Дакрануліся да мінулага праз успаміны

Дакрануліся да мінулага праз успаміны

CIMG3823

11 верасня 1942 года… Жудасныя падзеі адбыліся ў гэты дзень на Жабінкаўшчыне: перастала існаваць яшчэ адна з “вогненных” беларускіх вёсак — Драмлёва. Вёска, у якой жылі і кахалі, плённа працавалі, у вольны час спявалі, хадзілі па грыбы… Раптоўна жыццё пакінула яе. 43 двары былі — і не стала. Фашысцкія нелюдзі спалілі веску. Хіба такое можна забыць? Канечне, нельга. Менавіта таму 11 верасня адзначаецца на Жабінкаўшчыне Дзень памяці і смутку.
Мерапрыемства, якое адбылося ў мінулую пятніцу ў Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, было прысвечана падзеям таго трагічнага дня і лёсу жыхароў вёскі Драмлёва. У ім прынялі ўдзел вучні другой гарадской школы, Маціевіцкай базавай і Якаўчыцкай сярэдняй. Пры ўваходзе ў залы музея была аформлена незвычайная выстава, падзеленая на дзве паловы. З аднаго боку глечык, серп, драўлянае карыта, бочачка, вышываная сукенка, рушнікі — нібы ўспамін пра мірнае неба над галавой, пра цудоўныя пахі кветак, пра гучныя спевы салаўя.
Супрацоўнікі музея правялі экскурсію па зале, якая нагадала пра даваеннае жыццё. Жыў сабе чалавек, працаваў, марыў пра будучыню… “Складваецца ўражанне, што акунаешся ў падзеі таго часу”, — падзяліліся вучні, якія прысутнічалі на мерапрыемстве. Яны па-сапраўднаму зацікавіліся выставай. Другая палова яе — поўная супрацьлегласць. Для гэтай экспазіцыі падабралі цёмны фон. У кутку фляжкі, каскі, гільзы ад патронаў россыпам ляжаць на тканіне колеру смутку. Вось яны, два бакі жыцця: мір і вайна. Драмлёўцам вельмі хацелася жыць. А ці думалі яны, ці гадалі, што жыццё імгненна абарвецца, што ў пакутах будуць паміраць? Мне падалося, быццам кожны вучань, што прысутнічаў у музеі, адчуў смутак па загінулых жыхарах Драмлёва. Уважліва слухалі школьнікі пра падзеі 11 верасня 1942 года. Пра лёс драмлёўцаў расказала Алена Паўлаўна Цыбуля, дачка першага краязнаўцы Жабінкаўшчыны Паўла Васільевіча Філіпука. Яна па кропельцы збірала матэрыял пра той час, пра падзеі на тэрыторыі нашага краю, пра жудасную трагедыю ў Драмлёве.
Каб карціна ва ўяўленні прысутных склалася больш уяўна і падрабязна, гаворка пра Вялікую Айчынную вайну на тэрыторыі нашага раёна працягнулася ў зале баявой славы. Школьнікі даведаліся пра лётчыкаў Жмаева і Фядзяя, пра партызанскі атрад імя М.Чарнака на Жабінкаўшчыне, пра дзейнасць падполля, пра вызваленне родных мясцін. “Галоўнае, гэтымі звесткамі вы разварушылі нашы душы, дакрануліся да самых сэрцаў”, — нібы саромеючыся, раптам сказала дзяўчынка, якая стаяла побач са мною. Гэтыя словы кранулі за жывое. Хочацца, каб сённяшняе пакаленне памятала пра тых, хто ўжо не вернецца ніколі, хто падарыў нам мір на Зямлі, пра нявінна загінулых. Разу-мею, што звесткі пра мінулае прайшлі праз дзіцячыя сэрцы. “Вялікі дзякуй вам, дзеці, за памяць, за павагу да мінулага. Вялікі дзякуй, настаўнікі, за выхаванне, за чулыя адносіны да гісторыі роднага краю. Вялікі дзякуй за тое, што ў гэты дзень вы завіталі да нас, каб разам дакрануцца да мінулага праз успаміны”, — кажу ім на развітанне. “Без мінулага не было б і нас”, — зноў адказвае ўсе тая ж дзяўчынка.
У мяне на душы спакой і задавальненне ад таго, што памяць жыве. Хочацца верыць, што ў кожнага з вучняў у сэрцы засталася нейкая кропелька незгасальнага цяпла і ўспамінаў пра мінулае…
Жанна ПАДРУБНАЯ, дырэктар Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top