Крыніцы натхнення Вольгі Якімчук

Крыніцы натхнення Вольгі Якімчук

IMG_3043

Ёсць людзі, знаёмства з якімі выклікае захапленне. Заварожваюць яны сваёй жыццёвай мудрасцю, рознабаковым талентам, аптымізмам. Адна з такіх — жыхарка Жабінкі Вольга Сяргееўна Якімчук.
Родам яна з Кобрынскага раёна, з вёскі Стрыгава. Скончыла гандлёвы тэхнікум у Брэсце, працавала старшым прадаўцом у магазіне тканін, потым у пякарні ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. Адтуль і пайшла на заслужаны адпачынак. Менавіта тады і з’явілася шмат часу для ўлюбёных заняткаў: вязання і вышыўкі.
Пераступаеш парог дома Вольгі Сяргееўны — і быццам у мастацкі музей трапляеш. На сценах вышытыя карціны, на канапе і на ложку — аздобленыя вышыўкай падушкі, на падлозе — вязаныя дыванкі. Ва ўсім адчуваецца рука майстрыхі і гаспадыні.
Не магчыма не залюбавацца прыгажунямі-бярозкамі на адной з карцін; нібы жывыя, узлятаюць у неба жураўлі на другой; плывуць, пераадольваючы раку, тыгры — на трэцяй. Паглядаюць са сцяны вышываны спаніель, кацяняты, лебедзі, папугайчыкі. Шмат твораў, на якіх адлюстраваны храмы, мадонны.
Усяго ў доме больш за тры дзясяткі карцін, створаных руплівымі рукамі таленавітай майстрыхі-рукадзельніцы.
— Калі я сядаю за вышыўку, — дзеліцца Вольга Сяргееўна, — забываю пра абед і вячэру, з’яўляецца такі азарт, жаданне хутчэй скончыць і палюбавацца вынікам. Схемы для карцін у асноўным купляю на рынку. Вышываю крыжыкам. На вялікія работы ідзе месяцы два-тры.
Беражліва захоўвае майстрыха дзве карціны з гадоў юнацтва. Увогуле, у сям’і Вольгі Сяргееўны многія жанчыны былі рукадзельніцамі: вышывалі, вязалі, стваралі рукатворную прыгажосць. Дачка Таццяна таксама пераняла матулін вопыт і майстэрства.
Акрамя рукадзелля, ёсць у Вольгі Якімчук яшчэ адна “аддушына”: апошнія восем гадоў жанчына спявае ў народным хоры ветэранаў “Тонус”.
— Сустрэчы з калегамі, аднадумцамі, сябрамі амалоджваюць душу. Нам цікава разам, — дзеліцца Вольга Сяргееўна. — Я люблю спяваць, на канцэртах часта расказваю байкі, чытаю гумарыстычныя вершы. Бываем з высту-пленнямі ў санаторыі “Надзея”, дзе нас вельмі цёпла прымаюць. Пасля канцэртаў часам падыходзяць расіяне, дзякуюць за душэўныя кампазіцыі, за стварэнне цудоўнага настрою.
Як усялякая жанчына, Вольга Якімчук вельмі любіць гаспадарыць. Пакуль быў жывы муж, трымалі розную жыўнасць. Зараз гаспадыня садзіць агарод, радуе вока прыгажосць яе рознакаляровага кветніку. Дворык Вольгі Сяргееўны ціхі і ўтульны, хоць і знаходзіцца непадалёку ад шумнай стаянкі ля магазіна “Еўраопт”.
Усе цікавыя, творчыя заняткі дазваляюць гэтай моцнай жанчыне другі год весці барацьбу з каварнай хваробай. Трымаецца Вольга Сяргееўна малайцом, нават ніколі адразу не скажаш, што ёй пайшоў 70-ты год. Кожную раніцу, перамагаючы боль, займаецца гімнастыкай, вядзе здаровы лад жыцця.
— Трэба радавацца кожнай хвілінцы, кожнай былінцы, — кажа Вольга Сяргееўна. — Чэрпаць натхненне для творчасці з розных крыніц.
Адна з іх — у дзецях і ўнуках, якіх у жанчыны па двое і якія не забываюць патэлефанаваць, пацікавіцца справамі і здароўем, ну й, безумоўна, наведваюць матулю і бабулю.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top