Антыбіётыкі толькі па назначэнні

Антыбіётыкі толькі па назначэнні

IMG_0961-2

Многія маладыя мамы наракаюць: “Нам ізноў прапісалі антыбіётык… Ну колькі можна?”. Іх заклапочанасць зразумелая — наступствы ад частага прыёму такіх прэпаратаў сапраўды могуць быць не самымі прыемнымі. Але ўрачы, як правіла, не назначаюць лекі без неабходнасці. І калі вы даяце іх правільна і своечасова, негатыўнае ўздзеянне можна звесці да мінімуму. Пра тое, як прымаць антыбіётыкі, як зразумець, што яны не падыходзяць, расказвае ўрач-педыятр участковы педыятрычнага аддзялення паліклінікі УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” Наталля Мікалаеўна Бялых.
— Антыбіётыкі трэба прымаць толькі па назначэнні ўрача, у строга вызначанай дазіроўцы, захоўваючы кратнасць прыёму. Калі будзе парушана доза і час прыёму прэпарата, у ачагу інфекцыі не ўтворыцца пагібельная для мікробаў канцэнтрацыя лекаў і не наступіць выздараўленне. Акрамя таго, антыбіётык акажа шкоднае ўздзеянне на органы стрававання, ныркі, сардэчна-сасудзістую сістэму дзіцяці.
— Па якіх прыкметах можна зразумець, што прэпарат не падыходзіць?
— Калі праз 36-48 гадзін ад пачатку лячэння стан пацыента пагаршаецца або прыкметы захворвання, якіх не было, нарастаюць, антыбіётык трэба або адмяніць, або дозы яго карэкціраваць. Адмена патрабуецца таксама пры з’яўленні пабочных эфектаў — лекавых дэрматозаў (крапіўніца і да т.п.) ці страўнікава-кішэчных расстройстваў.
— Многіх мам турбуе, якія наступствы для арганізма нясе частае ўжыванне антыбіётыкаў?
— Можа прывесці да падаўлення звычайнай “роднай” флоры арганізма, да развіцця дысбіёза кішэчніка, фарміравання ўстойлівасці мікробаў да антыбіётыка. У выніку, пры наступным захворванні прыйдзецца назначаць большую дозу або мацнейшыя антыбіётыкі.
— Наколькі апраўдана назначэнне пры кожным ВРЗ прэпаратаў адной групы?
— Да прэпаратаў адной групы развіваецца ўстойлівасць, г.зн. неадчувальнасць мікробаў.
— Ці заўсёды антыбіётык згубна ўздзейнічае на кішэчную флору?
— Звычайна гэта бывае пры працяглым лячэнні (3-4 тыдні і больш). Дзецям першых месяцаў жыцця і хворым з дэфіцытам імунных сілаў рэкамендавана назначэнне прэбіётыкаў — прэпаратаў для аднаўлення кішэчнай флоры.
— А прэбіётыкі прымаць разам з антыбіётыкамі ці пасля заканчэння курсу лячэння?
— Гэта вырашае лечачы ўрач. Прэбіётыкі могуць паскараць нармалізацыю флоры кішэчніка. Аднак іх паўсюднае назначэнне разам з антыбіётыкамі не заўсёды апраўдана, але і адмова ад іх не абавязкова прыводзіць да пачашчэння пабочных з’яў з боку кішэчніка.
Калі пасля лячэння антыбіётыкамі дзіця скардзіцца на болі ў жываце, запор, дыярэю, пякотку ці ўздуцце жывата — трэба прымаць прэбіётыкі.
— Калі антыбіётык прапісаны кормячай маці, што рабіць, каб звесці да мінімуму негатыўныя наступствы для дзіцяці?
— Патрэбна строга прытрымлівацца рэкамендацый урача, пазнаёміцца з інструкцыяй да прэпарата і прымяняць антыбіётык з улікам часу кармлення. Ён не павінен супадаць з перыядам максімальнай канцэнтрацыі лекаў у крыві маці.
На здымку: на прыёме ўрач-педыятр Н.М.Бялых.
Фота Паўла АСТАПОВІЧА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top