Крымінальная хроніка

Крымінальная хроніка

 

Нашкодзіў і фізічна, і матэрыяльна

Летнія ночы, вядома, кароткія, аднак і гэтага часу хапіла 26-гадоваму жабінкаўцу Р., каб насваволіць. 7 жніўня ён быў у стане алкагольнага ап’янення. “Вогненная вада”, відаць, і падштурхнула на хуліганскія ўчынкі. Знаходзячыся паблізу плошчы на перакрыжаванні вуліц ХХІІ з’езда КПСС і Цітова, мужчына стаў “высвятляць адносіны” з прахожым. Рабіў гэта з дапамогай кулака — у выніку пацярпелы атрымаў важкі ўдар па твары. Але ж і гэтага парушальніку грамадскага парадку падалося мала. Ён завалодаў чужым планшэтам і разбіў яго ўшчэнт. А потым хуліган накінуўся на сябра пацярпелага, ударыў таго па галаве бутэлькай і ганяўся па плошчы за гэтымі грамадзянамі, пагражаючы “ружачкай”. Цяпер за тое, што не ўмее трымаць сябе ў руках, Р. арыштаваны, яму давядзецца пазнаёміцца з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, прынамсі, часткай 3 артыкула 339 (“Асабліва злоснае хуліганства”).

“Нарыбачыў” на… 312 базавых велічыняў

Закон жорстка карае тых, хто прыносіць шкоду навакольнаму асяроддзю. Нават калі грамадзянін перавозіць у сваёй машыне вялікі ўлоў рыбы, павінен ведаць — за тое прадугледжана крымінальная адказнасць. Так адбылося ўвечары 21 жніўня з кобрынцам Анатолем І. Высветлілася, што на сваёй іншамарцы, спыненай праваахоўнікамі каля вёскі Мышчыцы, ён вёз 149 асобінаў рыбы, якія вылавіў у абмялелым стаўку. Хоць рыба і не была экзатычнаю (асноўнай здабычай сталі карасі, ліні ды шчупакі), гора-рыбак прычыніў шкоду навакольнаму асяроддзю на суму, што перавышае 56 мільёнаў рублёў (гэта на момант здзяйснення злачынства складала 312 базавых велічыняў).

Спіртное каламуціць галаву…

Ледзь не прывяла да трагедыі адным жнівеньскім вечарам сямейная сварка ў Вялікіх Якаўчыцах. Як нярэдка, на жаль, бывае паміж мужам і жонкаю ўстала гарэлка. Выпітае надта разгарачыла гаспадара, хапіла і колькіх слоў, каб ён успыхнуў у гневе. Пад уплывам спіртнога парушальнік закона нават не адчуваў усёй сваёй сілы, калі ўдарыў жанчыну. Вынік сумны — разрыў селязёнкі, што адносіцца да цяжкіх цялесных пашкоджанняў. У Крымінальным кодэксе здзейсненае злачынства адпавядае частцы 1 артыкула 147.

Пайсці ў лазню, каб папарыцца?

marijuana-spaccio-bracciano

Здаецца, звычайная справа — большасць людзей выкарыстоўваюць лазню, каб умацаваць здароўе, палепшыць унутранае адчуванне. Але ж інакш падышоў да гэтага берасцеец Дзмітрый Б. Увечары 16 жніўня разам з сябрамі ён вырашыў папарыцца ў лазні аздараўленчага цэнтра “Арляня”. Аднак, як высветлілі праваахоўнікі, што перарвалі сяброўскую вечарынку, разам з сабою Б. незаконна меў рэчыва расліннага паходжання. Праведзеная экспертыза засведчыла: гэта небяспечны наркатычны сродак, марыхуана. Цяпер аматару лазні давядзецца адказваць за свае дзеянні паводле часткі 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Жанчына з нажом

Зноў даводзіцца канстатаваць: алкаголь — нярэдка вядзе да злачынства. Ягонае ўздзеянне ледзь не прывяло да трагедыі 27 жніўня ў Арэпічах. Прычым, у ролі злачынцы выступала “прадстаўніца прыгожага полу”, якая сярод белага дня знаходзілася на падпітку. Пад час сваркі, што ўзнікла паміж ёю і сужыцелем, у руках жанчыны апынуўся нож, бяздумна выкарыстаны ёю супраць крыўдзіцеля. Нават аднаго нажавога ўдару ў жывот хапіла, каб мужчына быў сур’ёзна паранены: атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні на страўніку. Супраць жанчыны з нажом ўзбуджана крымінальная справа.
Аляксандр ДЗЯГЕЛЬ, начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top