Untitled-13Мамы-ардэнаноскі

10 верасня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ аб узнагароджанні ордэнам Маці жанчын, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей. У ліку 19 прадстаўніц Брэсцкай вобласці Галіна Яўгенаўна Арышчук — жыхарка вёскі Пруска нашага раёна, работніца УАЗ “Брэсцкая гарадская бальніца хуткай медыцынскай дапамогі”, і Алена Віктараўна Шорах з райцэнтра, настаўніца ДУА “Сярэдняя школа №3 г.Жабінка”. Пяцярых дзяцей выхоўваюць у кожнай з гэтых сем’яў. Праўда, у першай сыны і дочкі амаль усе паўналетнія, у другой — школьнікі, а самыя маленькія з маці дома. Што агульнага ў гэтых сем’ях? Напэўна, што Галіна Яўгенаўна і Васіль Васільевіч, Алена Віктараўна і Сяргей Фёдаравіч любяць дзяцей, клапоцяцца пра іх, у вольны час заўжды разам. Бацькі ўсяляк далучаюць нашчадкаў да працы, іх хвалюе маральнае і фізічнае развіццё дочак і сыноў. Сваім прыкладам і аўтарытэтам дарослыя паказваюць ім каштоўнасць сямейных адносін.
Ордэны шматдзетным мамам будуць уручаны на мерапрыемствах, прымеркаваных сёлета да Дня маці.

Вытворчасць брыкетаў штогод змяншаецца

Як паведаміў намеснік дырэктара ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі” М.М.Кляўзо, сёлета за сезон здабыта 42376 тон торфу. Нягледзячы, што план па сыравіне перавыкананы, вытворчасць тарфяных брыкетаў штогод змяншаецца. За 8 месяцаў бягучага года яна склала 16216 тон, што на 35,7% менш, чым за адпаведны леташні перыяд. Попыт на прадукцыю падае, таму што паравое і пячное ацяпленне паступова саступаюць свае пазіцыі газаваму.Яна рэалізуецца ў межах Беларусі.

Прыгожа прагучаў “Таночак”

У нядзелю, 20 верасня, другі раз на Брэстчыне праводзілася абласное свята фальклору “Таночак”. Ягоныя мерапрыемствы, арганізаваныя Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтрам у музеі “Бездзежскі фартушок”, што на Драгічыншчыне, былі падтрыманыя галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі аблвыканкама. Свята аб’яднала аматараў аўтэнтычнага мастацтва з усёй Брэстчыны. Дарослыя выступоўцы паказалі ўсё багацце народнага палескага вяселля. Сярод дзіцячых калектываў у фальклорным фэсце паўдзельнічаў узорны калектыў “Дараносіца” Хмелеўскага СДК (мастацкі кіраўнік Таццяна Грыцук). На суд журы яны прадставілі песні, гульні, танцы, якія адносяцца да велікоднай тэматыкі. За тое ўганараваны дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Вакальнае мастацтва”.

Шчодрасць праваслаўнага слова

Па ўсёй краіне Беларуская праваслаўная царква арганізуе вялікія асветныя выставы, якія традыцыйна называюцца “Радасць Слова”. 22 верасня падобная выстава запрацавала і ў Жабінцы. У час яе адкрыцця малебен на пачатак добрай справы правёў дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі святар Сергій Петрусевіч. Цяпер на працягу амаль тыдня (да 27 верасня) жыхары горада і раёна, што наведаюць выставу, змогуць далучыцца не толькі да багатага свету праваслаўнай кнігі, але і набыць адпаведную аўдыя- і відэапрадукцыю. Выставачны павільён месціцца на скрыжаванні вуліц ХХІІ з’езда КПСС і Цітова, што ў мікрараёне цукровага завода.

Гадзіна роднай мовы

Напачатку верасня дзіцячая бібліятэка прапанавала трэцякласнікам першай і трэцяй гарадскіх сярэдніх школ гадзіну роднай мовы “Вандроўка да роднага слова”.
Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава “Далучыся да роднага слова”, на якой прадстаўляліся выданні для малодшага школьнага узросту: “Зачараваная гаспадарка” Пятра Сіняўскага, “Леў смяецца” Ніны Галіноўскай, “Загадкі казачнай хаткі” і “Самая родная” Яніны Жабко, “Вася Лайдачкін у краіне Казак” і “Вася Лайдачкін у краіне Шкодных Звычак” Генадзя Аўласенкі, “Залатыя зярняты: тлумачальна-перакладны слоўнік” Марыі Верціхоўскай, “Гісторыі былога лесу” Галіны Пшонік, “Цуд на краі свету” Івана Шамякіна і іншыя.
Бібліятэкары Вольга Дзмітрыеўна Гурыш, Таццяна Іванаўна Прадзялюк і Таццяна Іванаўна Раманава, каб абудзіць цікавасць дзяцей да роднай мовы, падрыхтавалі разнастайную праграму на беларускай мове: гучалі вершы, прысвечаныя роднай зямлі, арганізавалі відэападарожжа ў Белавежскую пушчу, правялі гульню “Чароўны куфэрак”.
Вядучыя нагадалі вучням, што ўсё пачалося з кнігі. Каб замацаваць веды пра гісторыю яе ўзнікнення, хлопчыкі і дзяўчынкі паглядзелі відэаматэрыялы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top