Моладзевы велапрабег

Моладзевы велапрабег

thQO_pXUodkЗ 11 па 13 верасня па блаславенні Праасвяшчэннага Іаана, епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага, быў арганізаваны IV епархіяльны моладзевы велапрабег “Манастыры і храмы Брэстчыны”. Ён быў прымеркаваны да дня памяці прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага. У велапрабегу прынялі ўдзел 38 чалавек з моладзевых брацтваў Брэсцкай епархіі, у тым ліку і жабінкаўскага — у гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага пры Свята-Пакроўскай царкве.
Прабег пачаўся з набажэнства ў брэсцкім Афанасьеўскім мужчынскім манастыры. Пасля яго завяршэння і блаславення ўдзельнікі велапаломніцтва наведалі жаночы манастыр Нараджэння Багародзіцы ў Брэсцкай крэпасці і храм у гонар Ціхвінскай іконы Божай маці, што месціцца ў абласным цэнтры.
Пакінуўшы Брэст, веласіпедысты накіраваліся ў Свята-Пакроўскую царкву ў Жабінцы, дзе іх чакала вячэра і сумесная малітва з мясцовымі вернікамі. З райцэнтра ўдзельнікі велапрабегу рушылі ў Спаса-Праабражэнскі манастыр, што ў Хмелеве. Тут яны душэўна пагутарылі з яго намеснікам архімандрытам Серафімам (Пятручыкам), затым іх чакала вячэра, малітвы і начлег. Агульная працягласць першага дня шляху склала 50 кіламетраў.
У суботу маладыя вернікі наведалі Спаскі жаночы манастыр у Кобрыне, дзе іх ветліва сустрэла ігумення Еўфрасіння. У той жа дзень велапаломнікі пабывалі ў Мікольскім скіце, што ў сяле Вяжное Пружанскага раёна.
У нядзелю пасля наведвання храмаў у Відамлі і Чарнаўчыцах удзельнікі велапрабегу вярнуліся ў Брэст. Ля варот Сімяонаўскага кафедральнага сабора іх сустрэў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Уладыка прывітаў паломнікаў, а яны ўручылі Яго Праасвяшчэнству абраз прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага, які суправаджаў юных вернікаў на працягу ўсяго падарожжа. Дарэчы, за тры дні яны пераадолелі каля двухсот кіламетраў, аднак прызнаваліся ў размове, што вера давала ім сілы пераадольваць стому. Акрамя таго, удзельнікі велапрабегу атрымалі шмат уражанняў ад наведвання манастыроў і храмаў, пашырылі свой кругагляд.
Андрэй ПЕТРУСЕВІЧ, клірык Свята-Пакроўскай царквы г.Жабінка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top