10 хвілін актыўнага адпачынку — і зноў за парту

10 хвілін актыўнага адпачынку — і зноў за парту

IMG_6072

Сёлета першакласнікамі сярэдняй школы №1 г. Жабінка сталі 134 хлопчыкі і дзяўчынкі. Пяць класаў з лічбай 1, дзе навучаюцца маленькія гарэзы. З першых дзён у школе ім трэба прывыкаць да новых умоў, рэжыму, відаў дзейнасці. Калі ў дашкольным узросце перавага аддаецца гульні, пад час якой дзеці свабодна сябе паводзяць: садзяцца і падымаюцца, бегаюць і скачуць, то на ўроках трэба ся-дзець за партай і быць больш уважлівымі і арганізаванымі. Нагрузка на пазваночнік у першакласнікаў павялічваецца да 10 разоў. Дзеці такога ўзросту хутка стамляюцца. Як спраўляюцца з гэтай праблемай і клапоцяцца аб здароўі сваіх выхаванцаў, расказалі настаўнікі пачатковых класаў першай гарадской адзінаццацігодкі.
Ірына Анатольеўна Панфіла, класны кіраўнік 1 “В”:
— Штораніцы да заняткаў мы робім зарадку. Яна дапамагае падтрымліваць не толькі правільную прыгожую асанку, але і зараджае добрым настроем на ўвесь дзень. Пры выкананні практыкаванняў выкарыстоўваю вершаваныя радкі.
Каб дзеці хутка не стамляліся і ў іх павышалася разумовая працаздольнасць, праводжу фізкультхвілінкі. За ўрок іх можа быць 2-3. Першая — праз 10 хвілін пасля пачатку заняткаў. Яны прахо-дзяць пад забаўныя вершыкі і песенькі. На ўроках пісьма выкарыстоўваю наступную спецыяльную гімнастыку:
— Дзеці расслаблена ся-дзяць, спіна выпрамлена, рукі звісаюць уздоўж цела. Пры гэтым неабходна варушыць рукамі і пальцамі.
— Плаўна падымаюць рукі ўверх, затым расслабляюць іх і “кідаюць” уніз. Выконваем такое практыкаванне 5-6 разоў.
— Трэба сагнуць абедзве рукі ў локцевым і плечавым суставах, пакласці пальцы сабе на плечы. Рытмічныя, кругавыя рухі рабіць адначасова дзвюма рукамі, спачатку ў адзін, потым у другі бок. Неабходна 10-15 кручэнняў у абодва бакі.
— Сагнуць і разагнуць рукі ў локцевых суставах. Выконваць практыкаванне трэба павольна 10-12 разоў.
— Круціць, згінаць і разгінаць промнезапясныя суставы.
— Энергічна сціскаць і расціскаць кісці рук, локці пры гэтым знаходзяцца на парце.
— “Павітаць” кожны пальчык: для гэтага пастукаць падушачкамі пальцаў адзін аб адзін.
Закончыць гімнастыку варта расслабленнем. Яна не займае шмат часу, цікавая дзецям, яе можна выконваць і дома.
Люблю праводзіць рухомыя перапынкі на свежым паветры. Яны спрыяюць актыўнаму адпачынку дзяцей, змяншаюць стамляльнасць, павялічваюць працаздольнасць. Заўважыла, што дзеці, якія на перапынках актыўныя ў гульнях, больш уважлівыя на ўроках. Мае выхаванцы аддаюць перавагу гульням з мячом, скакалкамі. Маленькім гарэзам дастаткова 10 хвілін актыўнага адпачынку, каб потым настроіцца на працоўны лад.
Алена Аляксееўна Букса, класны кіраўнік 1 “Б”:
— З мэтай зберажэння здароўя сваіх вучняў выкарыстоўваю розныя фізкультурныя хвілінкі і паўзы пад музыку. Лічу, што гэта лепшыя лекі ад гіпадынаміі. Іх плюсы ў тым, што складаюцца з усіх відаў руху, уласцівых чалавеку: хадзьбы, бегу, скачкоў, пластыкі рук, цела. У склад практыкаванняў для фізкультхвілінак уваходзяць:
— гімнастыка для вачэй (спецыяльныя практыкаванні для ўмацавання мышцаў павекаў, паляпшэння кровазвароту мышцаў вачэй і зняцця іх стомленасці);
— фізкультурна-спартыўныя заняткі (традыцыйная гімнастыка, дзе кожнае практыкаванне разлічана для пэўнай групы мышцаў);
— рухальныя дзеянні і заданні (вучням загадваю загадку, а адгадку яны паказваюць рухамі);
— дыхальная гімнастыка.
Калі ў дзетак фарміруюцца першыя навыкі пісьма, перавагу аддаю практыкаванням для мышцаў пальцаў рук. Выкарыстоўваю пальчыкавую гімнастыку, штрыхоўку, шнуроўку, работу з сыпучымі матэрыяламі, прышчэпкамі.
Хвілінкі адпачынку суправаджаюцца музыкай, маўленчымі практыкаваннямі і рэлаксацыйнымі для мімікі твару, так званыя, “эцюды для душы”. Напрыклад, “падары ўсмешку сябру”. Перапынкі праводзім у гульнях на калідоры і спартыўнай пляцоўцы.

На здымку: Алена Аляксееўна Букса са сваімі выхаванцамі.

Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top