Медыцынскае абслугоўванне ў вёсцы: якасць і сучасны ўзровень

Медыцынскае абслугоўванне ў вёсцы: якасць і сучасны ўзровень

IMG_4694 6038

 Загадчыца Сцяпанкаўскага ФАПа А.В.Юзвік

 

 

IMG_5774Малады спецыяліст урач-тэрапеўт Ленінскага АУАП Н.Э.Жукоўская на прыёме

IMG_7474

Калектыў Хмелеўскай амбулаторыі: 
фельчар Л.А.Макарэвіч, урач Т.Г.Болдырава,
медсястра А.С.Грыцук

Зараз большасць жабінкаўцаў успрымаюць аднаўленні, што апошнімі гадамі назіраюцца ў медустановах раёна, як бытнасць. Не кожны нават усведамляе — за тымі пераменамі стаяць не малыя грошы, выдаткаваныя дзяржавай, і намаганні многіх спецыялістаў — ад будаўнікоў да медыкаў. Цяпер ужо не толькі ў раённай бальніцы, але і ў вясковых медустановах створаны належныя ўмовы, каб падтрымліваць у добрым стане здароўе. Як палепшылася медыцынскае абслугоўванне на сяле за апошнія 10 гадоў, наша сённяшняя размова.

Рух паслядоўны — да акрэсленай мэты

Заўсёды выразней падаюцца сучасныя вынікі ў параўнанні з мінулымі часамі. Шэраг леташніх публікацый на старонках раёнкі былі прысвечаны гістарычнаму шляху медыцыны на Жабінкаўшчыне ў ХХ стагоддзі. Гэтак, нібыта спакваля, журналісты падыходзілі да расповяду пра сённяшні дзень, надзвычай багаты на перамены ў медабслугоўванні насельніцтва, у тым ліку вясковага.
Бадай, ніколі за ўвесь час свайго існавання сістэма аховы здароўя на Жабінкаўшчыне не перажывала настолькі прыкметных зменаў да лепшага, як гэта назіралася ў апошняе дзесяцігоддзе. Гэтая думка чырвонай ніткай праходзіла праз усю размову з галоўным урачом Жабінкаўскай цэнтральнай райбальніцы Анатолем Іванавічам Лаўрукевічам і ягоным намеснікам Леанідам Пятровічам Карповічам. На іх думку, сённяшнім жабінкаўскім медыкам пашчасціла стаць сведкамі таго, як “амаль штодня на іх вачах і з іх удзелам закладваюцца асновы будучага ў медыцынскай справе, ствараецца гісторыя аховы здароўя ў краі”.
Так, у летапіс Жабінкаўшчыны ў перыяд з 2005 года па сённяшні, бясспрэчна, будзе ўпісаны, як час няспыннага аднаўлення, калі літаральна штогод у медыцынскіх установах праводзіліся значныя рамонтныя работы. Яны прыкметна мянялі як вонкавы выгляд, так і ўнутранае начынне, а на дапамогу людзям у белых халатах і іх пацыентам прыходзіла найноўшае сучаснае абсталяванне.
— У выніку сёння ва ўсе вясковыя медустановы не толькі прыемна зайсці, — падкрэслівае Л.П.Карповіч, — але, што яшчэ больш важна, пацыенты, якім патрабуецца агляд і лячэнне, атрымліваюць іх якасна, у спрыяльных ўмовах.
Са свайго боку А.І.Лаўрукевіч падкрэслівае:
— Рабілася ўсё сістэмна. Каб атрымаўся добры вынік, што маем зараз, рухаліся паслядоўна — ад аб’екта да аб’екта. Стараліся, каб сучасныя медыцынскія выгоды сталі бліжэй і даступней кожнаму чалавеку без залежнасці, ці жыве ён на гарадскіх “паверхах”, ці пад дахам вясковага дома. Таму прадумана з году ў год у медустановы раёна ўкладваліся значныя сродкі, найперш з мясцовага бюджэту.
На агульны погляд кіраўнікоў аховы здароўя Жабінкаўшчыны, у Беларусі вельмі своечасова звярнулі ўвагу на патрэбы вясковых жыхароў, якія павінны жыць у сучасных добраўпарадкаваных населеных пунктах, дзе маюцца многія выгоды, даступныя раней толькі гараджанам. Сярод сацыяльных паслуг, якія патрэбныя вяскоўцам, адна з найбольш важных і прыкметных — якаснае медыцынскае абслугоўванне.
Важкай падтрымкай для паляпшэння стану жыцця на сяле стала выкананне Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі, што запрацавала па ўсёй краіне з 2005 года. Наступным этапам — своеасаблівым працягам было выкананне Дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гады. Дзякуючы гэтым урадавым дакументам, што вызначылі прыярытэты і шляхі аднаўлення, а таксама моцную падтрымку з боку кіраўніцтва раёна і вобласці атрымалася зрабіць шмат.

Час зменаў да лепшага

Сёння сетка лячэбна-прафілактычных устаноў раёна ў сельскай мясцовасці складаецца з пяці ўрачэбных амбулаторый (тры з іх — амбулаторыі, працуючыя па прынцыпе агульнай ўрачэбнай практыкі) і дзевяці фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Кожная з гэтых устаноў, як ужо паспелі заўважыць і ацаніць мясцовыя жыхары, перажыла аднаўленне і гэты час зменаў да лепшага працягваецца надалей.
Прыкметны штуршок для рэарганізацыі медустаноў супаў па часе з узнікненнем аграгарадкоў. Ідэя іх стварэння засноўвалася на паляпшэнні ўмоў жыцця вяскоўцаў.
Першым стаў у 2005-ым агарагарадок Ленінскі. Пад мясцовую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі была перададзена частка прыёмнага пункта КБА, на гэтай плошчы адчыніліся кабінеты стаматолага, патранажнай медсястры, працэдурны пакой. На рамонтныя работы выдаткавалі 75,5 мільёнаў рублёў, амаль 50 мільёнаў — для набыцця абсталявання (за восем гадоў сюды закуплена 12 найменаванняў яго, у тым ліку фізіятэрапеўтычны апарат “Рэфтон”, спектрафотаметр, лічыльнік лейкацэтарны, стаматалагічная ўстаноўка). Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць: у хуткасці якасць пераменаў змаглі ацаніць не толькі пацыенты — неўзабаве Ленінская АУАП заняла ІІ месца ў краіне сярод падобных ёй устаноў (поспех ленінскіх медыкаў дасюль застаецца найлепшым на Жабінкаўшчыне).
Наступны, 2006 год, калі меўся ўжо адпаведны вопыт, вызначаўся пашырэннем рамонтных работ, якія ахапілі адразу дзве вясковыя ўстановы: Хмелеўскую амбулаторыю і Ракітніцкую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі. Так, у Ракітніцы паклапаціліся, каб абслугоўванне стала бліжэй да людзей. Дзеля гэтага амбулаторыю перавялі з Пятровічаў, дзе прыкметна паменшылася колькасць жыхароў, у цэнтр аграгарадка. Будынак прыёмнага пункта камбіната бытавога абслугоўвання перайшоў на баланс медыкаў. У аднаўленне ўклалі 53 мільёны рублёў, яшчэ на 146 мільёнаў набылі патрэбнае медабсталяванне (найбольш значныя — апраменьвацель фізіятэрапеўтычны, электракардыёграф “Альтонік”, устаноўкі стаматалагічную і ўльтрагукавую для ачысткі інструментаў).
Яшчэ больш маштабныя работы ў той самы час адбываліся ў цэнтры Хмелева, дзе медыкам ад мясцовай гаспадаркі быў перададзены будынак колішняй кавярні-сталоўкі. Спатрэбілася 187,4 мільёны рублёў, каб будынак атрымаў літаральна другое жыццё, і яшчэ 58 мільёнаў, каб напоўніўся найноўшым медыцынскім начыннем.
— Перамены былі вельмі значныя, — успамінае А.І.Лаўрукевіч. — Нездарма на адкрыцці па сутнасці новай установы прысутнічаў намеснік міністра аховы здароўя Беларусі В.Я.Шаўчук. На святочнае мерапрыемства Валерый Яўгенавіч завітаў не з пустымі рукамі — перадаў ад роднага міністэрства гематалагічны аналізатар для абследавання крыві. Гэты падарунак стаў добрым дапаўненнем да абсталявання, набытага за грошы раённага бюджэту. Не дзіўна, што неўзабае Хмелеўская амбулаторыя заняла ІІ месца ў спаборніцтве сярод вясковых медустаноў Брэстчыны.
У 2007 годзе, калі Жабінка прымала абласныя “Дажынкі”, не абмінулі ўвагай і вясковыя медыцынскія ўстановы: акрамя Якаўчыцкага ФАПа (ягоны рамонт каштаваў 59 мільёнаў рублёў), будаўнікі прыйшлі і ў Азяцкую амбулаторыю. Пад яе патрэбы вызвалілася частка будынка, дзе месцілася праўленне СВК “Азяты”. На аднаўленне асвоена амаль 246 мільёнаў рублёў, яшчэ на суму ў 47,8 мільёнаў набыта стаматалагічная ўстаноўка, спектрафотаметр, іншае абсталяванне.
Лістапад 2008 года будзе памятным крыўлянцам, як час, калі і ім стала зручней атрымліваць сучаснае медабслугоўванне. Дзеля гэтага Глыбокаўская амбулаторыя была перанесена ў цэнтр аграгарадка, у частку будынка Крыўлянскага СДК. Цяпер там ёсць адпаведны набор памяшканняў, сённяшняя амбулаторыя ўрача агульнай практыкі ўкамплектавана персаналам і аснашчана медыцынскім інструментарыем (на рамонт патрачана 189,8 мільёнаў рублёў, 63 мільёны — на абсталяванне). Адначасова перажыў абнаўленне і Сцяпанкаўскі ФАП, на што выдаткавана з раённага бюджэту амаль 73 мільёны рублёў.
— Разам з тым заўсёды клапоцімся пра ўмовы працы і жыцця маладых спецыялістаў, якія штогод прыбываюць у раён пасля ВНУ, — гаворыць Анатоль Іванавіч. — Так было і ў Крыўлянах, дзе хутка сельгаспрадпрыемства выдзеліла жыллё для маладой сям’і медыкаў Бараноўскіх, што прыехалі да нас з Міншчыны.
У 2009 годзе адбыўся перавод фельчарска-акушэрскага пункта з Вялікіх Сяхновічаў у агагарадок Маціевічы. Там сканцэнтраваліся асноўныя памяшканні, дзе вяскоўцы могуць атрымаць розныя сацыяльныя паслугі, пачэснае месца заняў і ФАП, у рамонт якога укладзена амаль 59 мільёнаў рублёў.
— На ўсе без выключэння амбулаторыі ў рамках Дзяржаўнай праграмы, — падкрэсліў А.І.Лаўрукевіч, — у апошнія гады закуплены з дапамогай раённых уладаў санітарны аўтатранспарт, стаматалагічныя ўстаноўкі (ранейшая “хворая” праблема, як патрапіць з вёскі да стаматолага, знята цалкам), фізіятэрапеўтычнае і іншае абсталяванне. Добрыя тэмпы рамонтных работ і зараз: у 2012-ым аднавілі Пшанайскі ФАП (выдаткавана 139 мільёнаў рублёў), летась — Залуззеўскі (322 мільёны), Падлескі (387 мільёнаў), Арэпіцкі (561 мільён). У апошнім выпадку фінансавыя сродкі выдаткоўваліся з абласнога бюджэту з дапамогай нашага дэпутата ў аблсавеце С.Д.Ашмянцава. Сёлета пад патрэбы медыкаў выдзелены памяшканні і ў Старым Сяле, рамонт абыдзецца ў 820 мільёнаў рублёў. Зараз гэтыя работы ўжо распачаліся. На наступны год застанецца ахапіць аднаўленнем Вежкаўскі ФАП, і тады зможам канстатаваць: усе ўстановы аховы здароўя на Жабінкаўшчыне ідуць у нагу з часам, даючы вяскоўцам увесь спектр асноўных медыцынскіх паслуг.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Ірыны ЖУК.

 

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top