Сустрэчы ў “сталіцы” дажынак — Крыўлянах

Сустрэчы ў “сталіцы” дажынак — Крыўлянах

 IMG_59611 IMG_0697 IMG_0646 IMG_5971IMG_5980 IMG_5886

IMG_5904

IMG_0710
IMG_5894

IMG_5956

Спакон веку святы, прымеркаваныя да збору ўраджаю, былі самымі яркімі. Гэта добрая старажытная традыцыя — ушаноўваць і дзякаваць хлебаробам за іх нялёгкую працу — набыла новае жыццё, калі з ініцыятывы Прэзідэнта Беларусі А.Лукашэнкі амаль 20 гадоў таму ў краіне пачалі праводзіць рэспубліканскія і абласныя фестывалі-кірмашы. “Дажынкі”, як вянец хлебаробскай працы, сталі сапраўды двайным святам — і для вяскоўцаў, і для жыхароў гарадоў, дзе яны праходзілі. А цяпер другі год як перамясціліся ў аграгарадкі раённых цэнтраў. Сёлета “сталіцай” жабінкаўскіх дажынак сталі Крыўляны. Да прыёму гасцей яны прыбраліся, папрыгажэлі, а прыступкі на ўваходзе ў мясцовы Дом культуры сталі проста шыкоўнай сцэнай.

ЗНАЙШЛОСЯ тут месца і цюкам з саломы, якія ператварыліся ў забаўных лялек, а плакаты-расцяжкі зазывалі-запрашалі на свята. Але не так проста было трапіць у Крыўляны, уезд у цэнтр аграгарадка, дзе ладзілася свята, перагароджваў… шлагбаум. Самадзейныя артысты Крыўлянскага міні-тэатра гумару і песні “Спявай, душа” без жартаў нікога з прыезджых не прапускалі. Словам, на самым пачатку было зразумела, што сумаваць тут не давядзецца. Дый надвор’е пасадзейнічала ўрачастасці: выпагадзілася пасля ранішняга дажджу, і сонца “прагнала” хмары.
… Людзі ўсё прыбывалі і прыбывалі. А паглядзець было на што. Кожны сельсавет раёна выставіў у палатках прадукцыю, вырабленую мясцовымі жыхарамі. Скажу прама, фантазіі нашых вяскоўцаў можна толькі па-добраму па-зайздросціць. Чаго толькі тут не было прадстаўлена: ад вышыванак і дэка-ратыўных вырабаў да караваяў і кулінарных прысмакаў, дарункаў сада і агарода. Хто лепш пастараўся, і чыя песня больш шчыра гучала, нават і вызначыць нельга.
З усяго раёна прыехалі ў Крыўляны і майстры-ўмельцы. Свае матыкі і кошыкі прывезлі Валерый і Галіна Лысюкі, Марына Козел і Валянціна Гардзіенка — розныя ўпрыгажэнні, Надзея Шадрына — карціны, Уладзімір Юрасік — рамяні… Таццяна Краснянская з Арэпічаў прадэманстравала, якія роспісы на шкле малююць яе выхаванцы. Гэты занятак даспадобы нават самым юным. Не ўсядзеў дома, нягледзячы на шаноўны 80-гадовы ўзрост, Міхаіл Максімавіч Кізь са Сцяпанак. Некалі ён быў дырэктарам Сяхновіцкага крухмальнага завода. Цяпер на пенсіі ў яго шмат часу, каб заняцца з дзяцінства любімай справай — пляценнем кошыкаў. А ў Аляксандра Пятровіча Марковіча, былога кіраўніка райсельгастэхнікі, на пенсіі іншае хобі — пчалярства. Ён прывёз у Крыўляны мёд, пяргу і праполіс.
Сваю прадукцыю выставіў на дажынках ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”: ад камбікармоў розных відаў да хлебабулачных вырабаў. Прадстаўнікі прадпрыемства пра-панавалі паўдзельнічаць у рэкламнай акцыі: хто купляў камбікорм, атрымліваў бясплатную і бяспройгрышную латарэю.
Тэхнікі сувязі Святлана Андрасюк і Валянціна Лахаюк з раённага вузла электрасувязі таксама ў гэты дзень працавалі: давалі розныя кансультацыі, дапамагалі жадаючым скласці дагаворы на падключэнне інтэрактыўнага тэлебачання “Zala”, а ў 16 гадзін запрашалі паўдзельнічаць у конкурсе. На продаж былі выстаўлены розныя тэлефонныя апараты, антэны і інш. Акрамя таго, удзельнікі свята маглі бясплатна карыстацца інтэрнэтам.
Хто хацеў, мог купіць хрызантэмы з фермерскай гаспадаркі “Ева-Лэнд” альбо арыгінальную дэкаратыўную расліну з прыватнага гадавальніка. Арганізатары свята не забыліся і пра дзяцей. Паскакаць малым можна было на батуце, альбо сесці за руль электрамабіля.
З рыбгаса “Сакалова” прывезлі не толькі жывую прадукцыю, але і палявую кухню, дзе гатавалі юшку. А побач мясцовы гандаль клапаціўся, каб удзельнікі свята не былі галоднымі: каму булачку, каму шашлык, які гатаваўся тут на мангале, а каму нешта і памацней. Сёння можна было ўсё: абы на здароўе, абы ў меру…
На “Дажынкі” ў Крыўляны прыехалі першы намеснік старшыні аблвыканкама М.В.Токар і старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК М.І.Юхімук. Разам з кіраўнікамі мясцовай улады — старшынямі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў Ф.Ф.Каланчуком і С.В.Мартысюком яны пазнаёміліся з выставачна-гандлёвай экспазіцыяй “Жабінкаўшчына гасцінная” і сапраўды маглі ацаніць і гасціннасць, і ўмельства нашых вяскоўцаў.
…І ВОСЬ ЦЫРЫМОНІЯ адкрыцця раённага свята-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2015”. На сцэну запрашаецца старшыня Жабінкаў-скага райвыканкама Ф.Ф.Каланчук.
— Сёння ў нас галоўнае свята, — гаворыць Фёдар Фёдаравіч, — свята хлебаробаў. Гэта дзякуючы іх нястомнай працы, стараннасці і майстэрству забяспечваецца харчовая бяспека краіны і ў многім дабрабыт нашых грамадзян. Сёлета дажынкі ладзяцца ў Крыўлянскім сельсавеце, на тэрыторыі якога працуюць калектывы СВК “Вазнясенскі” і “Маціевічы”. Гаспадары свята ў сёлетняе жніво паказалі самыя высокія вынікі ў раёне. У СВК “Вазнясенскі” (старшыня Надзея Рыгораўна Кандрацюк) самая высокая ўраджайнасць у раёне — 60,2 цэнтнера зерневых і зернебабовых з гектара. У СВК “Маціевічы” (старшыня Мікалай Іванавіч Кавальчык) ураджайнасць некалькі ніжэйшая, але тут самы высокі валавы збор — 7830 тон.
Як адзначыў кіраўнік раёна, аснова поспеху — працавітыя людзі, якія па-гаспадарску падыходзяць да справы і не шкадуюць сваіх сіл на хлебнай ніве. Менавіта яны і знаходзяцца на гэтым свяце. За ўсімі лічбамі і перамогамі напружаная праца, умелая арганізацыя работ, захаванне тэхналогій і культуры земляробства, высокая адказнасць кіраўнікоў і простых работнікаў сельгаспрадпрыемстваў. Лёгкага хлеба не бывае — гэта адна з неад’емных ісцін.
У сваім прывітальным слове Ф.Ф.Каланчук не называў прозвішчаў герояў жніва, бо як ён падкрэсліў: “Усё гэтае свята, песні і здравіцы прысвечаны вам, перадавікам жніва, якія тут прысутнічаюць, у ваш гонар арганізавана віншаванне ад імя раённага выканаўчага камітэта, прафсаюзнай і моладзевай арганізацый”. Фёдар Фёдаравіч падзякаваў хлебаробам за руплівую працу, пажадаў здароўя ім і іх блізкім, а яшчэ, каб хлебны колас з году ў год быў больш важкім.
Затым кіраўнік раёна выканаў прыемную місію — віншаваў і ўзнагароджваў перадавікоў раённага спаборніцтва (калектывы-пераможцы і прозвішчы лідараў надрукаваны ў мінулым нумары “Сельскай праўды”).
Да мікрафона запрашаецца першы намеснік старшыні аблвыканкама М.В.Токар:
— У вобласці сабрана 1 мільён 407 тысяч тон збожжа. Гэта ўсяго на 50 тысяч тон менш чым летась, хоць кліматычныя ўмовы былі няпростымі. Унёсак жабінкаўскіх хлебаробаў у каравай Брэстчыны — больш чым 51 тысяча тон. Мне сёння вельмі прыемна прысутнічаць на вашым мерапрыемстве і бачыць, што ранейшыя пазіцыі не страчаны. Рэгіён дынамічна развіваецца, не толькі аграрны сектар, але і сацыяльная сфера. Прыемна, што людзі з радасцю сустракаюць дажынкі.
З віншаваннямі звярнуўся да прысутных начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама С.Л.Стасевіч. Старшыні абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК М.І.Юхімук і Н.Л.Карпук падзякавалі аграрыям і ўсім працаўнікам, якія прымалі актыўны ўдзел у вырошчванні, уборцы і нарыхтоўцы ўраджаю-2015.
Прафсаюзныя ўзнагароды атрымалі вадзіцель СВК “Вазнясенскі” С.М.Кандрацюк, спе-цыяліст па кадрах ПУАП “Азяты” Г.М.Лось, галоўны дзяржаўны інжынер-інс-пектар па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы райсельгасхарчу У.М.Гапанюк, шэф-по-вар СВК “Вазнясенскі” В.Я.Карацай, кладаўшчык СВК “Шпіталі” Г.А.Цярохіна, загадчыца зернетока ААТ “Жабінкаўскі” В.Е.Барадзей, дыспетчар СВК “Арэпічы” Л.М.Крыўчэня.
Старанна падрыхтаваліся да дажынак работнікі культуры. У гэты дзень самадзейныя жабінкаўскія артысты радавалі гледачоў сваімі выступленнямі. Вёска спявала, танцавала, удзельнічала ў конкурсах, у тым ліку ў галоўным — “Уладар вёскі”.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
Фота Ірыны ЖУК.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top