Сняданак — зарад энергіі на дзень

Сняданак — зарад энергіі на дзень

ku-bigpic2
Усе ведаюць, што сняданак трэба з’есці самому, абед — падзяліць з сябрам, а вячэру — аддаць ворагу. Але ў жыцці многія паступаюць з дакладнасцю да наадварот, замяняючы сняданак кубкам кавы.
Часцей за ўсё прычынай адмовы ад ранішняй трапезы з’яўляецца імкненне зменшыць вагу ці банальны недахоп часу.
Даследаванні апошніх гадоў паказалі, што ў тых, хто сістэматычна прапускае сняданак, абмен рэчываў на 6-7 % павольней, чым у тых, якія снедаюць. У такім выпадку ствараюцца ўсе перадумовы для набору лішняй вагі. Акрамя таго, адмаўляючыся ад ранішняй ежы, мы пазбаўляем сябе шматлікіх неабходных пажыўных рэчываў, якія так патрэбны арганізму менавіта ў першай палове дня. Паўнавартасны сняданак зніжае верагоднасць пераядання на працягу дня і змяшчэння асноўных прыёмаў ежы на вячэрнія гадзіны. Памятайце, што ён павінен утрымліваць 25-35% калорый сутачнага рацыёну.
Карысць або шкода сняданка залежаць ад яго складу. Вядома, што багаты расліннымі валокнамі зерневы — зніжае спажыванне калорый за кошт большай сытнасці. У наступны прыём ежы арганізм не кампенсуе калорыі, недабраныя за такой трапезай. Зерневыя сняданкі ў выглядзе аўсянай і іншых каш, а таксама з выкарыстаннем агародніны і садавіны лічацца карыснымі. Устаноўлена, што ў людзей, якія аддаюць перавагу такой ежы, радзей сустракаецца лішняя вага. На жаль, часта рэкламуемыя сухія сняданкі апроч карысных зерневых кампанентаў могуць утрымліваць лішак цукру, шкодныя транстлушчы і мноства харчовых дабавак.
Прымальны і бялковы сняданак — у першую чаргу гэта яечня, амлет. У выніку шматлікіх даследаванняў даказана: адно яйка ў дзень не павялічвае халестэрын, а прыносіць толькі карысць. Да яго можна дадаваць сыр ці штосьці мясное. Толькі ўсё гэта трэба спалучаць з хлебам грубага памолу, гароднінай ці садавінай. Другі варыянт бялковага сняданка — што-небудзь тварожнае з садавінай, ягадамі — толькі без цукру.
Шклянка соку, якая для многіх раніцай з’яўляецца абавязковай, не такая ўжо і карысная. У ёй шмат так званых “хуткіх цукраў”. Зранку яны наадварот рэзка павялічваюць глюкозу крыві, не перашкаджаюць голаду, спрыяюць павелічэнню вагі.
Вядома, што паўнавартасны сняданак — гэта яшчэ і залог удалага дня. Ранішняя трапеза ў спакойнай сямейнай абстаноўцы дапамагае сабрацца з думкамі, настроіцца на надзённыя справы, дае добры зарад энергіі, бадзёрасць і актыўнасць на ўвесь дзень. Чалавек, які раніцай снедае, больш засяроджаны і нават лепш запамінае інфармацыю, меней схільны да стрэсаў.
Адным словам, смачны і карысны сняданак створыць добры настрой на ўвесь дзень, палепшыць самаадчуванне і дапаможа пазбегнуць праблем з лішняй вагой і са здароўем у цэлым.
Ірына АСТРОЎСКАЯ, урач-валеолаг УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top