гарбуз.
А потым усіх прысутных чакала частка ўрачыстая. Самыя яркія фарбы піянерскага жыцця ўдзельнікі і госці свята ўбачылі ў прэзентацыі “Піянерыя ўчора, сёння, заўтра…”. Многія пазналі на экране сябе, успомнілі пра свае добрыя піянерскія справы.
Ну і які ж дзень нараджэння без падарункаў, песень і гульняў? Хлопчыкі і дзяўчынкі бліжэй пазнаёміліся дзякуючы конкурсу візітных картак піянерскіх дружын “Дазвольце прадставіцца!”, паўдзельнічалі ў піянерскіх гульнях, стварылі “Палатно ідэй: пажаданні ў дзень нараджэння”. Музычныя падарункі юныя піянеры і піянеркі атрымалі ад удзельнікаў вакальнага калектыву “Вясёлкавы мікс”, а сувеніры (лялькі, заколкі, ігольніцы і інш.) стварылі самастойна на майстар-класах “Піянерскі hand-made”.
Закончылася свята ўскладаннем кветак да помніка загінулым воінам і партызанам.
Да тэмы: У гэтым навучальным годзе РС ГА “БРПА” аб’яўляе конкурс на лепшую піянерскую дружыну. Вынікі яго будуць падведзены да Адзінага дня прыёму ў піянеры 7 мая 2016 года.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымках: заўжды гатовыя да добрых спраў; будучае краіны за маладымі; ветэран камсамольскага руху В.А.Шэвелева дае наказ піянерам.
Фота Ірыны ЖУК.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*