Кухоннае гладыятарства

Кухоннае гладыятарства

t_480x305xea30d07c62

Гладыятарства ў старажытным Рыме — своеасаблівы тэатр, дзе паказвалася майстэрства валодання ручной зброяй — мячом, трызубцам, дзідою ды інш. — у баях паміж падрыхтаванымі воямі з рабоў, палоннікаў ці добраахвотнікаў. Іхнія сутычкі рэдка заканчваліся смерцю аднаго з удзельнікаў, між тым пагроза трагічнага зыходу была вялікая… Нешта падобнае адбылося сёлета ў вёсцы Багны — толькі не на арэне, а на кухні гаспадароў дома, з ужываннем кухоннай “зброі” і без гледачоў, бо ўдзельнікамі бойкі былі ўсе трое — бацька, маці і 15-гадовая дачка (сына ў гэты час не было, а малодшая дачка схавалася ад страху).
Бацька, А., у той дзень вярнуўся дадому з Азятаў, дзе працаваў жывёлаводам, дакладней — адбываў пакаранне папраўчымі работамі паводле артыкула 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (пагроза забойствам). У Маціевічах выпіў са знаёмымі, дома крыху паспаў і пачаў гатаваць абед. Ці вячэру — ужо стаяў надвячорак. На кухню зайшла дачка-падлетак, з якою дагэтуль у бацькі была слоўная перапалка, зняла з пліты чайнік і паставіла патэльню — яны з мамаю пяклі бліны. Адсюль і разгарэўся сыр-бор, ледзь не гладыятарскі бой у мініяцюры. Бацька грымнуў патэльняю аб падлогу, а дачка выліла ваду з чайніка. Падаспела маці і паставіла на пліту іншую патэльню, якая тут жа апынулася ў мужчынскай руцэ. “Вярні чайнік на месца!” — загадаў дачцэ гаспадар. Тая не паслухалася, і ён з’ездзіў пляскатаю “зброяю” ёй па твары, літаральна аглушыў яе. Маці заступілася, і паміж імі, абаімі гаспадарамі, усчалася валтузня. Неўзабаве яны паваліліся ў прамежак між халадзільнікам і пральнай машынаю. Мужчына, паколькі дужэйшы, апынуўся зверху і свабоднай рукою хапатліва намацваў на пральнай машыне нож. Тады дачка ўжо яго агрэла патэльняю па галаве. Раз і другі. Ашаломлены гаспадар падняўся, адною рукою схапіў дачку за валасы, другою прыставіў да шыі кухонны нож. Вадзіў ім ад вуха да падбародка і пытаўся: “Рэзаць? Не?” (Гэтыя пытанні дакладныя, бо яны запісаліся на мабільны тэлефон, уключаны здагадліваю дзяўчынаю). У такім становішчы бацька і дачка заставаліся да прыходу міліцыі, выкліканай гаспадыняю.
Эксперт, следчы, дзяржабвінаваўца, суддзя — усе сышліся на тым, што дзеянні А. зноў падпадаюць пад арт. 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пагроза забойствам, што сыходзіла ад ап’янелага спіртным і бойкаю мужчыны, спаўна магла ажыццявіцца — такая выснова прагучала на пасяджэнні раённага суда.
18 жніўня г.г. суд прызнаў А. пакаранне арыштам на тры месяцы. Дыск з відэазапісам застаўся ў матэрыялах справы, дзве патэльні вернуты гаспадыні, а галоўная “гладыятарская” зброя — нож — знішчана, каб нікога больш не спакушала.
Уладзімір КІРЫЛЮК, пракурор раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top