Ограничение выезда за границу

Ограничение выезда за границу

Пра абмежаванне выезду за мяжу
Магчымасць наведваць замежныя краіны, далучацца да культуры іншых народаў — права, замацаванае канстытуцыйна. Аднак узнікаюць абставіны, пры якіх грамадзянін не можа скарыстаць гэтае права. Пачынаючы з 2006 года, суд Жабінкаўскага раёна часова забараняў пакідаць межы беларускай дзяржавы 86 жабінкаўцам, у дачыненні да дзесяці гэтая мера прымянялася ўжо сёлета. Падрабязней пра абмежаванне на выезд за мяжу — у размове з кансультантам суда А.М.Яскавец.
— Анжэліка Мікалаеўна, у якіх выпадках абмяжоўваецца права на выезд з Беларусі?
— Заканадаўства дзейнічае ў інтарэсах дзяржавы і асобных грамадзян. Таму выезд можа быць часова абмежаваны дзеля нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, для абароны маралі, здароўя, правоў і свабод іншых асобаў. Аднак падкрэслім — гэтыя меры часовыя. Калі знікаюць умовы, што іх выклікалі, грамадзянін можа надалей перасякаць мяжу.
— Якія ўмовы ўлічваюцца судом, каб абмежаваць права выезду з краіны?
— Найперш не дазваляецца пакідаць дзяржаўныя межы грамадзяніну, калі ён знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам (інакш — кантроль за небяспечнымі асобамі, што здзейснілі цяжкія злачынствы, але вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі). Не мае права на выезд і той, супраць каго ўзбуджаны ў судзе грамадзянскі іск, альбо грамадзянін з’яўляецца даўжніком па справе аб банкруцтве ці зацікаўленай асобай у адносінах ад даўжніка — юрыдычнай асобы. Парушэнне маёмасных, падатковых абавязкаў таксама можа выклікаць часовае абмежаванне на выезд. Гэта нярэдка становіцца дзейснай мерай — даўжнік спяшаецца пагасіць запазычанасць па выканаўчых лістах.
У выпадку абмежавання права на выезд з Рэспублікі Беларусь судом не пазней, чым праз дзень пасля вынясення рашэння грамадзяніну накіроўваецца адпаведнае паведамленне, яго імя трапляе ў банк дадзеных.
— Калі ласка, раскажыце падрабязней, як функцыянуе згаданы банк.
— Парадак вядзення банка дадзеных аб грамадзянах, чыё права на выезд часова абмежавана, вызначаецца непасрэдна прэзідэнцкім Указам, прынятым напрыканцы 2007 года (зараз Указ дзейнічае ў рэдакцыі, зацверджанай сёлета). Вядзецца банк дадзеных Міністэрствам унутраных спраў, дзе адбываецца збор дакладных і актуальных звестак, якія аператыўна на электронных носьбітах не радзей, чым раз у суткі перадаюцца ў Дзяржаўны пагранічны камітэт.
— Ці бываюць выключэнні, і грамадзянін, унесены ў банк дадзеных, усё ж атрымлівае дазвол на выезд за мяжу?
— Заканадаўства ўлічвае такія магчымасці. Падставаю можа стаць цяжкая хвароба і неабходнасць лячэння ў іншай краіне, альбо смерць за мяжой блізкага родзіча. Таксама ўдзел грамадзяніна ў крымінальным працэсе, што адбываецца па-за межамі Рэспублікі Беларусь.
— Адкуль можна даведацца, ці значыцца тваё прозвішча ў банку дадзеных аб грамадзянах, чыё права на выезд з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана?
— Грамадзянін мае права атрымаць інфармацыю аб наяўнасці дадзеных звестак пра сябе і грамадзянах, чыім законным прадстаўніком ён з’яўляецца. Для гэтага патрэбна асабіста звярнуцца ў раённы аддзел унутраных спраў, маючы дакумент, які засведчыць асобу (альбо дакумент, які засведчыць асобу грамадзяніна, законным прадстаўніком якога з’яўляецца заявіцель, і дакумент, што пацвярджае ягоныя паўнамоцтвы). Даведкі (выняткі) з банка дадзеных выдаюцца бясплатна на працягу аднаго працоўнага дня. Можна таксама звярнуцца ў дыпламатычнае прадстаўніцтва альбо ў консульскую ўстанову Рэспублікі Беларусь. Праўда, згодна заканадаўству, адказ у гэтым выпадку прыйдзецца чакаць даўжэй — да дзесяці рабочых дзён.
Інтэрв’ю браў А.БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top