ІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

ІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

209648-05

(Адміністрацыя Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве ў эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурнай і гуманітарнай галінах з Брэсцкай вобласцю. Губернатар Пскоўскай вобласці Андрэй Турчак і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс)

 

Другі Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў 17-18 верасня ў Сочы. У першы дзень работы яго адбыліся тэматычныя секцыйныя пасяджэнні, прысвечаныя вывучэнню беларускага і расійскага вопыту рэалізацыі прынцыпаў і задач прамысловай палітыкі. Асноўнае мерапрыемства форуму прайшло 18 верасня ў фармаце пленарнага пасяджэння на тэму «Прамысловая палітыка Саюзнай дзяржавы: агульныя падыходы і рэгіянальныя аспекты».
У час форуму працавала сумесная беларуска-расійская выстаўка прамысловай прадукцыі. Удзел у ім прынялі больш за 350 прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай галін улады Беларусі і Расіі, рэгіёнаў, кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў і бізнес-супольнасцей. Па выніках форуму падпісаны шэраг пагадненняў і кантрактаў.
Урад Беларусі заключыў пагадненні аб супрацоўніцтве з пяццю рэгіёнамі Расіі. Пагадненні аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве заключаны з Камчацкім краем, Белгародскай, Пензенскай, Сахалінскай і Цюменскай абласцямі.
Беларускі бок на ІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Сочы заключыў 67 экспартных камерцыйных кантрактаў. Акрамя таго, падпісаны шэраг выгадных імпартных кантрактаў. Заключаны пагадненні паміж урадам Беларусі і рэгіёнамі Расіі, а таксама на ўзроўні абласцей Беларусі і расійскіх рэгіёнаў.

Лукашэнка: беларуская дзяржава
з вялікай павагай ставіцца
да ўзаемаадносін з рэгіёнамі Расіі

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 верасня на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
«Я асабіста і наша дзяржава з вялікай павагай ставімся да ўзаемаадносін паміж рэгіёнамі і паміж рэгіёнамі і Беларуссю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь і Расія пастаянна трымаюць на кантролі як праблемы, якія існуюць у двухбаковых адносінах, так і станоўчыя моманты. Беларускі лідар нагадаў, што калі расійскія губернатары бываюць у Беларусі, то няма такога выпадку, каб кіраўнік дзяржавы асабіста не сустрэўся з кіраўніцтвам рэгіёнаў і не пацікавіўся бягучымі справамі.
«Я заўсёды дзякую рэгіёнам Расіі. Нашы беларуска-расійскія адносіны ў мінулыя часы былі выратаваны толькі рэгіёнамі Расіі. Калі б тады ў нас не было супрацоўніцтва з імі, нам вельмі складана было б утрымаць адносіны, якія ў нас былі ў складзе Савецкага Саюза. Пасля распаду вельмі цяжкі быў час», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі тавараабарот з некаторымі рэгіёнамі Расіі вышэйшы, чым з іншымі дзяржавамі.
Што датычыцца форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта мерапрыемства набыло рэзананс. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну, губернатарам за добра арганізаванае мерапрыемства і выказаў упэўненасць, што яно стане традыцыйным.

У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі адзначыў, што двухбаковыя беларуска-расійскія адносіны развіваюцца вельмі паспяхова.

Пуцін: Расія гатова да самага цеснага прамысловага супрацоўніцтва
з Беларуссю

На думку Уладзіміра Пуціна, цеснае прамысловае супрацоўніцтва дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць дзвюх краін, прыцягнуць інвестыцыі і ў цэлым станоўча паўплывае на дабрабыт народаў.
Прэзідэнт Расіі адзначыў, што Расіі і Беларусі сумесна ўдалося стварыць добрую структуру супрацоўніцтва. Ён заўважыў, што ў Расіі добра ведаюць высокую якасць беларускіх прадуктаў, а ў рэгіёнах ёсць вопыт прамысловай кааперацыі.
Уладзімір Пуцін заўважыў, што на дынаміку беларуска-расійскага гандлю паўплывала негатыўная знешнеэканамічная кан’юнктура. Разам з тым ён падкрэсліў, што зніжэнне паказчыкаў адбылося толькі ў доларавым эквіваленце, а таварныя патокі ў цэлым не зменшыліся.

Пра міжрэгіянальнае супрацоўніцтва

Саюзная дзяржава з’яўляецца лакаматывам стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Без сумнення, у новым інтэграцыйным фармаце будуць шырока запатрабаваны нашы напрацоўкі і па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Па сутнасці, гэта адзін з ключавых фактараў павышэння ўстойлівасці нацыянальных эканомік», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што, нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з сусветным крызісам, кантакты паміж рэгіёнамі дзвюх краін значна пашырыліся: толькі за 8 месяцаў бягучага года ў Беларусі прынялі 36 рэгіянальных дэлегацый з Расіі. У сваю чаргу беларускія прадстаўнікі наведалі 21 расійскі рэгіён. Такія дзелавыя кантакты даюць рэальны эканамічны эфект у рэалізацыі сумесных праектаў.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ім цвёрда ўведзена практыка заўсёды знаходзіць час для сустрэчы з дэлегацыямі расійскіх рэгіёнаў і канкрэтна абмяркоўваць планы далейшых дзеянняў. Беларусь і расійскія рэгіёны ўзаемавыгадна супрацоўнічаюць па многіх напрамках. У Расіі запатрабавана беларуская прадукцыя. «Якасць, даступныя цэны з’яўляюцца яе канкурэнтнай перавагай. Наша краіна гатова і ў далейшым нарошчваць пастаўкі тавараў і паслуг», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Цюменскай, Смаленскай і Маскоўскай абласцямі, Татарстанам тавараабарот значна перасягае аб’ёмы гандлю Беларусі са многімі замежнымі краінамі.

Пра фарміраванне адзінай прамысловай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве

Існуючая ў свеце сітуацыя прадэманстравала наяўнасць пэўнай неабароненасці як Беларусі, так і Расіі ад знешніх фактараў, адзначыў беларускі лідар. «Нестабільнасць еўразоны, ваганні сусветных фондавых рынкаў, кітайскага юаня — усё гэта патрабуе карэкціроўкі праводзімай эканамічнай палітыкі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Цяпер асабліва патрэбна кансалідацыя нашага патэнцыялу як у Саюзнай дзяржаве, так і ў Еўразійскім эканамічным саюзе ў цэлым. Важнейшае значэнне, на наш погляд, мае каардынацыя дзеянняў у прамысловым сектары, якая можа быць забяспечана фарміраваннем адзінай прамысловай палітыкі. Галоўная яе мэта — дыверсіфікацыя нацыянальных эканомік, стварэнне новых вытворчасцей і развіццё чалавечага капіталу».
Прэзідэнт Беларусі прапанаваў шэраг канкрэтных крокаў у гэтым напрамку, пачаўшы з неабходнасці забяспечыць аднолькавыя канкурэнтныя ўмовы суб’ектам гаспа-дарання для работы на агульным рынку тавараў і паслуг. Акрамя таго, на яго думку, неабходна ўзмацніць меры па абароне агульнага рынку, у тым ліку ад шэрага імпарту, скаардынаваць дзеянні па рацыянальным размяшчэнні і паглыбленні спецыялізацыі прамысловай вытворчасці, пашырэнні тэхналагічнага супрацоўніцтва, сумеснай рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Яшчэ адзін крок заключаецца ў тым, каб выпускаць новы прадукт, які можа замяніць замежныя аналагі.

Беларусь прыходзіць на расійскі рынак не з устарэлай, а інавацыйнай прадукцыяй

Аб гэтым 17 верасня заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, адкрываючы сумесную беларуска-расійскую прамысловую выстаўку на II Форуме рэгіёнаў у Сочы.
Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што 20 працэнтаў прадукцыі, якую Беларусь пастаўляе на расійскі рынак, інавацыйная. Старшыня Савета Рэспублікі звярнуў увагу, што Расія і Беларусь — індустрыяльна развітыя дзяржавы.

Павінны быць створаны аднолькавыя ўмовы на рынках дзвюх краін

Міністр прамысловасці і гандлю Расіі Дзяніс Мантураў вылучыў чатыры ключавыя элементы правядзення скаардынаванай прамысловай палітыкі паміж Беларуссю і Расіяй. Гэта павелічэнне тавараабароту за кошт вытворчай кааперацыі, асваенне новых прамысловых сегментаў у рамках працэсаў імпартазамяшчэння, пашырэнне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і ўзаемныя інвестыцыі.
На думку міністра, павялічваць тавараабарот можна за кошт ужо асвоеных знешніх рынкаў, але на іх неабходна пазбягаць канкурэнцыі беларускіх і расійскіх тавараў.
Гаворачы аб стварэнні парытэтных умоў для прадпрыемстваў дзвюх краін, Дзяніс Мантураў адзначыў, што трэба правесці аналіз і карэкціроўку нарматыўных актаў у гэтай сферы. Ён паведаміў, што расійскі бок ужо змяніў правілы субсідзіравання куплі сельгастэхнікі, распаўсюдзіўшы прэ-ферэнцыі на беларускую тэхніку. Таксама плануецца камплектуючыя з ЕАЭС, што выкарыстоўваюцца ў Расіі, прыраўнаваць да расійскіх тавараў. Акрамя таго, расійскія механізмы падтрымкі экспарту ўжо могуць прымяняцца да сумесных расійска-беларускіх прадпрыемстваў.
Вялікія перспектывы Дзяніс Мантураў бачыць на ўнутраных рынках дзвюх краін у сферы імпартазамяшчэння.
БелТА.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top