Хто ў вёсцы гаспадар?

Хто ў вёсцы гаспадар?

_DSC9753 _DSC9663 _DSC9528 _DSC9427 _DSC9318

Удзельніцы конкурсу “Уладар вёскі”, які ладзіўся пад час раённых дажынак, яшчэ раз даказалі: яны паспяваюць усё: увіхаюцца па гаспадарцы, гатуюць смакату, песцяць дзетак, сочаць за сваім знешнім выглядам. Паспяваюць усё і ўсюды, таму што яны — каханыя, побач — надзейнае плячо мужа, які зразумее, параіць, возьме частку клопатаў на сябе.
Першы конкурс — візітка “Вітаем па-беларуску”. На сцэну выходзяць сямейныя пары. Вершаванымі радкамі яны расказваюць пра сябе, свае захапленні і дасягненні. Сям’я Бусько прыехала з аграгарадка Хмелева. У Дзмітрыя Сяргеевіча і Валянціны Аляксандраўны падрастаюць Георгій, Соф’я і Ганначка, якая толькі нядаўна адзначыла свой першы дзень нараджэння. Мама адзіная з канкурсантак расказала па-беларуску, як праходзіць яе “працоўны” дзень.
У сям’і Угляніцы з вёскі Вялікія Якаўчыцы таксама трое дзетак — Настачка, Максім і Яначка. Яны смела падыходзілі да мікрафона і чыталі вершы пра тату Уладзіміра Мікалаевіча і маму Веру Уладзіміраўну.
Сям’я Планкіных — з мясцовых, крыўлянскіх. І ў іх дружнай сям’і трое гарэз — Елізавета, Валерыя і гадавалы Аляксандр. Тату Міхаіла Васільевіча і Алену Васільеўну малыя штодня здзіўляюць свавольствамі.
Сям’я Манастырскіх з вёскі Арэпічы ўдзельнічае ў конкурсе другі раз. Касцюміраваная сцэнка — візітоўка з удзелам увішнай Таццяны Мікалаеўны, рахманага таты Міхаіла Міхайлавіча і сыноў-школьнікаў Аляксандра і Андрэя выклікала шквал апладысментаў.
Муж і жонка Левян-цовыя з аграгарадка Ленінскі гадуюць сыночка Мікітку і “лапушку” Насценьку. Тата Генадзь Віктаравіч і маці Ірына Міхайлаўна не могуць нарадавацца на сваіх дзетак.
Яшчэ адны ўдзельнікі — сям’я Іванюкоў — прыехалі з аграгарадка Ракітніца. Алег Мікалаевіч і Таццяна Анатольеўна гадуюць Дзяніску і Іванку.
У другім конкурсе “Па дровы” канкурсантам прапаноўвалася няпростае заданне. Мужчыны паказалі сялянскі спрыт і сілу багатырскую — калолі дровы, а іх жонкі і дзеці выкладвалі з паленаў слова “сям’я”. Першымі з гэтым заданнем справілася сям’я Левянцовых. Ім журы не пашкадавала “пяцёрак”.
У наступных конкурсах — “Выставе дасягненняў сямейнай гаспадаркі” і “Сялянскія прысмакі” ўдзельнікі дэманстравалі свае дасягненні і ўменні, а таксама прысмакі. Што толькі ўмеюць рабіць вясковыя жанчыны! Малююць з дзеткамі, плятуць з бісеру, займаюцца ікебана, а падрастаючыя сыночкі і дочкі прыносяць граматы і дыпломы пераможцаў у спартыўных і творчых конкурсах. Былі тут смажаная курачка, каўбаскі, пірагі, торцікі і нават цэлы восеньскі пейзаж — выразаныя з перцаў і бульбы жабкі і кочкі. Журы складана было назваць пераможцаў, таму і не скупіліся на высокія балы.
У жартоўнай “Вясковай эстафеце” дзеці на хуткасць адбіралі бульбу ад цыбулі, таты насілі стаканамі ваду, а мамы дэманстравалі сваю трапнасць — збівалі бульбінамі бутэлькі з вадой, запоўненыя татамі, а потым усе разам кацілі гарбузы на стартавую лінію. Атрымалася смешна і весела.
Нарэшце настаў доўгачаканы і хвалюючы момант — узнагароджанне ўдзельнікаў конкурсу “Уладар вёскі”. Па колькасці набраных балаў галоўны прыз — электрасушылку і званне пераможцы атрымала сям’я Планкіных. Усім астатнім дасталіся архідэі і прасы.
Сем’і Іванюкоў, Планкіных і Левянцовых атрымалі спецыяльныя прызы ад Ларысы Дарафяюк — прадстаўніка кампаніі Мэры Кэй. Дарэчы, усім жанчынам-удзельніцам яна ўручыла запрашэнне на бясплатны сеанс наведвання салона прыгажосці. Варта дадаць, што кампанія Мэры Кэй праводзіла латарэю сярод гасцей свята, таму некалькі дзясяткаў шчасліўчыкаў паехалі дадому з касметыкай.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: весела высвятлялі, хто “уладар” вёскі ў Крыўлянах.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top