Жабінка прамовіла: “Мы — разам!”

Жабінка прамовіла: “Мы — разам!”

IMG_0809 IMG_0825 IMG_0852 IMG_0871 IMG_0754 IMG_0778 IMG_6081

“Мы — разам!” — гэтыя словы дзясяткі разоў рэфрэнам гучалі вечарам 23 верасня ў перапоўненай зале гарадскога Дома культуры. Аднайменная акцыя, арганізаваная Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, якая чацвёрты месяц песеннай феерыяй коціцца па краіне, ужо ахапіла 60 гарадоў і вось нарэшце завітала ў Жабінку. Хоць вечарына складалася з трох дзеяў, была настолькі арганічнай, што падавалася адзіным спектаклем, падзеленым на часткі, вытрыманыя ў агульным стылі.

І. Галасы гучаць за Беларусь

У той вечар жабінкаўцаў чакала дастаткова прыемных нечаканасцяў. Яны пачаліся ўжо з першых хвілін — са сцэны, упрыгожанай стылізаванай яблыневай квеценню і колерамі нацыянальнага сцяга, да гледачоў са сваімі песеннымі віншаваннямі звярнуліся фіналісты рэспубліканскай акцыі “Новыя галасы для любімай краіны”. Гэта яшчэ адно з добрых пачынанняў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Нагадаем, з сёлетняй вясны літаральна кожны куточак “сінявокай” быў ахоплены песеннай акцыяй. І вось вынік — тыя новыя галасы, адшуканыя сярод соцень прэтэндэнтаў, загучалі з жабінкаўскай сцэны. Да жыхароў нашага горада і раёна звярталіся хоць і непрафесіянальныя артысты (усе яны працуюць у сферах, далёкіх ад мастацтва), аднак вельмі ўлюбёныя ў музыку ды спевы.
Пяцёра маладых фіналістаў нацыянальнага конкурсу завіталі ў Жабінку. Наталля Камісарава сваё сэрца і голас аддала беларускай народнай песні, Мікалай Гамераў адно з выступленняў прысвяціў 70-ым угодкам Вялікай Перамогі, Дар’я Валадзько “запальвала” залу джазавымі кампазіцыямі, Руслан Рагалевіч і Сяргей Прапаршчык аддавалі перавагу не толькі сучасным рытмам і мелодыям, але і тым, што сталі эстраднай класікай. Адным словам, кожны стараўся данесці свой святочны настрой і пачуцці, блізкія кожнаму, хто закаханы ў людзей і родную зямлю. Варта запомніць новыя імёны. Хто ведае, як складзецца іх сцэнічны лёс. Можа, нехта дарасце да “зоркі”? Амаль паўвека таму ў гэтай самай зале падобнае ўжо здаралася, калі канцэрт, як расказваюць старажылы, вёў раней нікому невядомы артыст эстрады Генадзь Хазанаў…
А сённяшнія выканаўцы найбольш запомняцца самым маленькім і вельмі актыўным слухачам — тым, хто атрымаў з іх рук у падарунак бусліка, — белакрылы сімвал акцыі “Мы — разам!”.

ІІ. Дынастыі, услаўленыя працай

Дом — сям’я — праца надзейна злучаюць людзей, напаўняючы жыццё вялікім сэнсам. Так, прыгожых, годных сем’яў, дзе бацькі — добры прыклад для сваіх нашчадкаў, а дзеці, унукі, праўнукі працягваюць іх справу, памнажаючы лепшыя дасягненні свайго роду, на Жабінкаўшчыне нямала.
З удзячным словам да герояў гэтага свята звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Н.У.Калыбская. Між іншым, Ніна Уладзіміраўна адзначыла: сёння ўпершыню ў рамках акцыі ўганараваныя дзевяць працоўных дынастый і ёсць спадзяванне — падобныя яркія імпрэзы стануць неўзабаве традыцыйнымі. Прыгожыя словы суправаджалі кожную асобу, што ўзнімалася на сцэну, пералічваліся найбольш значныя дасягненні працоўных дынастый, якія складаюць гордасць раёна, вобласці і ўсёй краіны. Дзякуючы такім людзям сённяшняя незалежная Беларусь набывае сваю непаўторнасць і прыгажосць, гонар і славу.
Пад гучныя апладысменты залы выходзілі прадстаўнікі сем’яў Якавукоў і Янкоўскіх-Андрасюкоў, якія ўжо на працягу некалькіх пакаленняў выбіраюць працу на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. За сваю прыхільнасць да прафесіі многія з іх у розныя гады адзначаны Ганаровымі граматамі, іх імёны ўнесены ў Кнігу працоўнай славы роднага прадпрыемства. Дарэчы, агульны працоўны стаж у вытворчасці камбікармоў у дынастыі Янкоўскіх — ажно 165 гадоў!
Столькі ж “напрацавалі разам” і Скачыкоўскія, чые жыццёвыя дарогі здавён моцна знітаваныя з Жабінкаўскай дыстанцыяй пуці. Сем прадстаўнікоў сям’і працавалі і дасюль працуюць у гэтай вялікай арганізацыі. Іншая значная “чыгуначная” дынастыя Чарнакоў-Хільчукоў і сёння беражліва захоўвае прафесійныя традыцыі, закладзеныя заснавальнікамі Аляксеем Васільевічам і На-дзеяй Раманаўнай Чарнакамі. Яе прадстаўнікі, паводле слоў арганізатараў свята, “горда нясуць званне адказнай, адданай справе працоўнай сям’і”.
Што можа быць больш пачэсным, чым клопат аб зямлі? На гэтае рытарычнае пытанне даўно знайшлі адказ у сям’і Платонавых. Таму свой лёс яны звязалі са спадчынным азяцкім краем, прысвяцілі адданую працу роднаму сельгаспрадпрыемству — ПУАП “Азяты”.
Сваімі моцнымі працоўнымі дынастыямі ганарацца і ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Сярод іх — сям’я Яшчукоў, якую “заўжды вызначаюць адказнасць і шчырая любоў да сваёй справы”. Дынастыя Кандрацюкоў, ля вытокаў якой колішні дырэктар КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ”, ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Мікалай Канстанцінавіч Кандрацюк, вядомая актыўным удзелам у працоўным і грамадскім жыцці роднага прадпрыемства.
Арганізатары знайшлі шмат добрых слоў таксама ў гонар сем’яў Семенюкоў і Панасікаў, працоўных дынастый з цукровага завода. Заснавальнікі іх — Міхаіл Емяльянавіч Семянюк, Аляксей Уладзіміравіч і Марыя Сцяпанаўна Панасікі — у калектыве жабінкаўскіх цукравараў з самага пуску прадпрыемства. Іх дзеці, унукі свядома пайшлі па шляху сваіх родных і не шкадуюць аб прафесійным выбары ані кропелькі!
Кожная працоўная дынастыя атрымала на памяць пра свята каштоўныя падарункі ад родных прадпрыемстваў і пярвічных прафсаюзных камітэтаў. А на заканчэнне — агульнае фота пад водгукі “Мы — ра-зам!”

ІІІ. Песня злучае краіну

Афіцыйная ганаровая частка завяршылася, аднак ніхто не спяшаўся пакідаць залу. Акцыя зноў набыла яркую музычную афарбоўку. Калі ў пачатку гучалі галасы маладых выканаўцаў, дык цяпер з жабінкаўцамі віталіся сапраўдныя “зоркі”. І не толькі эстрадныя.
На сцэну са словамі: “Дарагія землякі” — узняўся выдатнік асветы СССР, заслужаны трэнер Беларусі Сяргей Салямановіч — той, хто адкрыў усяму свету спартыўны талент славутай алімпійскай чэмпіёнкі Юліі Несцярэнка. Ягонае прывітанне невыпадковае, паколькі ў далёкім 1962 годзе Сяргей Уладзіміравіч пачаў сваю працоўную кар’еру менавіта на Жабінкаўшчыне, куды прыйшоў настаўнікам фізічнай культуры Хмелеўскай школы. Цяпер ён не хаваў свайго захаплення жабінкаўскім краем, што незвычайна пахарашэў, а свайго бусліка падарыў маленькай жыхарцы райцэнтра з пажаданнямі любіць Айчыну і абавязкова мацаваць здароўе заняткамі фізкультурай і спортам.
Неверагодна “раскачаў” і без таго прыўзняты настрой слухачоў народны артыст Беларусі кампазітар Эдуард Ханок, які таксама мае поўнае права называць берасцейцаў сваімі землякамі. Зала літаральна з першых нот пазнавала і падхоплівала шлягеры маэстра, вядомыя многім з маленства, а сам кампазітар выканаў творы на вершы любімай сваёй паэтэсы Ларысы Рубальскай — “Самурай” і амаль аўтабіяграфічную песню “Брэст” — лірычны ўспамін пра горад, “дзе засталася яго маладосць”. Цудоўным працягам сталі выступленні майстроў сённяшняй айчыннай эстрады Вікторыі Алешка і Сашы Нэма ў суправаджэнні танцавальнага шоу-балета “Тэкіла” і выхад на сцэну ўсіх удзельнікаў канцэрта з фінальнай песняй “Я люблю Беларусь!” За шчасце адчуць сябе агульнай сям’ёй і запамінальнае музычнае свята, падараванае жабінкаўцам, артысты атрымалі сувеніры і карзіну жывых кветак ад імя старшыні райвыканкама Ф.Ф.Каланчука.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: запамінальныя імгненні рэспубліканскай акцыі “Мы — разам!” у Жабінцы.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top